Мінабароны Расіі абвяргае заяву Украіны пра забойствы мірных жыхароў у Бучы
Расійскае Міністэрства абароны заявіла, што апублікаваныя фатаграфіі і відэаматэрыялы, якія сведчаць пра злачынствы расійскіх вайскоўцаў у горадзе Буча Кіеўскай вобласці, з'яўляюцца правакацыяй.

Украінскія вайскоўцы правяраюць целы мірных жыхароў у вызваленай Бучы.
AP Photo/Vadim Ghirda
«За час знаходжання дадзенага населенага пункта пад кантролем расійскіх узброеных сіл ніводны мясцовы жыхар не пацярпеў ад якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў. У населеныя пункты Кіеўскай вобласці расійскімі вайскоўцамі было дастаўлена і выдадзена мірным жыхарам 452 тоны гуманітарнай дапамогі.
Увесь час, пакуль горад знаходзіўся пад кантролем расійскіх узброеных сіл і тым больш пасля, аж да сённяшняга дня, у Бучы мясцовыя жыхары свабодна перамяшчаліся па горадзе і карысталіся сотавай сувяззю.
Выезды з горада Буча не блакаваліся. Усе мясцовыя жыхары мелі магчымасць свабоднага выезду з населенага пункта ў паўночным напрамку, у тым ліку ў Рэспубліку Беларусь. Пры гэтым паўднёвыя ўскраіны горада, у тым ліку жылыя кварталы, кругласутачна абстрэльваліся ўкраінскімі войскамі з буйнакалібернай артылерыі, танкаў і рэактыўных сістэм залпавага агню», — заявілі ў Мінабароны РФ.

Ведамства зазначае, што ўсе расійскія падраздзяленні цалкам выйшлі з Бучы яшчэ 30 сакавіка, на наступны дзень пасля вочнага раўнда перамоваў Расіі і Украіны ў Турцыі. Таксама Мінабароны спасылаецца на мэра Бучы Анатоля Федарука, які ў сваім відэазвароце пацвердзіў, што ў горадзе нікога з расійскіх вайскоўцаў няма, але не згадваў пра расстраляных на вуліцах мясцовых жыхароў са звязанымі рукамі.
«Таму не дзіўна, што ўсе так званыя "сведчанні злачынстваў" у Бучы з'явіліся толькі на 4 дзень, калі ў горад прыбылі супрацоўнікі СБУ і прадстаўнікі ўкраінскага тэлебачання», — лічаць у ведамстве.