Людміла Івашына: Жыву толькі надзеяй — дачакацца

«Ніякага аптымізму ў мяне адносна «суда« няма, проста будзем чакаць, як чарговую горкую пігулку ад дзяржавы», — гаворыць маці палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына.

ivaszyn_dzjanis_1.jpg

«Дзяніс унутрана вельмі спакойны»

У Гомелі 13 ліпеня закрытым судом прыгаварылі да 8 гадоў турмы палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву. Яе абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Яшчэ аднаго журналіста-палітвязня, аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына чакае суд па такім жа артыкуле. 25 ліпеня будзе 500 дзён, як ён утрымліваецца за кратамі.
Мы паразмаўлялі з маці Дзяніса Людмілай Івашынай-Добінай пра тое, што яна думае наконт гэтага прысуду, чаго чакае ад суда над сынам, а таксама што ёй дае сілы перажываць расстанне з ім.
— Асаблівых навінаў няма, адзінае, адвакат мяне суцяшае, што Дзяніс унутрана вельмі спакойны. Я задавала адвакатцы пытанне, як ён змяніўся ўнутрана. Бо ўжо хутка 1,5 года як я яго не бачу і не чую. І яна мне адказвае, што ён вельмі станоўчы і вельмі спакойны. Ніякіх кепскіх зменаў яна не заўважае, — гаворыць маці палітвязня.
Яна распавядае, што справу Дзяніса перадалі ў суд, але калі ён адбудзецца — невядома.


Ліставанне з палітзняволеным можна назваць стабільным хіба ў тым сэнсе, што, як правіла, лісты яму і ад яго стабільна не даходзяць. Але бываюць і шчаслівыя выключэнні, як, напрыклад, 13 ліпеня, калі маці атрымала ад сына ліст, напісаны ім 30 чэрвеня.
— Наколькі я разумею, ліст прыйшоў толькі пасля таго, як я патэлефанавала начальніку турмы і задала яму пытанне: чаму, пакуль яго не было (ён быў у адпачынку), я ніводнага ліста не атрымала? І Дзяніс не атрымаў ніводнага ліста з чэрвеня. Начальнік сказаў, што разбярэцца. Таксама сёння (13 ліпеня. — НЧ) сыну перадалі пасылку, якую я адправіла тыдзень таму. Сёння паслала яшчэ адну. Мне пастаянна даводзіцца звяртацца да начальніка. Але, у прынцыпе, з ім склаліся адносна чалавечыя стасункі.

«Хлюпік там не выжыве, скандаліст — таксама»

Спадарыню Людмілу вельмі здзівіла і адначасова захапіла тое, што Дзяніс у зняволенні пачаў пісаць вершы.
— Ён папрасіў цэлую папку А-4, таму што ён увесь час нешта піша, нейкія працы.
Шчыра кажучы, я заўсёды ведала, што ў ім ёсць нейкі ўнутраны моцны стрыжань. Таму што Дзяніс, сапраўды, вельмі пазітыўны чалавек і вельмі крэпкі сваім характарам. Калі ён сказаў, што нечага даб'ецца, ён будзе ісці, разбіваць лоб — але дабівацца. Але я настолькі здзіўлена, што ён там столькі займаецца! Ён сістэматычна робіць фізічныя практыкаванні і ў лістах дае мне справаздачу свайго фізічнага стану. А тут яшчэ пачаў паэзіяй займацца. Я проста ганаруся сваім сынам! Шалёна сумую, шалёна люблю.


З улікам таго, у якіх умовах ён там жыве, з якімі людзьмі сустракаўся і жыве побач, я раблю выснову, што хлюпік там не выжыве. Скандаліст — таксама. Таму я мяркую, што ў такіх варунках чалавек мусіць узмужнець, устаць над сабой. І, са словаў адваката, — гэта мне як бальзам на раны: я думаю, што Дзяніс менавіта такі. Наколькі я ведаю, яго паважаюць і турэмныя супрацоўнікі, і сукамернікі.

«Дзяніс пастаянна быў побач — і раптам яго адарвалі»

— Часам ад бяссілля нешта змяніць хочацца выць. Трэба ж нешта рабіць — а што рабіць?.. Таму так складана…
Першыя месяцы было проста дзіка. Я проста вар'яцела, валасы на сабе рвала. Бо адарваць ад мяне маю крывінку, з якой мы развітваліся, ну, на тыдзень… Я ніводнага свайго дня народзінаў не памятаю без Дзяніса, ніводнага Новага года. Старэйшы сын у мяне даўно з'ехаў у Францыю і, слава Богу, у яго там усё выдатна, праца цудоўная. А Дзяніс пастаянна быў побач — і раптам узялі і адарвалі. І я да пэўнага моманту проста з'язджала з глузду. Я не памятаю, колькі часу прайшло з дня, калі яго схапілі — можа, тры месяцы, можа, чатыры. Адвакат, канешне, паведамляла яму пра мой ненармальны стан. І аднойчы яна прыходзіць і кажа: «Дзяніс прасіў вам перадаць, каб вы ўзялі сябе ў рукі. Таму што ён там жыве, уладкоўвае свой побыт. І калі вам будзе кепска, яму таксама будзе кепска, ён не зможа звыкнуцца са сваім становішчам». І, ведаеце, мне гэтыя яго словы настолькі дапамаглі ўзяць сябе ў рукі, і я цяпер жыву толькі надзеяй — дачакацца. Таму мы з Воленькай (жонкай Дзяніса. — НЧ), якая, на жаль, праз усе гэтыя падзеі цяпер не з намі (Вольга Івашына вымушаная была пакінуць Беларусь у лютым 2022 года. — НЧ), рабілі ўсё, што толькі можна. Але, на жаль, усё застаецца без зменаў.


Апроч жадання дачакацца ўва мне не памерла надзея на тое, што ў нас будзе цудоўная краіна, выдатнае кіраўніцтва, будуць праведзеныя рэформы, каб краіна развівалася ў нармальным кірунку, а таксама на тое, што ўсе несправядліва зняволеныя выйдуць на свабоду, а тыя, хто за ўсё гэта адказны, памяняюцца з імі месцамі.

«Я буду спадзявацца да апошняга свайго ўздыху»

— У Беларусі пакуль разварушыць нешта будзе вельмі складана, таму што вялікая колькасць людзей з'ехала, вялікая колькасць сядзіць у турмах. Тое, што Беларусь уцягнуць у вайну — яна і так уцягнутая. Ці пойдуць нашыя салдаты туды паміраць — 50х50. Але з улікам таго, якое Украіна цяпер мае ўзбраенне, можна спадзявацца, што перамога будзе не за Масквой. Дарэчы, і я, і адвакат здзіўленыя, але Дзяніс валодае інфармацыяй і часам нават распавядае больш, чым ведае адвакат. І, канешне, ён спадзяецца на тое, на што і мы ўсе — на мір.
А што будзе потым… Абяцаюць нам шмат, але будзем глядзець. Я буду спадзявацца да апошняга свайго ўздыху, што ў нас, нарэшце, нешта зменіцца, я абдыму свайго сына, нявестку, што мы ўсе будзем разам і ўсе годныя людзі выйдуць на волю. Мне здаецца, што ўжо бачнае святло ў канцы тунэлю.

«Нехта за гэты народ сядзіць, нехта з'ехаў, а народу — напляваць»

13 ліпеня вынеслі другі прысуд палітзняволенай журналістцы Кацярыне Андрэевай, якую, як і Дзяніса Івашына, абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве«. Кацярыне прысудзілі 8 гадоў зняволення з максімальных 15.
— Проста словы падабраць цяжка, каб выказаць свае абурэнне ўсім, што адбываецца. Каця — найвыдатны журналіст, яна цудоўна выконвала сваю працу, яна проста асвятляла тое, што адбываецца ў грамадстве. І за гэта чалавека саджаць у турму, пазбаўляць магчымасці быць з блізкімі, займацца любімай працай — могуць толькі нелюдзі. Людзьмі я іх назваць не магу, бо чалавек — гучыць годна. А гэта — нізасць, гэта выклікае агіду. Але, канешне ж, я спадзяюся, што ўсё гэта скончыцца, і Кацюша выйдзе, і іншыя хлопцы і дзяўчаты. Яны вінаватыя толькі ў тым, што даносілі праўду, што жылі ў гэтай краіне і заміналі ўладам.


Ад «суда» над Дзянісам мы нічога не чакаем, я ніколькі не сумняваюся, што яму напішуць 15 гадоў. Бо мне перадавалі, што грамадзянін следчы, таварыш Лаўранчук, казаў, маўляў, 15 гадоў — мала, каб была магчымасць, далі б больш. Таму ніякага аптымізму ў мяне адносна гэтага няма, проста будзем чакаць, як чарговую горкую пігулку ад дзяржавы. Але мы перажывем, нічога, мы моцныя, мы вытрымаем.
…Але што мяне сёння ўразіла: была ў цэнтры горада — гулянні, скокі. Нехта за гэты народ сядзіць, нехта з'ехаў, а народу — напляваць. Я ўвогуле ўжо развучылася нармальна смяяцца, ад душы. Напэўна, я не маю рацыю, бо жыццё працягваецца, чаму ўсе павінны чагосьці чакаць, як я? Але сёння ў мяне неяк душа сціснулася.
Што праўда, рэвалюцыю робяць 10-15% насельніцтва. Я думаю, што яны ўсе ў нас ёсць, пытанне толькі ў тым, як іх сабраць.
Падтрымайце журналіста лістамі, тэлеграмамі, пераводамі і пасылкамі: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.