«Складу комплекс практыкаванняў 23.34». Мінчанка на сутках арганізавала фітнес у камеры
12 верасня 30-гадовая фітнес-трэнер Кацярына Макарэвіч трапіла на Акрэсьціна. Яна распавяла HEALTH.TUT.BY, як за 12 сутак арганізавала «турэмныя трэніроўкі» і чаму вырашыла запісаць комплекс практыкаванняў «23.34».
«Крычала ў трубку, што мяне выкрадаюць»
12 верасня Каця была затрыманая на суботнім жаночым маршы. Шэсце дзяўчат завяршылася, мінчанка накіроўвалася да свайго аўто, размаўляючы з мужам па тэлефоне.
— З двара выехаў бусік — выбегла тры чалавекі ў аліўкавай форме, у балаклавах, — успамінае дзяўчына. — Яны мяне груба схапілі і пачалі запіхваць у гэты аўтобус. Да таго я шмат разоў спрабавала сабе ўявіць момант затрымання, заўсёды казала сабе, што не трэба супраціўляцца, лепш маўчаць, але ад нечаканасці зрабіла ўсё наадварот. Я крычала ў трубку, што мяне выкрадаюць. Гэта, дарэчы, дапамагло сваякам зразумець, што са мной адбылося.
Далей, распавядае Каця, усё было «як ва ўсіх»: адвезлі ў Першамайскі РУУС, далі падпісваць пратакол. Дзяўчына адмовілася.
— У пратаколе значылася, што я ішла ў арганізаванай калоне, выкрыквала лозунгі. Мне выдалі спіс маіх правоў, і я вельмі хацела імі скарыстацца, але ні выклікаць абаронцу, ні пісьмова выкласці сваю версію таго, што адбываецца мне так і не далі.
Чакала суда мінчанка на Акрэсціна. У панядзелак 14 верасня працэс праходзіў па відэасувязі. Толькі тады Каці дазволілі выклікаць адваката.
— Мы хацелі допыту сведкаў: мужа, з якім я казала ў момант затрымання па тэлефоне, сяброўку, з якой мы былі да гэтага ў кафэ. Суддзя дазволіў, слуханне перанеслі на дзень, з'явілася нейкая надзея, што ўсё вырашыцца. Але 15 верасня мне далі 12 сутак па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, хоць у панядзелак маім знаёмым па камеры давалі па 11 сутак. Я тады падумала: «Ну і варта было наогул займацца пошукам якіх-небудзь доказаў?»
Як Каця зладзіла «турэмны фітнес»
Першых два дні Каця абвыкала да новых «умоваў». Прызнаецца, што ёй пашанцавала: валанцёры перадалі набор на першыя суткі — туалетную паперу, сурвэткі, шчотку. А вось з самой камерай не вельмі: там было адчыненае акно.
— Вельмі холадна, і на нашы просьбы зачыніць акно мы чулі нецэнзурныя пагрозы. Складана аказалася прывыкнуць да камерных «водараў»: матрац і коўдра пахнуць дрэнна, хоць нібыта і выдаюць чыстую пасцельную бялізну. Калі мне перадалі плед, здавалася, што ўжо больш нічога і не трэба: на ім быў пах мамчынай парфумы, пах свабоды. Але самае цяжкае — гэта ўсё ж такі не ўмовы, да іх чалавек адаптуецца, а само абмежаванне волі.
На трэці дзень Каця зразумела, што яе выратуе толькі фізічная актыўнасць — яна стала выконваць комплекс базавых практыкаванняў, якія не патрабуюць ніякага інвентара. Спачатку гэта дапамагала сагрэцца.
— Пасля першай трэніроўкі фізічна і псіхалагічна стала адчуваць сябе лепш. Расцяжка зняла боль у спіне, які з'явіўся з-за стрэсу і скразняку. Я ледзь паварочвала галаву, але выдатна разумела, што меддапамогу ў такой сітуацыі мне не акажуць.
Заняткі спортам ператварыліся ў рытуал і дапамагалі зняць стрэс, эмацыйна разрадзіцца і забіць час. Пасля пад'ёму ў 6 раніцы Каця рабіла расцяжку, лежачы на ложку, да вечара — паўнавартасную гадзінную трэніроўку і комплекс на расцяжку, на працягу дня «гуляла» коламі па камеры. У дзень на спорт сыходзіла 2-3 гадзіны.
— У турме асабліва няма чым заняцца, таму спорт, душэўныя размовы і кнігі былі выратаваннем.
Некалькі заняткаў Каця правяла для сябе, а потым вырашыла, што можа рэалізаваць свой фітнес-праект і ў такіх умовах, дапамагаць іншым адчуваць сябе лепш. Дзяўчыны падлучаліся да трэніровак і ў камерах, і на курылцы: займаліся і са сваёй вагой, і выкарыстоўваючы даступны інвентар — койкі, лаўкі.
— Займаліся нават тыя, хто не робіць гэта ў звычайным жыцці. Толькі з планаваннем не атрымлівалася. Не ведаю, з чым гэта звязана, але за тыдзень на Акрэсціна я памяняла чатыры камеры, нас пастаянна пераводзілі. Мы дамовімся вечарам на трэніроўку, а потым нас расфармавалі па іншых камерах.
— А памыцца была магчымасць?
— Хто хацеў — мыўся ў ракавіне. Я чула, што ў Жодзіна (Кацю на некалькі дзён перавялі і туды — заўв. TUT.BY) кагосьці вадзілі ў душ, але мне за 12 сутак такога не прапаноўвалі.
Займацца фітнесам не забаранялі.
— Хіба што спрабавалі падкалоць. Аднойчы мне перадалі 3-літровую бутэльку з вадой, я яе выкарыстоўвала як уцяжарвальнік. Падчас трэніроўкі зайшоў супрацоўнік, адпусціў пару жартачак.
На развітанне Каця абмянялася кантактамі з сукамерніцамі. Многія дзякавалі за падтрымку, казалі, што суседства з фітнес-трэнерам ім пайшло на карысць.
— Я планую запісаць і выкласці ў адкрыты доступ комплекс практыкаванняў, які назаву «23.34»: хтосьці паглядзіць і будзе ведаць, якія практыкаванні са сваёй вагой можна выконваць у невялікай прасторы. Так я нават на адлегласці змагу дапамагчы людзям заставацца фізічна і псіхалагічна мацнейшымі.