«Я кожны дзень малюся за веліч Беларусі»
Алеся Чарняўская ў жніўні правяла трое сутак на Акрэсціна. Убачанае там да сёй пары адгукаецца ў ёй, але ў той жа час гэта стала вельмі моцнай матывацыяй дапамагаць іншым. Мы пагутарылі з Алесяй пра тое, чаму беларусам цяпер важна звяртацца да псіхолагаў, дзе браць сілы, каб жыць далей, і чаму мы абавязкова пераможам.
«Наступствы цяперашняй сітуацыі мы яшчэ ўбачым»
Алеся мае дзве вышэйшыя адукацыі — педагагічную і юрыдычную, і ўжо амаль 10 гадоў працуе ў грамадскім аб’яднанні. Яна курыруе спецыялістаў, якія непасрэдна працуюць з сем’ямі, што аказваюцца ў крызіснай сітуацыі. Менавіта гэты досвед дапамог ёй не толькі захаваць сябе ў сітуацыі стрэсу падчас знаходжання ў ізалятары ў самыя страшныя паслявыбарчыя дні, але і дапамагаць іншым.
— Мне самой спатрэбілася дапамога, і мой стан, калі я цяпер кажу, што мне добра, — гэта вынік досыць доўгай і складанай працы з псіхатэрапеўтам, падтрымка сям’і і людзей, з якімі я працую і якія спрыялі, каб гэтыя наступствы, што ў такіх умовах натуральна з’явяцца ў кожнага чалавека, былі мінімізаваныя, — прызнаецца суразмоўца.
Алеся Чарняўская заклікае беларусаў не кідаць на самацёк свой псіхалагічны стан і звяртацца па прафесійную дапамогу. Яна тлумачыць: наступствы бываюць як у людзей, якія сталі ахвярамі гвалту, так і ў тых, хто назіраў гвалт. І яшчэ не вядома, для каго яны акажуцца цяжэйшымі, бо наступствы шокавай траўмы звыкла праяўляюцца па сыходу шасці месяцаў.
— Я вылоўліваю наступствы ў сябе і цяпер, хаця тыя тры дні прайшлі для мяне, па маім адчуванні, мінімальна траўматычна, — зазначае Алеся.
Некалькі тыдняў таму яна зразумела, што проста нічога не можа рабіць, — яе ахапіла апатыя. Калі з гэтым не працаваць, наступным этапам можа стаць дэпрэсія, і ў чалавека перастануць з’яўляцца сілы на самыя звычайныя рэчы, такія, як, напрыклад, гігіена.
— Так можа дайсці да суіцыдаў. На жаль, наступствы цяперашняй сітуацыі мы яшчэ ўбачым.
Цяпер ёсць шмат спецыялізаваных груп, матэрыялаў, якія можна вывучаць. Можна працаваць з псіхолагам не толькі ўжывую, але і праз месенджары, далучацца да вебінараў, глядзець відэаролікі.
«У аўтазаку ляжаў скарыстаны прэзерватыў»
10 жніўня Алеся пайшла да Цэнтральнага РУУС Мінска, каб падтрымаць сваю сяброўку Крысціну Вітушка, у якой затрымалі непаўнагадовага сына. Там ужо стаялі людзі, якія не маглі знайсці сваіх блізкіх.
— Я ўбачыла, што некаторым патрэбны быў хтосьці, каб проста выгаварыцца. Было ўсё настолькі ціха, карэктна, у межах закона, што нават аўтазакі, якія ўвесь час пад’язджалі да РУУСа, упісваліся ў карціну: яны робяць сваю справу, мы — сваю, дапамагаем тым, хто там сабраўся. Таму я зусім не думала, што нас затрымаюць.
Але ў нейкі момант усіх, хто стаяў ля РУУСа, акружылі людзі ў чорным і правялі ў аўтазак.
— Як юрыст, я ведаю, што супраціўленне караецца па законе, таму я проста ўзняла рукі ўгару і крычала, што іду сама і не супраціўляюся, — узгадвае суразмоўца.
Яна прызнаецца: было адчуванне, што ўсё гэта — нерэальнае. У аўтазаку Алеся села на падлогу, бо месца на лавах ужо не было. Паспрабавала патэлефанаваць мужу і паведаміць, што яе затрымалі, але, як пасля даведалася, званок не прайшоў, бо былі праблемы з сувяззю. Супрацоўнікі, якія затрымлівалі людзей, былі дастаткова ветлівымі, размаўлялі з затрыманымі, казалі, каб тыя не турбаваліся: іх 20 хвілін павозяць і выпусцяць.
— Я з’ела батончык, сядзела, разглядала, што ў мяне па баках. Пакуль усе плакалі, я была досыць аптымістычная, бо базавыя патрэбы былі задаволеныя. Толькі праз тыдзень ці два ў галаве ўсплыло: я сяджу ў тарцы аўтазака на падлозе, злева ад мяне — сцягам Еўрасаюза нешта груба прывязана, дзверы ці што, а справа ляжаў скарыстаны прэзерватыў. Тады я проста здзівілася, для чаго ён, і толькі пасля, калі стала з’яўляцца інфармацыя пра пагрозы згвалтаваннем, я зразумела, што ён там рабіў.
Калі затрыманых перасаджвалі ў іншы аўтазак, ужо была агрэсія з боку сілавікоў, прымусовая здача мабільных тэлефонаў. Адной з жанчын там стала дрэнна, і Алеся ўсю дарогу да Акрэсціна спрабавала вяртаць яе да прытомнасці.
«Абсалютны жах, пачуццё адчаю і роспачы — гэта калі пачыналіся крыкі»
— Я дакладна ведала, што нас прывезлі на Акрэсціна. У свой час я працавала ў інстытуце крыміналогіі і крыміналістыкі, і па працы была ў тым ліку і на Акрэсціна. Але тады я была там як даследчык, а тут аказалася зусім у іншай ролі.
Алеся згадвае, што ёй было проста, бо, па-першае, яна была ўпэўненая, што муж ведае пра яе месцазнаходжанне, па-другое, ведала сваю місію: яна — чалавек, які дапамагае іншым. Пагатоў, побач былі жанчыны, у якіх былі праблемы са здароўем, ці іх блізкія сядзелі ў суседніх камерах. Таму Алеся ўвесь час імкнулася падтрымліваць суседак і разраджаць абстаноўку.
— Была жанчына, якая ўсе тры дні прасядзела моўчкі. За яе я больш за ўсіх хвалююся. Бо я ўвесь час рабіла зарадку, размаўляла, усміхалася — давала працы свайму адрэналіну і картызолу, не замыкала сваю фізіялогію. А шмат людзей, якія былі ў камеры, проста замёрлі. І я разумела, што фізіялагічныя рэчы проста руйнуюць іх у гэты момант.
Нават простая ўсмешка, узгадвае Алеся, была паратункам для 36 чалавек у 4-меснай камеры, дзе яны сядзелі без пітной вады, ежы і ў духаце. Таксама Алеся змагалася з выкарыстаннем матаў і слэнгу — людзі, якія выходзяць з сутак, вельмі часта звяртаюцца да такога маўлення. Алеся тлумачыць: гэта псіхалагічны момант, калі людзі пачынаюць атаясамліваць сябе з турэмным асяроддзем — і такім чынам зняволенне пранікае ў чалавека. А ў тых умовах вельмі важна захаваць сваю ўнутраную чысціню і чалавечнасць.
— Для мяне яшчэ быў важны момант: я вырашыла, што ўвесь час буду размаўляць толькі па-беларуску.
Праўда, дапамагаючы жанчыне, якой фізічна цяжка было ісці (а зняволеных прымушалі бегчы), Алеся атрымала ўдар па карку са словамі: «Зараз ты любую мову забудзеш, не толькі беларускую».
Самыя складаныя моманты тых дзён, дакладней, начэй, адбываліся, калі на тэрыторыю ізалятара пачыналі ехаць аўтазакі. Камера, у якой сядзела суразмоўца, знаходзілася на другім паверсе, і вакно выходзіла акурат на ўезд.
— Мы ўвесь час чулі, як яны заязджалі, і як супрацоўнікі казалі: «Яшчэ? Куды? Няма куды ўжо!» Абсалютны жах, пачуццё адчаю і роспачы — гэта калі пачыналіся крыкі болю, пакутаў, крыкі мужчын: «Мама!». Тады мы з Крысцінай проста пачыналі маліцца. Прычым нічога, апроч «Ойча наш», я не магла казаць у той сітуацыі. Гэта быў такі жах, што заставаліся толькі базавыя рэчы. Я шмат з чым справілася, але гэты момант я пакуль не перажыла. Як і момант, калі 9 жніўня каля выбарчага ўчастка побач са мной брутальна паклалі на зямлю дзядулю, які быў з унукам, і гэта 3–4-гадовае дзіця проста крычала.
Саша
У адной камеры з Алесяй сядзела дзяўчына-сірата Саша Патрасаева, якая з сярэдзіны кастрычніка знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарскага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. 14 лістапада яна сустрэла свой 21-шы дзень нараджэння. Алеся гаворыць, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія падкінула Сашы жыццё, яна засталася чалавекам з вельмі дакладна акрэсленай сістэмай каардынатаў: калі яна нешта лічыць праўдай — яна будзе змагацца за гэта да канца.
— Гэта чалавечак, які прыйшоў да нас у камеру з пашкоджанай нагой. Такое маленькае, крыху зацкаванае ваўчаня. У камеры было вельмі горача, хто мог — распранаўся. Саша праседзела ўсе трое сутак, не зняўшы ні красовак, ні чорнай байкі, ні чорных штаноў.
У ізалятары Сашы не аказвалі медычную дапамогу, далі толькі но-шпу. Пазней Алеся дапамагла Сашы атрымаць дапамогу ў бальніцы. Але потым ад усіх людзей, якія спрабавалі яе падтрымаць, Саша сыходзіла, проста абрывала кантакты. Гэта праява псіхалагічнай траўмы з папярэдняга сіроцкага жыцця яшчэ да Акрэсціна.
У той жа час, па словах Алесі, Саша — чалавек, адкрыты для дапамогі, і каб падтрымаць яе, вы можаце даслаць ёй ліст.
«Люстрацыю трэба вельмі добра прадумваць»
Алеся Чарняўская, разважаючы пра жорсткасць сілавікоў і супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы, з якой шараговыя беларусы сутыкнуліся цягам апошніх месяцаў, заўважае, што яна была заўсёды. І людзей можна так «апрацаваць», каб нават у звычайных грамадзянах яны бачылі злачынцаў і ставіліся да іх адпаведна.
— Гэта адзін з улюбёных прыкладаў майго мужа наконт фашысцкай Германіі. Калі людзі, якія жылі ў 30–40 кіламетрах ад канцлагераў, не ведалі, што там, і лічылі, нібы пакаранні адбываюць тыя, каму гэта належыць.
Алеся прыгадвае, што людзі, якія прымалі вязняў на Акрэсціна, пераважна маладыя, да 30 гадоў. Яны выгадаваныя ў гэтай сістэме.
— Яны знаходзяцца ў такіх умовах, дзе без належнай дапамогі ты вельмі хутка становішся монстрам, нават не заўважаючы гэтага. Яны проста адчулі, што ім можна рабіць усё.
Калі Алеся забірала рэчы з Акрэсціна, адзін з супрацоўнікаў сказаў: «Цяпер вы разумееце, як сябе паводзіць, каб сюды не трапіць?» Суразмоўца прызнаецца, што пасля гэтых словаў у яе проста «сарвала дах». Яна выказала гэтаму супрацоўніку і курсанту, які быў побач з ім, што яна не хоча нічога разумець, бо тое, што адбылося, — гэта злачынна.
Агулам сярод супрацоўнікаў ізалятара спагадлівых не было, гаворыць Алеся. Была адна наглядчыца, у якой быў «пункцік» на мажных жанчынах і жанчынах сталага веку — да іх яна ставілася асабліва жорстка. На думку Алесі, праз жорсткасць гэтыя людзі спрабуюць самасцвердзіцца.
— Гэта людзі без маральных арыенціраў і каштоўнасцяў, у іх няма стопараў — чаго нельга рабіць ні ў якім разе. Пра тое, што будзе з імі, калі сітуацыя зменіцца, трэба моцна разважаць. Люстрацыю трэба вельмі добра прадумваць.
Каб выпрацаваўся механізм, трэба, каб былі заявы
Так выглядалі красоўкі Алесі пасля яе выхаду з Акрэсціна. Фота з асабістага архіва Алесі Чарняўскай
Алеся правяла ў ізалятары трое сутак, пасля чаго яе выпусцілі без усялякіх судоў і пратаколаў. Толькі праз два месяцы яна атрымала ліст з суда Партызанскага раёна, у якім было напісана, што на яе паступіў пратакол, але ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў працэс супраць яе не адбудзецца. З цікаўнасці жанчына пайшла ў суд, каб пазнаёміцца з матэрыяламі справы.
— У пратаколе адзінай праўдзівай інфармацыяй былі мае імя, прозвішча і год нараджэння. Высветлілася, што мяне затрымалі 11 жніўня ў 0.30 зусім у іншым месцы за тое, што я выкрыквала лозунгі: «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязням!», «Ганьба!» і гэтак далей. Нібыта пасля затрымання мяне даставілі ў Партызанскі РУУС, дзе два міліцыянты сведчылі пра гэта, а трэці складаў пратакол (які пры гэтым быў складзены 10 жніўня). Зразумела, што майго подпісу ў пратаколе няма, бо я нібыта адмовілася яго падпісваць. Але больш за ўсё мяне «парадавала», што я працую электраманцёрам у дакладна існуючай фірме. Я прабіла па інтэрнэце — яна робіць шмат добрых, цікавых і карысных рэчаў, — усміхаецца суразмоўца.
Алесі было важна, каб сам факт адміністрацыйнага працэсу супраць яе быў абскарджаны, таму яна звярнулася са скаргай у Мінгарсуд. Адтуль ёй прыйшоў адказ, што мінуў час, і Мінгарсуд не можа ўмешвацца ў высвятленне праўдзівасці доказаў, пададзеных у пратаколе.
Жанчына гаворыць, што не верыць у беларускае «правасуддзе». Але перакананая, што для таго, каб выпрацаваўся механізм абскарджвання, трэба, каб былі заявы. Таму, апроч Мінгарсуда, Алеся напісала заяву ў пракуратуру Мінска. Адтуль яна атрымала адказ, што заява накіраваная ў Следчы камітэт і далучаная да матэрыялаў праверкі. Таксама скаргу жанчыны на ўмовы ўтрымання накіравалі ў ЦІП на Акрэсціна.
— Я падаю скаргі і буду іх падаваць, бо, нават атрымліваючы адмовы, я разумею, што сістэма хаця б крыху, але працуе.
У той жа час Алеся гаворыць, што, падаючы скаргі, разумее рызыку беларускіх рэалій самой стаць фігуранткай крымінальнай справы. Але яе рацыя для Алесі вельмі празрыстая і зразумелая.
— Гэта мая грамадзянская адказнасць — імкнуцца паказаць сістэме, што яна не мае рацыі.
Калі спынішся, ты ўжо не будзеш чалавекам
— Жыццё да 9 жніўня было звычайным: праца-дом-сям’я. Цяпер кожны вечар — гэта нейкі варушняк: сустрэчы з людзьмі, каб паразмаўляць з імі па-беларуску, размовы з тымі, каму трэба выгаварыцца, дапамога ў побытавых рэчах. Цяпер валанцёрства стала значна больш, — апісвае Алеся змены ў сваім жыцці.
На пытанне, дзе яна бярэ рэсурс на дапамогу іншым, суразмоўца адказвае: з сям’і, якая яе падтрымлівае, а таксама ад людзей, з якімі даводзіцца сустракацца.
— Мяне цікавяць гісторыі людзей. І я разумею, што дзеля іх я не спынюся.
Абапіраючыся на свой досвед, Алеся сфармулявала парады, якія могуць дапамагчы беларусам перажыць цяперашні крызісны стан і захаваць унутраную раўнавагу.
— Не думаць пра «хутчэй». Змены адбудуцца ў любым выпадку, гэта бясспрэчна. І гэта ўжо момант, які вельмі моцна падтрымлівае, — калі не ставіш пад сумнеў, што праўда будзе на тым баку, на якім павінна быць. Уводзіць у сваё жыццё рэчы, якія ты можаш кантраляваць: што ўстаеш у пэўны час, можаш рабіць зарадку, з’есці пэўную страву. Яшчэ адна рэч — прыбіранне таксічных людзей са свайго асяроддзя ці мінімізацыя кантактаў з імі, бо гэта вельмі моцна забірае энергію і сілы, якія цяпер вельмі патрэбныя. І, канешне, рэлігія і вера — для мяне гэта вельмі моцны момант, які нясе падтрымку.
Нягледзячы на стомленасць людзей, пратэст будзе працягвацца, перакананая Алеся Чарняўская. Бо ў грамадстве настолькі парушаныя базавыя рэчы, што, калі спынішся, ты ўжо не будзеш чалавекам.
— Маё ўнутранае аптымістычнае «я» кажа, што мы будзем велічнай краінай. І я кожны дзень за гэта малюся — за веліч незалежнай, самастойнай Беларусі.
Алеся прызнаецца, што яе больш турбуе пытанне, не што рабіць з сілавымі структурамі пасля перамогі пратэсту, а што рабіць з сістэмай адукацыі. Бо, фактычна, тое, што мы маем цяпер, — гэта заслуга многіх настаўнікаў і прадстаўнікоў школьных адміністрацый, якія год ад году ўваходзілі ў выбарчыя камісіі.
— Тое, што цяпер адбываецца ў школах, як выжываюць добрых настаўнікаў і прэсуюць дзяцей, — гэта сур’ёзна. У мясцовых чатах бацькі пішуць, што на дзецях адыгрываюцца вельмі моцна.
Таксама надзвычай важна, каб людзей аб’ядноўвала новая дакладна акрэсленая ідэя пасля перамогі, калі трэба будзе праходзіць праз трансфармацыйныя выпрабаванні, каб пабудаваць вольную краіну.