Беларусь, якая чакае: Брэст. Частка 2 (фота)
Мы працягваем фотападарожжа па прыгожым Брэсце ў межах праекта «Новага Часу» «Беларусь, якая чакае».

>>Пачатак
На жаль, трапіць у музей чыгункі ў нас не атрымалася. Чамусьці панядзелак ды аўторак там выхадныя дні. Таму зрабілі пару здымкаў праз плот.
Шырокая набярэжная Францыска Скарыны ўздоўж Мухаўца — ідэальнае месца для шпацыраў і адпачынку. Зараз месцамі там яшчэ працуюць будаўнікі, але да пачатку сезону яны мусяць скончыць сваю працу.
Завітаем у старую частку Брэста і абавязкова наведаем мясцовыя дворыкі. Гэта насамрэч вельмі цікава, нібыта трапляеш у нейкі партал часу.
А калі сустрэць кагосьці з жыхароў гэтых кварталаў, то яны ветліва распавядуць колькі гісторый і з задавальненнем сфатаграфуюцца. Вельмі прыемныя людзі!

Абмінуць вуліцу Савецкую ў Брэсце проста немагчыма. Гэтая шырокая пешаходная вуліца ў цэнтры як магнітам прыцягне вас сама. Шмат кавярняў і крамак, адмысловыя ліхтары, вулічныя гандляры і шмат чаго іншага цікавага не пакінуць абыякавым нікога.
Ну а далей можна проста хадзіць утульнымі вулачкамі і насалоджвацца атмасферай Брэста. Так мы і зрабілі.
Пакідаем Брэст з чыгуначнага вакзала. Тым, хто першы раз апынуўся тут, спатрэбіцца пэўны час, каб разабрацца, як знайсці свой цягнік. Таму лепш не адкладваць сваё прыбыццё на апошнія хвіліны.
Дзякуй, Брэст!
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.