Людзі — расходнікі. Сутнасць Расіі ў адным фота

У вёсцы Куратава ў Рэспубліцы Комі днямі адкрылі мемарыяльную дошку. Нават адразу дзве — у гонар Сямёна і Аляксандра Тутрынавых. Самі таго не жадаючы, мясцовыя ўлады стварылі жахлівы сімвал пуцінскай Расіі.

Мемарыяльныя дошкі ў гонар Сямёна і Аляксандра Тутрынавых

Мемарыяльныя дошкі ў гонар Сямёна і Аляксандра Тутрынавых

На непрыкметную падзею ў маленькай (300 жыхароў) вёсачцы звярнуў увагу расійскі багаслоў і філосаф Андрэй Кураеў. Свой допіс з гэтай нагоды ён азагаловіў алегарычна: «Прынясіце мне, звяры, вашых дзетачак, я сёння іх за вячэрай з'ем».
Сямён Тутрынаў нарадзіўся ў 1981 годзе. У 2000 годзе пайшоў у войска. У студзені загінуў у Другой чачэнскай вайне.
Аляксандр Тутрынаў нарадзіўся ў 2001 годзе. У войска яго забралі ў 2019-м, потым ён працягнуў службу, падпісаўшы кантракт. У 2022 годзе памёр ад раненняў, атрыманых ва Украіне.
Аляксандр Тутрынаў — сын Сямёна Тутрынава. Адзін з іх пражыў 21 год, другі — 20. Абодва загінулі ў пуцінскіх войнах. Менавіта ў іх памяць на будынку школы ў Куратаве ўсталявалі мемарыяльныя шыльды.
Чаму пачалася вайна ва Украіне, мы добра ведаем. Памятаем анексію Крыма і развязаны Крамлём канфлікт у Данбасе. Летась у лютым адбылося поўнамаштабнае ўварванне расійскай акупацыйнай арміі ў суседнюю краіну. Ад той пары трываюць баі, канца якім не бачна. Ахвярамі гэтай вайны сталі дзясяткі (калі ўжо не сотні) тысяч людзей, у тым ліку мірных жыхароў і дзяцей. Пасільную дапамогу агрэсару ў гэтай вайне аказвае рэжым Лукашэнкі. Таго самага, які прагназаваў захоп Кіева за тры дні, а цяпер хваліцца, што ў Беларусь завязуць ядзерную зброю.
Пра Другую чачэнскую ў дэталях памятаюць не ўсе, бо прайшло больш за дваццаць гадоў. Пра яе казалі паліталагічным тэрмінам «маленькая пераможная вайна». Яна была распачатая ў 1999-м, калі эпоха Барыса Ельцына заканчвалася, а заяўлены яго пераемнікам Уладзімір Пуцін не ствараў уражання моцнага лідара. Крывавыя падзеі на Каўказе дапамаглі яму самасцвердзіцца і істотна падвысіць рэйтынг. За кошт гібелі дзясяткаў тысяч чалавек.


Адной з нагодаў вайны ў Чачні сталі выбухі жылых дамоў у Маскве, Валгадонску і Буйнакску, у якіх загінулі сотні людзей. У тэрактах абвінавацілі чачэнскіх вахабітаў. Але шэраг экспертаў і даследчыкаў лічыць, што за гэтымі злачынствамі стаіць ФСБ, якая такім чынам стварала «казус бэлі» для паўторнай вайны на поўдні РФ.
Што людзі для Пуціна — усяго толькі расходны матэрыял для дасягнення сумнеўных палітычных мэтаў, вядома даўно. Што чалавечае жыццё для яго не мае вартасці, ён добра паказаў у жніўні 2000-га, калі здарылася катастрофа з падлодкай «Курск». Больш за сотню падводнікаў яшчэ заставаліся ў жывых у субмарыне на дне Баранцава мора. Пуцін не ўзяў ніякага ўдзелу ў спробах іх ратавання — нават не перарваў свой адпачынак у Сочы — а потым з усмешкай сказаў пра падводную лодку, што «яна патанула».
На здымках з вёскі Куратава звяртаюць на сябе ўвагу не толькі ўласна мемарыяльныя дошкі з загінулымі маладымі людзьмі, якім бы жыць і жыць, але іх адправілі ваяваць за імперскія амбіцыі былога кадэбэшніка. На фота таксама прысутнічаюць мясцовыя чыноўнікі, якія не хаваюць бадзёрага настрою і якім, відаць, не пагражае мабілізацыя.

Падлеткі з аўтаматамі (ці муляжамі) і ў форме «Юнарміі»

Падлеткі з аўтаматамі (ці муляжамі) і ў форме «Юнарміі»

Побач з чыноўнікамі — падлеткі з аўтаматамі (ці муляжамі) і ў форме «Юнарміі».
«Юнармія» — усерасійскі дзіцяча-юнацкі грамадскі рух, створаны ў 2016 годзе. Іншымі словамі, пуцінюгенд. Ён пазіцыянуе сябе як «ваенна-патрыятычны» і з'яўляецца адным з галоўных механізмаў для мілітарызацыі, мабілізацыі і ваеннай падрыхтоўкі моладзі ў РФ. Пасля ўварвання Расіі ва Украіну, за прапаганду вайны рух уключаны ў санкцыйны спіс Еўрасаюза.
Эстэтычная цэласнасць гэтых фота якраз у прысутнасці падлеткаў — менавіта ім ваяваць у наступнай вайне, калі на тое ўзнікне патрэба ў расійскіх кіроўных элітах. Дэфіцыту жывой сілы ў Расіі яўна не прадбачыцца.
Здавалася б, што да таго Беларусі? У нас вайну амаль ніхто не падтрымлівае, амаль ніхто не рвецца ў ёй удзельнічаць на баку агрэсара, дый жыццё чалавека каштуе нашмат больш — прынамсі ў вачах грамадства. Але менавіта на збліжэнне з вось такой Расіяй Лукашэнка зараз імкліва вядзе краіну.
Прыкметаў «пуцінізацыі» Беларусі ўжо хапае ў сённяшняй рэчаіснасці. Тая ж мілітарызацыя дзяцей праз дзяржаўныя «ваенна-патрыятычныя» клубы. Тая ж праваенная істэрыка прапагандыстаў. Знішчэнне ўсяго нацыянальна арыентаванага. Рэпрэсіі за антываенную пазіцыю. І, уласна кажучы, непасрэдная дапамога РФ у захопніцкай вайне — дапамога тэрыторыяй, інфраструктурай, зброяй і г.д.
Толькі што яшчэ беларускія вайскоўцы не пайшлі ваяваць ва Украіну, але гэтага Лукашэнка вельмі баіцца. Не за іх баіцца, вядома, а за сваю ўладу, якая можа не вытрымаць новага абвастрэння пасля 2020-га. Зрэшты, пры цяперашняй залежнасці лукашэнкаўскага рэжыму ад расійскай падтрымкі Крэмль лёгка змог бы дамагчыся ад яго адпаведнага загада. Было б жаданне, як кажуць.
Фота komiinform.ru.