Якое яднанне?

У Мінску над галоўным праспектам заўважаныя расцяжкі: «2 красавіка — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі». Нібыта свята. А ці ёсць яно, гэтае яднанне? І каму яно патрэбна?

2222222_0204015.jpg

У сённяшніх варунках казаць пра нейкае яднанне з Расіяй — маветон. Гэта ўсё роўна, што распісацца ў супрыналежнасці да тых жахлівых падзеяў, якія год таму ініцыявала «вялікая дзяржава, што паўстае з каленяў», на захад ад сваёй мяжы і якія ўжо каштавалі жыццяў тысяч людзей. Як сваіх, так і чужых, тых, што абараняюць сваю радзіму ад захопнікаў, тых, каго расійская прапаганда ласкава называе паўстанцамі, а цывілізаваны свет — сепаратыстамі. Ну, і амаль ніхто не сумняецца, хто былі насамрэч «ветлівыя людзі» ці «зялёныя чалавечкі» напачатку ў анексаваным Крыме, а пасля на Данбасе.

Не атручаныя афіцыйнай прапагандай беларусы ніколі не ўспрымалі ідэі гэтага «яднання». Яшчэ ў 90-я гады супраць нездаровага збліжэння беларускай вярхоўкі з Расіяй, а калі быць больш дакладным, з Крамлём выступалі тысячы і тысячы людзей (не толькі беларусаў па нацыянальнасці), якія бачылі пазгозу аказацца ў смяротных абдымках ненажэрнай усходняй суседкі. Беларускія ўлады ў асобе сілавікоў у сваю чаргу спынялі ўсе спробы пратэстаў супраць такой няроўнай інітэграцыі.

На памяць прыходзяць акцыі «Маладога фронту» (зарэгістраванага ў Чэхіі) уноч з 1-га на 2-га красавіка, калі маладзёны спрабавалі плаўна перавесці «дзень дурня» ў «дзень яднання», спрабуючы такім чынам паказаць, чаго насамрэч вартая такая «інтэграцыя».

Можна ўзгадаць і жахлівы разгон акцыі 2 красавіка 1997 года, калі практычна ў цэнтры сталіцы былі жорстка збітыя амапаўцамі многія яе ўдзельнікі, у тым ліку журналістка Ірына Халіп і яе бацька, вядомы грамадскі дзяяч і драматург Уладзімір Халіп, іншыя вядомыя і паважаныя асобы. Такое вось «яднанне».

Сёння, падаецца, гэтая дата — толькі фармальнасць. Хочацца верыць, што афіцыйны Мінск разумее ўсю небяспеку «мядзвежых абдымкаў». Цень «паўночна-заходняга краю» працягвае навісаць над Беларуссю. Вельмі небяспечная цень. Усходнія цемрашалы ўсур’ёз лічаць, што магчыма адрадзіць імперыю на адной шостай частцы сушы Зямлі. І, як паказваюць цяперашнія падзеі ва Украіне, а раней — васьмідзённая вайна ў Грузіі ў 2008 годзе, гэтыя памкненні Масквы зусім не жарт. Калі, як у тым анекдоце, «рускі чалавек вырашыць зрабіць нешта добрае, то ніякія ахвяры і разбурэнні яго не спыняць». Нешта добрае — у плане для сябе асабіста ці для сваёй імперскай айчыны.

Дык ці варта, хоць і фармальна, адзначаць нейкія там сумнеўныя яднанні? Зразумела, хто дае афіцыйнаму Мінску крэдыты, танныя нафту і газ. Але можа надысці час, калі кіраўнікі Беларусі праз гэтыя дабрадзеі Масквы апынуцца проста клеркамі ў расійскай бюрактатычнай сістэме, а адзіны і бяззменны прэзідэнт — шараговым губернатарам. І тое ў лепшым выпадку.

Ці хочуць яны такога лёсу? Сумняюся. Дык навошта займацца ілжывай падтрымкаю «русского міра», пра які талдыча небажыхар Крамля? Калі ўжо не адмаўляцца адкрыта, то хоць спускаць на тармазах такія даты трэба было б. Інакш будзе позна.

Вельмі не хочацца кольвеч убачыць на Доме ўраду ў Мінску двухгаловую пярнатую пачвару і «каларадскія стужкі» на кожным кроку.