«Я, магчыма, нарадзілася ў кашулі. Куля не была пранікальнай»
11 кастрычніка Вольга вярталася ноччу дадому ў раёне гандлёвага цэнтра
"Рыга" ў Мінску. Зараз жа яна амаль кожны дзень ходзіць у паліклініку на
перавязкі – у тую ноч яе параніла гумавай куляй. Жанчыне 36 гадоў, яна
працуе прадаўцом-кансультантам. "Вясне" яна распавяла сваю гісторыю
ананімна.
Вольга згадвае, што ў тую у ноч была чутная страляніна і «кудысьці рухацца было страшна». Таму яна дачакалася, калі стане ціха, каб працягнуць свой шлях дадому. Яна адзначае, што ў момант яе затрымання (прыкладна ў 00.40) было бязлюдна:
«Нічога не адбывалася, ніякіх ланцугоў салідарнасці альбо акцый. Як раптам да мяне падбеглі, нахілілі галаву, пасадзілі на парапет і пасля гэтага загрузілі ў мікрааўтобус. Затрыманнем гэта цяжка назваць, гэта больш падобна на выкраданне».
Вольга адзначае, што ў той момант знаходзілася ў шокавым стане і магчыма таму адразу не змагла зразумець, што ў яе трапіла гумавая куля — «проста нешта ўрэзалася ў нагу». Яна таксама не змагла разгледзець тых, хто яе затрымліваў. Але ў мікрааўтобусе, куды яе пасадзілі, Вольга ўбачыла людзей у чорнай вопратцы, у бронекамізэльках і чорных балаклавах.
«На мяне адразу пачалі крычаць, каб я аддала тэлефон, сказала пароль. Вельмі гучна, груба. Я дала тэлефон, сказала, што ў мяне няма пароля ніякага, што яны могуць усё паглядзець. Яны пачалі крычаць, каб я апусціла галаву. Глядзелі ў мой тэлефон. Нічога там не знайшлі і вярнулі яго. І потым загрузілі яшчэ траіх ці чацвярых мужчын, пры гэтым крычалі: "На калені, пысай у падлогу!”. І сілай іх прыціскалі. Потым павезлі Савецкае РУУС».
Аб тым, што гэта было менавіта Савецкае РУУС, Вольга здагадалася сама, так як міма яго кожны дзень ездзіць на працу.
«Калі мяне вывелі з мікрааўтобуса, адразу ж пачаліся такія незразумелыя выпады: "О, сімпатычненькую прывезлі. Хутка стала да сценкі! Красоўкі бела-чырвоныя? Што ты шляешся па начах?”. І крычалі зневажальныя рэчы. Абыходзіліся як быццам са смеццем нейкім. Калі ім не падабалася, як стаіць чалавек, яны маглі з унутранага боку ногі біць, каб чалавек ледзь не на шпагат садзіўся. Стаўленне жудаснае было».
У РУУС супрацоўнікі былі альбо ў балаклавах, альбо ў чорных масках, а хтосьці – у звычайнай медыцынскай масцы. І толькі адзін супрацоўнік быў без маскі і ў цывільным адзенні.
«Паводзіў ён сябе вельмі пахабна, як быццам ён начальнік ўсёй гэтай ўстановы», – адзначае Вольга.
Нага ў Вольгі пачынала балець. Гэта сталі заўважаць супрацоўнікі:
«Мужчына ў цывільным сказаў вельмі груба: "Паказвай, давай, нагу". А я штаны не магла падняць, і кажу: “Тут шмат мужчын, можа жанчыну запросіце, супрацоўніцу?”. Ён кажа: "Усё роўна, давай, здымай". Мне прыйшлося спусціць штаны і стаяць у адных трусах практычна пасярод актавай залы. Там на адным баку здымалі на відэакамеру затрыманых, а на другім — апытвалі іх, таксама было вельмі шмат было супрацоўнікаў, і іх гэта не саромела. Яны разгледзелі маю нагу і адвялі моўчкі мяне на крэсла. Праз хвілін 20 мяне вывелі ў хол, а там ужо чакалі медыкі. Яны сказалі, што шпіталізуюць мяне. На што супрацоўнік у цывільным пачаў казаць: "Вы можаце яе не катаць, яна ўсё роўна сюды вернецца"».
Лекары ўсё ж забралі Вольгу ў бальніцу. Разам з хуткай дапамогай, якая выязджала з чорнага ўваходу РУУС, паехаў і канвой.
У медыцынскай даведцы, якую Вользе выдалі ў прыёмным аддзяленні траўматалогіі, пазначана заключэнне: "Удар, падскурная гематома мяккіх тканін левай падкаленнай вобласці". Мінчанцы наклалі гіпсавую павязку. У нейкі момант да яе падышоў лекар і сказаў, што канвой з'ехаў.
«Пры мне не было рэчаў. Тэлефон, ключы ад кватэры — усё засталося ў РУУС. Я ўспомніла мабільны нумар сваёй начальніцы. Лекар патэлефанаваў ёй – і яна забрала мяне. Мы паехалі ў РУУС за маімі рэчамі. Гэта было пад раніцу, 12 кастрычніка. Я была ўжо ў гіпсе, ісці амаль не магла. Мая начальніца пайшла тэлефанаваць у РУУС. Яны спачатку не адчынялі, але тут прыехаў чыйсьці адвакат – і тады адкрылі дзверы. Супрацоўнік прынёс ліст А4 і папрасіў напісаць распіску, што я ўсе свае рэчы атрымала і па іх прэтэнзій не маю. Усе рэчы былі на месцы"»
Аж да моманту гэтай публікацыі Вольга кожны дзень (альбо праз дзень) ходзіць на перавязкі. Гіпсавую павязку на назе ўжо знялі, але гематома яшчэ не рассмакталася. Лекары сказалі Вользе, што наступствы для звязкаў і цягліц будуць даваць аб сабе ведаць яшчэ на працягу паўтары - двух месяцаў.
«Я, магчыма, нарадзілася ў кашулі. Куля не была пранікальнай, удар прыйшоўся над падкаленнай артэрыяй, не зачапіў яе. Калі б зачапіў, то, магчыма, не давезлі б...»
Фота зроблена Вольгай на трэці дзень пасля ранення
З дапамогай «Вясны» Вольга напісала заяву ў Следчы камітэт. Праверка, здаецца, ўжо пачата – 26 кастрычніка мінчанка сустракалася са следчым на месцы здарэння, каля гандлёвага цэнтра «Рыга», бо той праводзіў следчыя дзеянні.