«Мы ўключаем электрашокер, звязваем рукі і ногі назад і засоўваем кляп у глотку»
Алеся Талстыку затрымалі каля дома 14 кастрычніка. Ён прайшоў тыповы для сённяшняга беларуса шлях «з РУУС у Жодзіна» і расказвае, як гэта было: ад электрашокера на Акрэсціна да ўтрымання ў камеры для пажыццёва асуджаных у Жодзіна.
“Глядзі ў вакно — татку крадуць”
Алеся затрымалі 14 кастрычніка а 17-й гадзіне каля пад’езда дома, дзе ён жыве разам з сям’ёй.
“У мяне было пэўнае прадчуванне, — успамінае ён. — З дачкой развіталіся не так, як звычайна, потым на вуліцы праз цішыню пачуў, як рухаецца аўтамабіль. Гляджу — спыніўся ў канцы дома. І адразу ахапіла настальгія: так мяне затрымлівалі і па прадпрымальніцкім руху, і па справе Курапат. Зразумеў, што гэта па мяне. Набраў сына, кажу: “Сынок, глядзі ў вакно — тату крадуць”.
У Ленінскім РУУС Алеся Талстыку чакаў пратакол за ўдзел у акцыі 11 кастрычніка.
“Са мной размаўлялі высокія здаровыя мужчыны — дакладна не супрацоўнікі Ленінскага РУУС, — кажа Алесь. — Бо з усімі ленінскімі мы ведаем адзін аднаго: яны прыязджалі, калі мы збіраліся ў ланцугі салідарнасці на раёне, і нават папярэджвалі, калі прыязджаў АМАП. Таму я адмовіўся размаўляць з чалавекам, які не прадставіўся. Пакуль чакаў каля дзяжурнай часткі, запатрабаваў, каб адну дзяўчыну адпусцілі ў туалет, а другой — выклікалі хуткую, бо яна была пабітая — і гэта выканалі”.
У РУУС быў дзяжурны маёр — былы саслужывец Алеся. Ён папрасіў маладога супрацоўніка, які вез Алеся на Акрэсціна, не чапаць яго.
“У бусе я нават рызыкнуў папрасіць паслабіць кайданкі на правай руцэ — і мне не адмовілі, — успамінае ён. — Тыя хлопцы ў бусе ўсё пыталіся адзін у аднаго, хто колькі паспаў. Адказы былі — хто — тры гадзіны, хто — паўтары”.
“Маёр, вы нешта блытаеце”
Пры прыёме ў ІЧУ на Акрэсціна Алесю адмовілі ў медычнай дапамозе. Ён папярэдзіў, што ў яго высокі ціск, на што фельчар сказала: “Я не ўрач”. У камеры сядзела восем чалавек і стаяла спякота: вокны былі зачыненыя, нічога не праветрывалася. Крыху пазней затрыманыя дамагліся, каб адчынілі хаця б “кармушку”. Алесь адразу прынцыпова адмовіўся ад ежы.
“Раніцай нас з мацюгамі пачалі некуды пераводзіць, — успамінае ён. — Я адразу зрабіў заўвагу маёру. Сказаў: “Маёр, вы нешта блытаеце. Я адукаваны чалавек, і я вам нагадваю: я яшчэ нават не асуджаны, а часова затрыманы. А што будзе, калі я праз пяць хвілін вызвалюся?” І ён адразу сказаў адвесці мяне ў камеру. Потым аказалася, я прапусціў 17 хвілін палітінфармацыі. Хлопцы сказалі, што гэта была найлепшая калыханка”.
Суд адбыўся ў ІЧУ: на ім высветлілася, што на Алеся ёсць яшчэ адзін пратакол за другое верасня.
“Я пачытаў — і мне стала кепска, — кажа Алесь. — Хуткую мне не выклікалі, але лекарка аказала прафесійную дапамогу: гадзіны дзве чаравала нада мной і не выпускала. Калі мяне зноў прывялі ў камеру, хлапцоў ужо асудзілі, і хутка мне таксама далі 15 сутак па двух эпізодах. Я ўздыхнуў з палёгкай, бо ўжо налічыў сабе не менш за 25”.
“Мы ўжо не збіваем — у нас іншы шлях для гвалту”
Увечары Алеся перавялі ў ЦІП на Акрэсціна. У камеры былі адчыненыя вокны, а батарэі нятопленыя. На ложках не дошкі — метал. Людзям выдалі цюфякі і загадалі спаць у такім холадзе.
“Але хоць можна было дыхаць — не тое, што ў ІЧУ, — пасміхаецца Алесь. — На раніцу папярэдзілі, што нельга абапірацца, чытаць — мы чыталі і рагаталі. А потым нас зноў вывелі з хаты, і на выхадзе я заўважыў супрацоўніцу ЦІП, пра якую ўсе пісалі раней, — бландзінку Карыну. У мяне ўсплылі ўсе кадры, і я спытаў у яе: “А, гэта ты тая забойца, якая катавала нашых дзяцей, братоў і сясцёр?” Яна сагнула дубінку, пашапталася с капітанам, усіх загналі ў хату, а мяне праз тры хвіліны запрасілі “пагаварыць”. Мяне павялі на першы паверх і ў нейкім пераходзе сказалі: “Мы ўжо не забіваем і не збіваем, у нас іншы шлях для гвалту над вамі: мы ўключаем электрашокер, звязваем рукі і ногі назад і засоўваем кляп у глотку, каб вы маўчалі, заткнуліся і нават не стагналі”. Я ведаю, што гэта такое: дыяфрагма не працуе, ты задыхаешся, губляеш прытомнасць. Потым прыходзш у сябе, асэнсоўваеш і зноў губляеш прытомнасць”.
Магчыма, Алесь і перажыў усё гэта, але зараз не можа сказаць дакладна: ён страціў прытомнасць, а ачуняў ужо ва ўнутраным дворыку ЦІП, пра які шмат хто распавядаў яшчэ пасля жнівеньскіх затрыманняў.
“Я пачаў перажываць усё гэта на сабе, — кажа Алесь. — Пачаў прыглядацца да сцен і заўважыў, што праз свежую фарбу праступаюць напісаныя, верагодна, крывёю словы “Жыве Беларусь!” Напэўна, іх спрабавалі зафарбаваць для БТ ці для якой праверкі, але кроў проста так не адмыеш”.
У камеры сябры сказалі Алесю, што яго не было 2,5 гадзіны, і на гэты час увесь паверх вывелі папаліць.
“І па сёння ў мяне разадранае нёба, баляць зубы і сківіцы, — кажа Алесь. — Але ўспомніць, што адбылося, я не магу”.
“Прывялі ў камеру для пажыццёва зняволеных”
Потым Алеся этапавалі ў Жодзіна. Там на калідоры ўсім сказалі ўзяць рэчы і бегчы наперад. Абапірацца на сцяну — нельга. Калі спазняўся — білі па нагах.
“Самае цяжкае — лесвічныя праёмы, — успамінае ён. — Калі бяжыш па прыступках, кружыцца галава, а спыняцца нельга. Так з намі бег двухметровы хлопец, яму цяжка было ўпісацца, і ён рассек галаву — яго забрала хуткая”.
Потым Алеся чакаў сюрпрыз: яго завялі ў камеры, каторыя былі пабудаваныя для пажыццёва зняволеных.
“Металічныя дзверы, брудны стан, святло не выключаюць нават на ноч, вокны зашытыя металічнымі знічкамі, — так Талстыка апісвае ўмовы ў камеры. — Налічылі 3-4 віды тараканаў. Але аднойчы мяне пасадзілі ў карцар. Прызначылі старэйшым па камеры, а хлопец памыў свае адзідасаўскія красоўкі і ў пакецік наверх у кантэйнер паклаў. Яны сказалі, гэта беспарадак, і накіравалі старэйшага па камеры — мяне — у карцар. Там я сядзеў з псіхічна хворым чалавекам, ён крычаў і кідаўся на мяне. Я папрасіў прынесці кніжку, бо не вытрываю сам — прынеслі “Вядзьмара”.
Мужчына расказвае, што адносіны да арыштаваных залежылі ад змены: было і добрае стаўленне. Напрыклад, некаторыя перадавалі перадачы нават уначы, дазвалялі асцярожна паліць і нават частавалі цыгарэтамі і перадавалі шакалад для дзяўчат. Але ў той жа час, калі прывезлі людзей пасля нядзельнай акцыі, на іх ездзілі на калідоры, чытаючы рэп.
“Мы налічылі іх шмат — каля 400 чалавек, — успамінае Алесь. — Людзей тады прывозілі ўсю ноч. Дарэчы, арыентаваліся ў часе мы па цягніках: адзін з вязняў ведаў расклад чыгункі на Жодзіна”.
А адзін прапаршчык забараняў Алесю карыстацца беларускай мовай. Казаў, што пакуль ён не навучыцца размаўляць на нармальнай мове, ніхто яго тут не пачуе.
“Аднойчы мы пачалі крычаць у камеры “Лукашэнку ў аўтазак”, — усміхаецца Талстыка. — Пасля гэтага нам у камеру запусцілі газ. Мы пачалі задыхацца, цеклі слёзы і соплі — усё, як і апісваюць. Напэўна, гадзіны дзве адыходзілі, таму што потым ужо змянілася змена, і нам нават адчынілі кармушку, каб крыху праветрыць, і дазволілі паліць у “хаце”.
Апошняе выпрабаванне актывіста чакала ўжо на выхадзе: на парозе расцілаюць бел-чырвона-белы сцяг, ідуць самі — і ты павінен.
“Пра ўсе катаванні я ўжо напісаў заяву ў Следчы камітэт, — кажа Алесь. — Вядома, я мог бы з’ехаць у любы момант, але я ўжо пажыў, аб’ездзіў паўсвета, а цяпер за дзяцей гатовы да любых рэпрэсій”.
spring96.org