Расія не збіраецца спыняць вайну: разаслала метадычку, якая тлумачыць правал перамоў у Стамбуле
Расія не збіраецца сканчаць вайну ва Украіне. Пра гэта сведчыць і склад дэлегацыі ў Стамбуле, і метадычка па асвятленні перамоў. У ёй загадана тлумачыць грамадзянам Расіі «бескарыснасць санкцый», якія будуць уведзеныя за тое, што Крэмль не пагадзіўся на спыненне агню. Ідзе 1178-мы дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За мінулыя суткі на франтах ва Украіне адбылося 165 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 16 траўня. На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 75 штурмаў расіян у раёнах Малінаўкі, Новай Палтаўкі, Міралюбаўкі, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Мірнаграду, Новасергіеўкі, Удалага, Андрэеўкі, Котліна, Катляроўкі, Траецкага і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку УСУ спынілі 23 спробы расіян прарваць абарончыя рубяжы паблізу Багатіру, Канстанцінопалю, Прывольнага і Вольнага Поля.
На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 16 разоў, спрабуючы прасунуцца ў раёнах Рэдкадубу, Калодзежаў і ў напрамках Новасергіеўкі, Альгоўкі, Грэкаўкі, Новага Свету, Зялёнай Даліны.
На Краматорскім кірунку зафіксавана дзевяць боесутыкненняў у раёнах Часавага Яра і Курдзюмаўкі. На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі восем атак у раёнах Тарэцку, Крымскага, Дыліеўкі, Кляшчыеўкі і ў напрамку Белай Гары.
У Курскай вобласці Расіі армія Украіны адбіла 14 атак расіян.
* * *
Сілы абароны Украіны нядаўна прасунуліся ў раёне Тарэцка. Фіксуецца таксама прасоўванне расійскіх войскаў паблізу Лімана, Новапаўлаўкі і Вялікай Навасёлкі, адзначае ў справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 15 траўня, паказваюць, што войскі РФ прасунуліся ў цэнтры Торскага (на ўсход ад Дімана) у Луганскай вобласці Украіны.
Украінскія войскі прасунуліся пад Тарэцкам Данецкай вобласці. Геалакацыйныя кадры ад 15 траўня паказваюць, што УСУ прасунуліся на поўнач ад горада.
Апублікаваныя 15 траўня геалакацыйныя кадры паказваюць, як войскі РФ ажыццявілі механізаваную атаку памерам прыкладна ва ўзвод на поўдзень ад Новасергіеўкі (на паўночны ўсход ад Новапаўлаўкі). Гэта сведчыць, што расійцы маглі прасунуцца ў гэтым кірунку, адзначае ISW.
Геалакацыйныя кадры ад 15 траўня паказваюць, што войскі РФ акупавалі Вольнае Поле (на захад ад Вялікай Навасёлкі) у Данецкай вобласці Украіны.
* * *
У вядзенні вайны супраць Украіны Расія выкарыстоўвае кантынгент агульнай колькасцю да 640 тысяч вайскоўцаў. Масква не плануе спыняць баявыя дзеянні, нягледзячы на розныя заклікі «дыпламатыі», заявіў галоўнакамандуючы УСУ, генерал Аляксандр Сырскі ў сваім выступе ў рэжыме відэаканферэнцсувязі на пасяджэнні Рады Украіна — NATO.
Па словах Сырскага, хоць украінскі бок разлічвае на «дасягненне справядлівага міру, але цяпер актыўныя баявыя дзеянні працягваюцца на ўчастку фронту працягласцю каля 1100 км».
«Нягледзячы на дыпламатычныя заклікі, Расія не адмаўляецца ад дасягнення папярэдніх мэтаў на полі бою; Масква перавяла агрэсію супраць Украіны ў вайну на знясіленне», — заявіў генерал. Пры гэтым Сырскі падкрэсліў, што ўкраінскія абаронцы працягваюць весці «эфектыўную абарончую аперацыю, наносячы ворагу значныя страты».
* * *
На фоне мірных перамоў у Турцыі расійская армія рыхтуе новы наступ ва Украіне, пішуць замежныя СМІ са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў.
Першай пра верагодны наступ напісала 13 траўня Financial Times, затым 15 траўня — CNN. СМІ са спасылкай на нераскрытых прадстаўнікоў украінскай выведкі заявілі, што Расія, падобна, рыхтуе шырокі наступ, перамяшчаючы войскі да ключавых пазіцыях на фронце.
«Цяпер акупанты назапашваюць сілы. Фактычна летняя наступальная аперацыя ворага пачалася, так што я б не разлічваў на тое, што ў бліжэйшы час будзе перамір'е», — сказаў прадстаўнік аператыўна-тактычнай групоўкі войскаў «Харкаў» Павел Шамшын у эфіры тэлемарафона.
Вайсковец нагадаў, што Масква ні разу не выконвала абяцанні аб спыненні агню, а імітацыя перамоў — звычайны інструмент РФ. «Усе бачылі тых дэлегатаў, якіх яны адправілі на перамовы ў Стамбул. Гэта нейкія ноунеймы, і ўспрымаць гэта сур'ёзна, як мне здаецца, не варта», — дадаў Шамшын.
* * *

* * *
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што не будзе прысутнічаць на перамовах Расіі і Украіны ў пятніцу, 16 траўня, паведамляе CNN. Верагодна, Рубіё не будзе на перамовах праз тое, што расійцы накіравалі дэлегацыю «ніжэйшага ўзроўню».
Рубіё таксама заявіў, што не чакае прарыву ў перамовах па вайне ва Украіне, пакуль прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не сустрэнуцца «тварам да твару». «Мы пачакаем, каб убачыць, што адбудзецца заўтра, а затым будзе прынята рашэнне пра тэрміны і пра тое, калі і дзе будуць праходзіць гэтыя сустрэчы», — сказаў Рубіё.
У той жа час дзяржсакратар ЗША сказаў, што сустрэнецца 16 траўня з кіраўніком МЗС Украіны Андрэем Сібігай і прадстаўнікамі ўкраінскай дэлегацыі.
* * *
Крэмль разаслаў праўладным медыя інструкцыю, як асвятляць перамовы ў Стамбуле. У метадычцы няма дэталяў аб пазіцыі дэлегацыі, але аўдыторыю ўжо рыхтуюць да правалу перамоў і новых санкцый, піша Meduza.
Прапагандыстам раяць адзначыць, што пры фармаванні дэлегацыі на Пуціна не паўплывалі «ні словы амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа, ні заявы ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага».
Пры гэтым праўладным СМІ прапануюць распавесці, што цяпер «перамовы праходзяць на горшых для Украіны ўмовах», чым тры гады таму, аднак, у чым заключаецца пагаршэнне ўмоў, у метадычцы не тлумачыцца.
У тэксце метадычкі гаворыцца пра «новы пакет санкцый». Складальнікі тэксту рэкамендуюць распавесці расійцам, што новыя санкцыі «не нанясуць шкоду развіццю краіны»; Расія «паспяхова спраўляецца з выклікамі любых санкцый»; бюджэт краіны «звярстаны з іх улікам». Асобна згадваюцца санкцыі на гандаль энергарэсурсамі, якія нібыта не ўплываюць на стан «энергакомплекса, які стабільна развіваецца».
* * *
Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц паведаміў у сацсетцы Х, што новы санкцыйны пакет у дачыненні да Расіі можа быць прыняты Радай Еўрамаюза падчас пасяджэння ў Брусэлі, якое запланавана на 20 траўня.
Мерц адзначыў у сваёй публікацыі, што «той факт, што прэзідэнт Зяленскі паехаў у Стамбул — з'яўляецца вялізным жэстам». Разам з тым, дадаў канцлер ФРГ, Пуцін там «не з'явіўся — і гэта зрабіла яго адзіным вінаватым».
* * *
У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) прааналізавалі ход падзей вакол мірных перамоваў у Стамбуле, і прыйшлі да высновы, што Расія не зацікаўленая ў добрасумленных перамовах і кампрамісах і імкнецца працягваць вайну для дасягнення сваіх мэтаў — капітуляцыі Украіны.
Аналітыкі адзначаюць, што расійская дэлегацыя ў Стамбуле не ўключае службовых асоб з найбліжэйшага атачэння кіраўніка Расіі, і ў большасці сваёй з'яўляецца той жа дэлегацыяй, якую Расія накіравала на расійска-ўкраінскія перамовы 2022 года.
У справаздачы паказваецца, што Уладзімір Мядзінскі наўпрост ахарактарызаваў расійска-ўкраінскія перамовы ў Стамбуле ў траўні 2025 года як працяг стамбульскіх перамоваў у пачатку 2022 года, падчас якіх Расія выставіла патрабаванні, раўназначныя поўнай капітуляцыі Украіны.
«Цяпер Расія спрабуе паўтарыць гэтыя ж патрабаванні пасля трох гадоў вайны, нягледзячы на тое, што ўкраінскія войскі з тых часоў паспяхова прымусілі Расію выйсці з поўначы Украіны, вызвалілі значныя ўчасткі тэрыторыі ў Харкаўскай і Херсонскай абласцях і замарудзілі тэмпы прасоўвання Расіі на тэатры ваенных дзеянняў… Паведамленні аб фармулёўцы перамоваў дэманструюць, што Расія чакае, што Украіна адмовіцца ад умоў, якія расійская дэлегацыя прадставіць у Стамбуле, паколькі Украіна не прыме ўмовы, раўнасільныя сваёй капітуляцыі», — адзначаюць у інстытуце.
Настойванне Расіі на сваіх стамбульскіх патрабаваннях 2022 году ў траўні 2025 году дэманструе, што Расія працягвае быць зацікаўленая толькі ў поўнай капітуляцыі Украіны, не жадае прапаноўваць кампрамісы ў любых добрасумленных перамовах і гатовая працягваць вайну, рэзюмуюць спецыялісты ISW.