Грошай няма куды дзець?

Будынак Вярхоўнага суда каля стадыёна «Дынама» не так даўно быў адрамантаваны, і нават пашыраны за кошт перасялення адтуль суда Ленінскага раёна. Няўжо мала прасторы? Ці колькасць «вярхоўных суддзяў» ды клеркаў павялічылася так, што яны ўжо не змяшчаюцца ў адрамантаваны і павялічаны будынак? Калі так, дык чаму?



1434622348_986610959.jpg.png



У час, калі Беларусь знаходзіцца ў цяжкім эканамічным крызісе, калі, па ідэі, дзяржава мусіць эканоміць грошы падаткаплатнікаў дзе толькі магчыма, высокія тутэйшыя  чыноўнікі робяць тое, ад чаго адмовіліся б у цывілізаваных краінах, калі б тыя апынуліся ў аналагічным эканамічным становішчы. Аказваецца, сёння Беларусь проста не можа выжыць без новага будынку Вярхоўнага суда.

Як паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны», па суседстве з Палацам Незалежнасці і плошчай Дзяржаўнага сцяга па вуліцы Арлоўскай хутка ўздымецца новы будынак Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь. Будуецца гмах непадалёк ад парку забаваў «Дрымленд». Мяркуецца, што навабуд будзе гатовы да канца 2018 года.


untitled_3.bmp


Будынак будзе мець 5 надземных паверхаў і адзін падземны з тэхнічнымі і адмысловымі памяшканнямі. Галоўны архітэктар праекта Уладзімір Архангельскі з Унітарнага прадпрыемства «Мінскпраект» распавёў, што там будзе шмат кабінетаў, а таксама пакоі для адпачынку, холы для чакання і гэтак далей. «Парадны хол аздобяць натуральным каменем, прастора будзе ўпрыгожаная скульптурай Феміды», — сказаў Архангельскі. Паводле словаў архітэктара, знешні выгляд адпавядае стылю Палаца Незалежнасці — фасад выканаюць са шкла і натуральнага каменя.  

Як казаў у свой час наш літаратурны класік Уладзімір Караткевіч, проста «прыўкрасна». Вось толькі ўзнікае шэраг пытанняў. Няўжо ў Беларусі зараз няма больш важных задач, чым узвядзенне новага гмаху для Вярхоўнага Суда, які, на думку многіх спецыялістаў, адыгрывае далёка не самую важную ролю ў жыцці краіны?

Колькі ў выніку будзе каштаваць рэалізацыя гэтага праекта і за чый кошт вядзецца праекціроўка і будаўніцтва (дарэчы, вось дык дзіва, яны адбываюцца, як паведамляецца, «паралельна»!). Якая такая жорсткая неабходнасць вымусіла чыноўнікаў заняцца гэтай будоўляй? Прычым, каля забаўляльнага парку? Каб Феміда абрагаталася? Тык яна ўжо, бадай, і так, з аднаго боку, мае страўнікавыя колікі ад смеху з тутэйшага «правасуддзя», а, з іншага боку, паралельна абліваецца слязьмі ад таго, што адмысловая тутэйшая судовая сістэма вырабляе ад імя той самай Феміды (ну і ад імя беларускай дзяржавы, натуральна).

Чыноўнікі і вышэйшае дзяржаўнае кіраўніцтва са скуры лезуць, каб папоўніць дзяржаўную скарбонку. Павышаюцца падаткі ды пенсійны ўзрост, шукаюцца тысячы і тысячы «дармаедаў», з якіх можна спагнаць хоць апошнюю капейчыну, прыціскаюцца новымі паборамі прадпрымальнікі, растуць кошты на тавары і паслугі. Усё гэта бессаромна цісне на і так паўпустую кішэню звычайных беларусаў. Але касты высокапастаўленых «сябраў народа» гэта не тычыцца. У тым ліку і судовую ўладу гэта не кранае.

Варта нагадаць, што пакуль яшчэ існы «офіс» Вярхоўнага Суда каля стадыёна «Дынама» ў цэнтры сталіцы не так даўно быў адрамантаваны і нават пашыраны за кошт перасялення адтуль суда Ленінскага раёну Мінска ў іншае месца. Няўжо мала прасторы? Ці колькасць «вярхоўных суддзяў» ды клеркаў павялічылася так, што яны ўжо не змяшчаюцца ў адрамантаваны і павялічаны будынак? Калі так, дык чаму? Хто адкажа на ўсе гэтыя пытанні?  

Тым часам, прапануецца ў школах павялічыць колькасць вучняў у класах да 30 чалавек, дзетак плануюць адпраўляць вучыцца з пяці гадоў, і ўсё гэта дзеля эканоміі. Вярхоўная ўлада больш за два дзесяцігоддзі далдоніць пра «дзяржаву для народа», пра «сацыяльна-арыентаваную эканоміку» і гэтак далей. Толькі вось беларускія рэаліі сведчаць пра тое, што адбываецца ўсё акурат наадварот. Дзяржава даўно перастала быць «для народа», а сацыяльнай тутэйшую эканоміку можа назваць хіба што патэнцыйны пацыент «Навінак». Людзям застаецца «зацягваць паясы», а вось для структур, на якія абапіраецца рэжым, грошы заўсёды знойдуцца. Няхай і за кошт грамадзян, якія ўсё хутчэй ператвараюцца ў жабракоў.