«…Суткі патрабавалі «хуткую дапамогу» для дзяўчын з пераломамі ног»

Алесю Чарняўскую затрымалі 10 жніўня каля галоўнага ўваходу ў Цэнтральны РУУС. Пра ўсе катаванні, сведкам якіх яна стала, пра сваё затрыманне і ўмовы ўтрымання Алеся напісала ў заяве на імя старшыні назіральнага Сойма праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт».

195857_0.jpg

Мы вырашылі пакінуць яе амаль без купюр:

"Я, Алеся Чарняўская, была затрымана 10 жніўня ў 22.38 каля галоўнага ўваходу ў Цэнтральны РУУС Мінска (панядзелак, наступны дзень пасля выбараў прэзідэнта). Прыехала я туды каб дапамагчы Крысціне Вітушка, якая даведалася, што яе 16-гадовага сына затрымалі каля 8 гадзіны ўвечары на вул. Чарвякова ў Мінску і вязуць у гэты РУУС.

Каля РУУС было спакойна, падыходзілі бацькі, якія шукалі сваіх непаўналетніх ці дарослых дзяцей, жонкі, якія шукалі сваіх мужэй. Усе плакалі, былі ў разгубленасці — што рабіць, куды ехаць і дзе іх шукаць. Праўда цішыню парушалі машыны, якія ехалі ўздоўж вул. Арлоўская, і сігналілі няспынна.

Людзі, падышоўшыя да РУУС, вельмі патрабавалі вады, бо ў шмат каго з іх былі істэрыкі, неабходныя былі ручкі і папера, каб пісаць заявы. Заявы аб знікненні людзей прыймалі ў РУУСе, але не рэгістравалі. На ўсе пытанні аб рэгістрацыі людзі атрымлівалі адказ, што «сёння не рэгіструем».

Вітушкі напісалі заяву аб знікненні іх сына і засталіся ля РУУС, і я таксама, бо людзі патрабавалі дапамогі і падтрымкі. Аўтазакі пад’язджалі да РУУС, заязджалі ўнутр, усе разумелі, што, каб убачыць родных, трэба паводзіць сябе ціха і спакойна.

Нечакана пад’ехаў аутазак, які не заехаў унутр, а спыніўся недалека ад галоўнага ўваходу ў РУУС, з яго выйшлі людзі ў чорным у поўнай амуніцыі і чорных масках. Ніхто з прысутных нават не спрабаваў збегчы ці ўцячы, бо ніхто з іх не парушаў закон, а проста шукаў сваіх родных. Людзі ў чорным акружылі тых, хто стаяў каля РУУС і правялі ў аутазак. Абыходзіліся з намі без агрэсіі, нават казалі, што «павозім вас хвілін 20 і пасля выпусцім», размаўлялі з людзьмі ў аутазаку, супакайвалі іх. Лавы ў аўтазаку стаялі ўздоўж сцен, і ўсе бацькі мелі мажлівасць сядзець побач, абдымаць адзін аднаго і супакойваць.

Але ў выніку прывёз аўтазак нас да Стэлы, дзе ўжо брутальна нас падзялілі на жанчын (сярод якіх былі і непаўналетнія) і мужчын. Калі не памыляюся, ужо тут пачаўся першы гвалт у дачыненні да мужчын. Усіх падзялілі па 2-4 чалавекі і перасадзілі ў іншы аўтазак, дзе ў «стакан», разлічаны на 1 чалавека, запіхвалі па 2-3. Усе здалі мабільныя тэлефоны проста ў драўляную скрыню (высветліць лёс гэтых тэлефонаў пасля так і не атрымалася — супрацоўнікі ЦІП сказалі пасля, што яны згублены на заўсёды, бо гэта тысячы штук). Я была змешчана разам з 2-ма не маладымі жанчынамі ў «стакан». Адна з іх адчувала сябе блага і губляла прытомнасць, ёй не хапала паветра. На ўсе мае патрабаванні дапамагчы ёй, хаця б адчыніць дзверы, ніхто не рэагаваў. Толькі калі мы прыехалі на Акрэсціна і чакалі сваёй чаргі, каб людзі выйшлі, адзін з супрацоўнікаў аўтазака дазволіў (насуперак усім астатнім) адчыніць дзверы. На жаль, гэта была апошняя за наступныя дні праява літасці да затрыманых.

Нас усіх брутальна, з крыкамі «хутчэй!» пагналі ўнутр будынку на Акрэсціна. Мае спробы дапамагчы жанчыне, якая ледзь ішла, выклікалі агрэсію з матамі і досыць моцныя штуршкі ў спіну.

Нас (калі 8-10 жанчын) увялі ў памяшканне, дзе прымусілі стаць тварам да сцяцы, апусціць галовы ўніз і з пагрозай гвалту не размаўляць, ні паварочваць галову ўбок ці куды-небудзь. Мат і персанальныя абразы, пачаўшыся з уваходу, суправаджаў мяне і астатніх жанчын ўсе гэтыя дні на Акрэсціна кругласуткава.

Прыйшлі 2 жанчыны, якія апыталі прозвішчы і даныя (год нараджэння, месца жыхарства) — гэтыя даныя прыйдзецца сказаць яшчэ пад роспіс, як мінімум яшчэ 4 разы, далі мяхі для смецця і загадалі ўсё пакласці каштоўнае ў іх. Мяхі падпісалі — забягаючы наперад, пры выхадзе а 4.30 раніцы назад мы іх не атрымалі, бо сказалі, што знайсці іх няма мажлівасці.

Далей нас правялі ў пакой, дзе пад неперастанныя крыкі «хутчэй!», мат, падштурхоўванне ўсе жанчыны распраналіся дагала, прысядалі. Ва ўсіх забіралі гумкі для валос, станікі з костачкамі, у некторых нават адрывалі пракладкі, каб праверыць ці не схавалі яны чаго там. Я дарослы чалавек і адмовілася рабіць усё хутка, за што адразу атрымала ўдар нагой ззаду. Асабліва жорстка сябе паводзіла адна з супрацоўніц — маладая бландзінка гадоў 25-28. Яна з асаблівай жорсткасцю адносілася да жанчын у веку, адабраўшы ў адной штучную грудзь і хустачку, якой яна прамаківала загайваючуюся рану.

Далей было стаянне ў калідоры, за рукамі за спіной, з апушчанымі галовамі. Побач былі распранутыя голыя мужчыны на каленях. Непаўналетняя была затрымана разам з бацькамі, таму не ведаю, як ёй было бачыць свайго бацьку ў такім выглядзе. Мужчын голымі, сагнуўшыся, прымусілі бегчы па калідоры на другі паверх у камеру. Сярод іх усе былі не малодзенькімі хлопчыкамі, а ва узросце ад 40 і вышэй. Мы цэлымі днямі пасля чулі гэтыя гукі босых ног па калідоры. Але, як пасля я зразумела, гэта было яшчэ вельмі па-»чалавечы», бо з наступнымі ўжо ніхто так не цырымоніўся — іх білі, і пакідалі ляжаць на падлозе тварам на працягу ночы, і не толькі.

16ab9b2012f82bf951eb173408141d73.jpg


Нас таксма правялі ў камеру. Памяшканне 3,5 на 4,5 з 2-мя двухяруснымі ложкамі, матрасамі і коўдрамі, закрытай прыбіральняй. Было вельмі душна. Вада — толькі з-пад крана. На шчасце, у нас была папера для прыбіральні (іншым дзяўчынам і яе не дасталося, як мы пазней даведаліся). Мы размясціліся, як маглі. Хто плакаў ад перажытага і нявер’я, што гэта можа быць у Беларусі, хто успрымаў досыць спакойна. Але за кароткія 2,5 дня, амаль кожны не вытрымаў і даў волю слёзам.

Ноч пачалася з падсялення новых і новых жанчын. Усе былі маладыя, ва ўзросце 20-25 гадоў. У кожнай свая гісторыя — хто жыве каля Стэлы і ў хатняй вопратцы выйшаў пакарміць коцікаў на вуліцы, хто ішоў у цэнтры Мінска з мужам ці хлопцам, і іх забралі ў аўтазак амапаўцы, каго выцягнулі брутальна з машыны, зламаўшы тэлефон і ключы ад машыны. Агулам нас набралося 21 чалавек. Пасля наша колькасць на гэтыя метры даходзіла нават да 53 чалавек.

Сярод нас была і дзяўчына Саша — сірата, ёй 20 гадоў, выхоўвалася ў інтэрнаце ў маленькім гарадку. Бацькі памерлі, калі ёй было 9 гадоў. Яе збілі пры затрыманні (хто затрымліваў цяжка сказаць, але яна бачыла расійскі сцяг на нашыўках).

Першая і наступная ноч прайшлі страшна — заязджалі бесперастанку аўтазакі на тэрыторыю Акрэсціна. Было чуваць, як выводзілі людзей, білі, мужчыны жудасна крычалі, у тым ліку «мама», стагналі. Ужо падвозіўшы пасля вызвалянне мужчын да хаты некаторыя з іх распавялі, як супрацоўнікі ЦІП мылі ранкам блую сцену агароджы ад крыві…

200095600821_12452_576x1024.jpg


Мы з Крысцінай, калі чулі гэтыя крыкі, пачыналі маліцца, бо проста зрывала дах, і малітва была адзіным спосабам стрымацца, каб не пачаць выць. Некаторыя закрывалі вушы і плакалі, бо ведалі, што іх сыны дзесьці ў такой жа сітуацыі.

Да нас бесперастанку прыводзілі і выводзілі жанчын з іншых камер, наноў дастаўленых. Кожная гісторыя была страшнейшая за папярэднюю, але самае жахлівае, што шмат з іх вымушаны былі правесці ноч у памяшканні з кратамі замест столі (фактычна на вуліцы), проста на ледзяной падлозе з пліткі. Ім казалі — вас шмат, надыхаеце. Дзяўчын у параўнанні з хлопцамі, моцна не білі — сінякі, выцятыя месцы ў асноўным былі падчас затрымання і афармлення на Акрэсціна.

Заўсёды ўсё трэба было рабіць хутка — выходзіць і строіцца ля сцяны на праверку. У выніку шмат хто не паспяваў абуцца і больш за гадзіну з босымі нагамі стаяў на плітцы. Тых, хто пераходзіў у іншую камеру ці этапіраваўся ў іншую ўстанову, з-за гэтага забывалі свае рэчы — бялізну, шкарпэткі, лінзы з ёмістасцю для іх захоўвання і гэтак далей.

Усіх нас выводзілі на калідор, каб яшчэ раз нас перапісаць, сфатаграфаваць, праслухаць нашу гісторыю зноў. Яшчэ раз запісаць на паперку, прапанаваць распавесці пра тых, хто быў на барыкадах і паехаць адразу дамоў. Адна з груп жанчын, іх было 33, распавялі: ім паабяцалі, што, калі яны падпішуць пратакол і згдзяцца з усім, што там напісана, то суд будзе лаяльным, і яны паедуць дамоў. Але па выніку ім далі ад 7 да 15 сутак, і дадому, зразумела, ніхто не паехаў.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы


Медыцынская дапамога была выклікам, бо за намі ў камеры сядзеў чалавек з інсуліназалежнай формай дыябету. Прышлося ўпрошваць даць глюкометр і інсулін. Адказ быў проста — вам навошта, вы ўсёроўна есці тут не будзеце, значыць, і інсулін не патрэбны. Дзяўчыны-лекары, якія таксама былі затрыманыя, распавялі, што яны суткі патрабавалі «хуткую дапамогу» для дзяўчын з пераломамі ног. У выніку дзяўчыне Сашы мы дамагліся толькі выкліка мясцовага фельшэра і таблетку ношпы ад болю. Пра «хуткую» ніхто нават не заікнуўся — у гэты час ісці яна сама ўжо не магла ад болю…

Вада з-пад крана, адсутнасць ежы. Праўда, сняданне ў сераду амаль на 3-я суткі мы мелі з 8 буханкамі хлеба, якія мы пасля скармілі тым, каго прыводзілі у камеру таксама на 2 і 3 суткі голаду.

Папера для прыбіральні хутка заканчвалася, таму вымушаны былі перайсці на падмыванне халоднай вадой. Ніякіх гігіенічных сродкаў, іх не проста не было, пра іх нават і пытацца было страшна.

У адну з начэй з кожнай камеры выводзілі затрыманых, у якіх была раней судзімасць (каля -2-3 чалавек з кожнай з 40-50 у камеры), рабілі відэаздымку, прымушалі казаць, па якім артыкуле сядзелі, і гэтак далей.

Спалі мы ў страшэннай духаце, часам нам прыадчынялі затворку на двярах, каб быў ток паветра, але дыхаць было немажліва ўсёроўна, паветра катастрафічна нехапала. Жанчыны вымушаны былі распранацца да бялізны, пры гэтым па кутах відэакамеры і яркае святло, якое гарэла бесперастанку.

akrescina_1_logo_1.jpg


Нас 7-х, якія былі затрыманы ля РУУС, нечакана выпусцілі: пабудзілі а 4 ночы і без рэчаў, без шнуркоў выпусцілі на вуліцу. Калі б не валанцёры на вуліцы, то не атрымалася б і патэлефанаваць, і сагрэцца коўдрамі, і папіць вады (якой бракавала, бо піць з-пад крана было страшна) і паесці чаго і даехаць да хаты. Дзякуй ім, а таксама ўсім тым, хто рызыкуючы апынуцца побач з намі (такія таксама былі выпадкі), крычаў які зараз час каля Акрэсціна, пляскаў у далоні і падтрымліваў усяляк звонку".