Як Логвінаў падаткі незаконна плаціў
Кнігарню «Логвінаў» асудзілі. 9 студзеня Эканамічным судзе Мінска вынесе рашэнне па гэтай установе, якую вінавацілі ў продажы кніг без ліцэнзіі Мінінфармацыі.
Паводле рашэння Эканамічнага суда, кнігарня аштрафаваная на 30 базавыз велічыняў (5 млн. 400 тыс. рублёў), а яшчэ ёй свеціць канфіскацыя выручкі на суму 961 млн 251 тыс. 353 рублі. Рашэнне даволі жорсткае, але незразумела, як яго будуць выконваць. Таму што такая «завоблачная» сума з’явілася выключна праз хібы заканадаўства.
Ліцэнзія на кніжны гандаль з’явілася са студзеня 2014 года. Ігар Логвінаў шэсць разоў звяртаўся па яе ў Міністэрства інфармацыі, але кожны раз атрымліваў адмову (яшчэ двойчы ў яго не прымалі дакументы). Цяпер дзеянні Мінінфармацыі ён абскарджвае ў Вярхоўным Судзе.
Па словах Ігара Логвінава, увесь час Мінінформ перашкаджаў рэгістрацыі кнігарні ў якасці распаўсюджвальніка друкаванай прадукцыі. Прычым, рабіў гэта па фармальных падставах, з-за нязначных парушэнняў у дакументах, якія падаваліся на рэгістрацыю. У гэтых варунках Логвінаў мог бы абскардзіць адмову Мінінфарму і ў Вярхоўным судзе. Але усё гэта — час і грошы. Справа ў ВС разглядаецца вельмі доўга, і ў складанні кожнай паперкі павінен быць задзейнічаны адвакат. Ён жа павінен і прысутнічаць у судзе. Улічваючы кошт адвакацкіх паслуг, судзіцца з Мінінфармам з-за нейкай не там пастаўленай коскі — вельмі дарагое баўленне часу, якога і так няма. Таму Логвінаў і падаваў шэсць разоў на рэгістрацыю — з выпраўленнем хібаў і памылак. Аднак, Мінінфарм знаходзіў усё новыя памылкі ў дакументах і ліцэнзію не даваў.
У прынцыпе, Логвінаў сутыкнуўся з тым, з чым сутыкаецца кожны прадпрымальнік: забюракратызаванасцю і залішняй «ліцэнзаванасцю» прадпрымальніцкай дзейнасці. Але, тым не менш, на судзе сам факт шасцікратнай падачы Логвінавым дакументаў для атрымання рэгістрацыі ў якасці распаўсюджвальніка быў празнаны абцяжарваючым момантам. Прадстаўнік інспецкыі па падатках і зборах Цэнтральнага раёна Мінска заявіў: раз Логвінаў шэсць разоў падаваў заяву на ліцэнзію, а яму адмаўлялі, то ён ведаў, што распаўсюджвае кнігі без рэгістрацыі. А таму размова не ідзе пра няведанне законаў, памылку, альбо неасцярожныя дзеянні. І шкоду грамадству і дзяржаве ён наносіў свядома.
А ці была шкода?
Уся віна кнігарні «Логвінаў» — у продажы кніг без ліцэнзіі Мінінфарма. Але наконт «шкоды дзяржаве» можна паспрачацца. З атрыманага прыбытку кнігарня сплочвала арэндную плату, заробак сваім супрацоўнікам, а таксама падаткі ў бюджэт.
Але артыкул 12.7 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць» прадугледжвае «канфіскацыю даходаў ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці». Менавіта адсюль узялася рэкордная лічба — амаль міліярд рублёў даходу. Нашыя заканадаўцы, прымаючы КоАП, прапусуцілі ў гэтым артыкуле адно слова: «чысты». І суд на гэта таксама звярнуў увагу, не прыняўшы, па хадайніцтву абароны Логвінава, каштарыс выдаткаў кнігарні. Калі б у Кодэксе быў прапісаны «чысты даход» (то бок, за выняткам выдаткаў), сума была б значна меншая. А так —палічаны проста даход, без выдаткаў і без высвятлення, куды пайшлі гэтыя грошы.
Зразумела, мільярду «гатоўкай» у кнігарні ніколі не было. Бізнэс ёсць бізнэс — плацілі людзям, плацілі арэнду, разлічваліся з пастаўшчыкамі і гэтак далей. Гэта і суддзя Сяргей Кулакоўскі разумеў. Але ж «dura lex – sed lex», закон, у нашым выпадку, «dura», але такі ўжо закон, што зробіш…
Але што зараз рабіць падатковай? Па ідэе, каб спагнаць гэтую суму, яны павінны звярнуцца да арэндадаўцаў з заклікам «вярніце грошы за арэнду — яны незаконныя!». Спагнаць з працаўнікоў кнігарні іх зарплату за год. А самае галоўнае — звярнуцца да Міністэрства фінансаў: «Пералічыце, калі ласка, падаткі ад «Логвінава» назад, яны незаконна заплацілі вам гэтыя падаткі!».
Ага, так Мінфін і разагнаўся… Што да дзяржавы папала, тое прапала, гэта кожны прадпрымальнік ведае.
Ніхто не спрачаецца: Эканамічны суд прыняў рашэнне па законе. Аднак ён толькі дадаў галаўны боль Вярхоўнаму суду, бо Ігар Лоогвінаў гэты прысуд будзе абскарджваць — і абскардзіць павінен менавіта ў Вярхоўным судзе.
А зараз што атрымліваецца? У ВС ужо ляжыць скарга Логвінава на адмову Мінінфармацыі ў прадстаўленні ліцэнзіі. Калі раптам здарыцца цуд, і ВС абавяжа Мінінфарм даць кнігарні гэтую ліцэнзію, ці значыць, што Логвінаў увесь час дзейнічаў па законе? Што тады рабіць з выракам Эканамічнага суду? З якой даты Мінінфарм павінен будзе даць дазвол кнігарні на распаўсюд прадукцыі?
Калі з дня сканчэння разбіральніцтва — дык навошта гэтая ліцэнзія фактычна збанкручананму прадпрыемству? Калі «заднім чыслом», дык прыйдзецца пераглядаць вырак Эканамічнага суда. І, прынамсі, пералічваць суму «нанесенай шкоды» і атрыманага дахода. А калі ВС пацвердзіць, што Мінінфарм меў рацыю ў сваёй адмове, ці не становіцца бессэнсоўнай другая скарга ў Вярхоўны суд? Другая скарга — гэта таксама час і грошы, і не толькі для Логвінава: суддзі Вярхоўнага суда павінны азнаёміцца са справай, сабрацца на пасяджэнне, вынесці рашэнне, якое б яно не было фармальнае, азадачыць сакратарку гэтае рашэнне напісаць, выслаць заяўніку… Карацей, зрабіць кучу фармальных працэдураў і змарнаваць багата часу на даволі бессэнсоўныя працэдуры. Ім што, няма чым больш заняцца?
І яшчэ раз пра шкоду. На жаль, на судзе канкрэтна не прагучала, якую ж шкоду і каму нанесла кнігарня «Логвінаў». Уся яе правіна складала ў працы без ліцэнзіі Мінінфарма, але ці была ад гэтага шкода? Каб Логвінаў не плаціў падаткі ці заробак — дык гэта шкода. Але ж ён усё рэгулярна сплочваў. Ці ёсць праца без ліцэнзіі шкодай? Прынамсі, значнай шкодай?
У КаАП, па якім судзілі кнігарню, гаворыцца пра «шкодныя наступствы» адміністрацыйнага правапарушэння — гэта гэта «прычыненне маёмаснай, маральнай і іншага шкоды ахоўваемых дадзеным Кодэксам правам і інтарэсам». Пра маёмасную шкоду наўрад ці варта казаць — падаткі, арэнда, заробак, іншыя плацяжы сплочваліся рэгулярна. Хіба што толькі маральная шкода Мінінфармацыі і дзяржаве за працу без ліцэнзіі. Ізноўку паўтару пытанне — ці гэта вялікая шкода?
Ёсць яшчэ адзін цікавы артыкул КаАП, па якім «абгрунтаваная рызыка» не ёсць адміністрацыйным правапарушэннем. Гэта артыкул 5.4: «Не з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем прычыненне шкоды ахоўваемых гэтым Кодэксам законным інтарэсам пры абгрунтаванай рызыцы для дасягнення грамадска карыснай мэты. Рызыка прызнаецца абгрунтаванай, калі ўчыненае дзеянне адпавядае сучасным навукова-тэхнічным ведам і вопыту, а пастаўленая мэта не магла быць дасягнутая не звязанымі з рызыкай дзеяннямі і фізічная або юрыдычная асоба, якія дапусцілі рызыку, выконвала ўсе магчымыя меры для прадухілення шкодных наступстваў».
Цікава, распаўсюджванне кніг адпавядае «дасягненню грамадска карыснай мэты»? Ці такі распаўсюд «адпавядае сучасным навукова-тэхнічным ведам і вопыту»? Улічваючы шасцікратную адмову Мінінфарма ў ліцэнзіі, ці праўда, што «пастаўленая мэта не магла быць дасягнутая не звязанымі з рызыкай дзеяннямі»? І ўлічваючы, што Логвінаў падаваў шэсць разоў на рэгістрацыю, ці выконваў ён «усе магчымыя меры для прадухілення шкодных наступстваў»?
Як па мне, дык так. А ў суда — сваё меркаванне.