На паказуху грошай не шкада

Нягледзячы на цяжкое эканамічнае становішча краіны, беларускія ўлады зноў вырашылі паказальна пабразгаць зброяй: у Мінску 3 ліпеня мае адбыцца вайсковы парад.

parade_3_jul_archive.jpg

Такое даручэнне даў сёння бяззменны галава дзяржавы на адмысловай нарадзе.

Калі Лукашэнка ў панядзелак заслухоўваў даклад аб правядзенні вайсковага параду да Дня Незалежнасці, ён даручыў арганізаваць яго на высокім узроўні. «Мы прынялі рашэнне, што праводзім парад сёлета. Грошай на гэта шкадаваць не варта, тым больш што яны не такія і вялікія», — заявіла першая асоба краіны. 

Заўважым, што яшчэ ніколі за часы кіравання Лукашэнкам Беларуссю ўлады не паведамлялі, у колькі бюджэту абыходзяцца такія мерапрыемствы. І колькі ж, цікава, гэта ў разуменні прэзідэнта “не такія і вялікія грошы”? Ясна, што вайсковы парад, у якім задзейнічаны звычайна дзясяткі адзінак тэхнікі і авіяцыя, - справа вельмі і вельмі не танная. А яшчэ трэба ўлічыць, што да 3-га ліпеня адбудзецца не адна рэпетыцыя гэтай буйной імпрэзы.

А гэта – тоны і тоны паліва, пашкоджаныя танкамі і БТРамі асфальтавыя пакрыцці на цэнтральных вуліцах сталіцы, змены ў працы грамадскага транспарту, што не лепшым чынам уплывае на нервовую сістэму мінчукоў, якая і так ужо не самая моцная ад жыцця ў апошнія гады.

Каму патрэбна гэтая дарагая забава? Ясна, што не шараговаму грамадзяніну. Хоць улада і спрабуе даказваць, што менавіта для простых беларусаў ладзіцца гэты парад, каб, па словах Лукашэнкі, прадэманстраваць, што «мы не дарма ямо ваенны хлеб».

У краіне не хапае медычных установаў і якасных лекаў, настаўнікі і ўрачы атрымліваюць ганебныя заробкі, ідзе павальнае скарачэнне працоўных месцаў. Часам усім светам даводзіцца збіраць грошы на аперацыі дзецям, якія пакутуюць ад цяжкіх хваробаў і на якіх у дзяржавы няма грошай. А вось на паказуху ў выглядзе вайсковага параду знаходзяцца многія мільёны. Ці не лепш было б пусціць гэтыя сродкі на мэты, якія больш вартыя таго, чымся пустое брацанне зброяй? І каму ды што мы спрабуем такім парадам даказаць, каго напалохаць?

Нават самыя заможныя краіны планеты сто раз падумаюць перад тым, як ладзіць нешта падобнае. Бо яны нясуць адказнасць перад сваімі падаткаплатнікамі. А як у нас? Хто-небудзь з кіраўніцтва краіны расказвае грамадзянам, куды ідуць іх грошы? Не дачакаецеся. Затое як грыбы на ўскрайку Мінска растуць катэджы коштам мільёны долараў, будуюцца нікому не патрэбныя забаўляльныя цэнтры, ладзяцца сумнеўныя “баблаёмкія” мерапрыемствы з удзелам расійскай «папсы», у Беларусі ўжо 38 лядовых палацаў, а некаторым высокапастаўленым асобам падаецца, што і гэтага мала.

А там часам тысячы людзей развіталіся з надзеяй пабудаваць уласнае жытло, бо ільготных крэдытаў амаль няма, а кошты квадратнага метра непад’ёмныя для простага чалавека нават з сярэднім дастаткам.

І вось замест вырашэння набалелых праблем дзяржаўныя ўладары жыцця зноў ладзяць даражэзнае шоў. Нешта падказвае, што перш за ўсё для сябе. Каб запэўніць менавіта самое чынавенства, што яго ёсць каму абараняць. Для ўласнай бяспекі ніякіх сродкаў не шкада. А “нізы” ператопчуцца, як-небудзь выжывуць. Не ў першы ж раз!