Маріуполь — це Україна. Дзве акупацыі «сталёвага» горада на Азоўскім моры

Роўна два гады таму, 20 траўня 2022 года, расійскія захопнікі канчаткова акупавалі паўднёвы ўкраінскі горад Марыупаль. За гэты час у абласным цэнтры Данецкай вобласці па віне захопнікаў загінулі па меншай меры 8 тысяч жыхароў. Легітымны мэр Марыупаля сцвярджае: «рашысцкая» акупацыя горшая за нацысцкую.

vokladka_94.jpg

Асноўны матыў, чаму горад-порт на Азоўскім моры стаў адной з самых жаданых мэтаў у абедзвюх войнах — даволі нядзіўны і відавочны. Перш за ўсё, гэта зручны выхад да таго самага Азоўскага мора. Па-другое, Марыупаль праславіўся ў якасці наймагутнейшага цэнтра прамысловасці на тэрыторыі сучаснай Украіны, прычым не на слове, а на справе. Буйны цяжкавік пачаў развівацца з канца XIX стагоддзя, пасля будаўніцтва першых металургічных прадпрыемстваў. У 1930-я гады тут былі запушчаны буйнейшыя заводы ў Еўропе — «Азоўсталь» і завод імя Ільіча.

Расійскія войскі ўваходзяць у Марыупаль. Фота: Яўген Малалетка 

Расійскія войскі ўваходзяць у Марыупаль. Фота: Яўген Малалетка 

На пачатку ўварвання ў СССР нямецкія войскі імкліва прасоўваліся па ўсіх напрамках. У жніўні 1941 года акупацыйныя сілы ўжо стаялі на правым беразе Дняпра: у Мікалаеве, Крывым Розе, Нікапалі, Херсоне. Праз месяц гітлераўскай Германіі ўдалося захапіць Кіеў — украінская сталіца заставалася апошнім бастыёнам на правабярэжжы Дняпра.

Чэкісты спрабавалі спыніць наступленне на Данбас, падарваўшы Запарожскую ГЭС, але ў рэўце рэшт гэтая трагедыя не прынесла станоўчых вынікаў. 4 кастрычніка нямецкія войскі ўвайшлі ў Запарожжа, а яшчэ праз чатыры дні паў і Марыупаль, на які зручна было наступаць на адпаведным кірунку. Ім удалося акружыць і разграміць асноўныя сілы Чырвонай Арміі ў некалькіх кіламетрах ад Бярдзянска і Чарнігаўкі, пасля чаго, сабраўшы найбольш каштоўнае абсталяванне з мясцовых прадпрыемстваў, Саветы выйшлі з Марыупаля. Савецкія ўлады загадалі загадзя дэмантаваць і вывезці асноўныя магутнасці мясцовых заводаў на Урал.

Тэхніка падраздзялення «Лейбштандарт СС Адольф Гітлер» у Марыупалі, 1941 год

Тэхніка падраздзялення «Лейбштандарт СС Адольф Гітлер» у Марыупалі, 1941 год

Адваротна, у 2022 годзе, падчас наступу расійскіх акупантаў не было ні часу, ні мэты вывезці хоць якія рэчы на патэнцыйна больш бяспечную тэрыторыю ўглыб Украіны — сілы ўсіх сектараў былі накіраваны на як мага большае скарачэнне ахвяр і ўтрыманне горада пад кантролем УСУ. Прыборы і абсталяванне на працуючым 23 лютага заводзе «Азоўсталь» засталіся там жа, прадметы добраўпарадкавання, якімі так славіўся горад апошняе пяцігоддзе, былі разбураны пад заваламі. Прыгожы сучасны транспарт, які яшчэ некалькі гадоў таму закупалі ў беларускага «Белкамунмаша» і «МАЗа», таксама ніхто не спрабаваў вывезці з Марыупаля — усё засталося разбітым аскепкамі ракет і авіябомб.

Знішчаныя тралейбусы беларускай вытворчасці ў Марыупалі. Фота: Марыупальскі транспарт

Знішчаныя тралейбусы беларускай вытворчасці ў Марыупалі. Фота: Марыупальскі транспарт

З улікам яго прыфрантавога статусу, у 1941 годзе Марыупаль кіраваўся ваеннай адміністрацыяй, рэжым якой быў значна мякчэйшым за суседнія рэгіёны. Сістэма дзяржаўнага кіравання падчас акупацыі працавала проста: вышэйшым органам у горадзе з’яўлялася ваенная камендатура, якой падпарадкоўваліся ўсе службы горада, а грамадскае самакіраванне было аддадзена гарадской адміністрацыі на чале з бурмістрам Мікалаем Камроўскім.

Для аховы парадку быў створаны паліцэйскі аддзел пад кіраўніцтвам былога афіцэра арміі УНР Івана Сцепаненкі — у большасці гэтая структура адказвала за крымінальныя і эканамічныя злачынствы. Справамі падполля і шпіянажу, а таксама этнічных чыстак займаліся гестапа, дапаможная крымінальная служба і айнзацкаманды (ваенізаваныя «эскадроны смерці»).

Марыупаль падчас нямецкай акупацыі

Марыупаль падчас нямецкай акупацыі

Расійскія акупанты ў Марыупалі над складанасцю «ўлады» таксама не замарочваліся: толькі вырашылі дадаць нотку паказальнай юрыдычнасці. Відавочна, нідзе акрамя Расіі не прызнаныя, марыянеткі, што «кіруюць» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікай», нават паспелі звольніць першага гаўляйтэра Канстанціна Івашчанку і прызначыць новага — Алега Маргуна. Дакумент аб прызначэнні, безумоўна, нагадвае раздрукаваную дзецьмі паперку для гульні ў «палітыкаў».

Так званы ўказ аб прызначэнні новага мэра Марыупаля, падпісаны Дзянісам Пушыліным

Так званы ўказ аб прызначэнні новага мэра Марыупаля, падпісаны Дзянісам Пушыліным

Захопнікі ў хуткія тэрміны абвясцілі пра пачатак працы акупацыйнай паліцыі, стварэнне якой не стала праблемай з прычыны таго, што ў шэрагах украінскіх паліцэйскіх заўсёды былі людзі з прарасійскімі поглядамі ці наўпрост здраднікі. У працэсе арганізацыі кіраўніцтва горадам «гітлераўцы» былі больш сумленнымі — яны не спрабавалі стварыць бачнасць фальшывай дэмакратыі. Расійцы ж сур’ёзна лічаць Маргуна «мэрам», хаця гэтая пасада абіраецца на выбарах.

Прынцыповай важнасцю для нацысцкай Германіі адасаблялася яўрэйскае пытанне.

15 кастрычніка 1941 года марыупальскім яўрэям загадалі сабраць свае рэчы — нібыта для вывазу на Блізкі Усход. Але, пратрымаўшы некалькі дзён у бараках, немцы невялікімі групамі сагналі іх у вёску Аграбаза, дзе 17-20 кастрычніка расстралялі.

Яўрэяў вядуць на расстрэл у вёску Аграбаза

Яўрэяў вядуць на расстрэл у вёску Аграбаза

Найбольш актуальным пытаннем для расійскіх захопнікаў застаецца генацыд украінскага народа за ўкраінскія погляды ды ўкраінскасць. Марыупаль з’яўляецца самым крывавым пацвярджэннем гэтага факта за ўсе злачынствы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» у супрацоўніцтве з украінскай праваабарончай арганізацыяй «Truth Hounds» і «SITU Research» прэзентавала справаздачу аб разбурэннях і колькасці ахвяр у Марыупалі. Паводле падлікаў даследчыкаў, у першы год вайны ад прычын, звязаных з ваеннымі злачынствамі Расіі, у горадзе загінулі не менш за 8 тысяч чалавек. Аналітыкі прызнаюць, што гэтыя лічбы не адлюстроўваюць агульнай колькасці загінулых. У многіх магілах, хутчэй за ўсё, знаходзіцца па некалькі цел. 

Легітымны мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка сцвярджае пра лічбы ў прыкладна 20 тысяч ахвяр расійскага тэрору сярод насельніцтва горада.

Першыя ахвяры расійскага тэрору 24 лютага 2022 года. Фота: Яўген Малалетка

Першыя ахвяры расійскага тэрору 24 лютага 2022 года. Фота: Яўген Малалетка

Першае, што пачалі рабіць у Марыупалі пасля акупацыі горада, — хадзіць па кватэрах, правяраць тэлефоны, мэблю, асабістыя рэчы ў пошуку праяў «праўкраінскай пазіцыі» ці дзяржаўнай сімволікі.

Усе ўкраінцы, якія жадаюць выехаць з акупаванай тэрыторыі, павінны атрымаць расійскі пашпарт і прайсці праз фільтрацыйныя лагеры, існаванне якіх не хаваюць і самі расійцы. Расійскія і «ДНРаўскія» блогеры, у сваю чаргу, называюць іх «фільтрацыяй». На блокпастах людзей прымушаюць паказваць тэлефон, а таксама здымаць адзенне з мэтай выяўлення «нацысцкіх» татуіровак.

У Марыупалі дэмантуюць дарожныя знакі з украінамоўнай і англамоўнай назвай горада

У Марыупалі дэмантуюць дарожныя знакі з украінамоўнай і англамоўнай назвай горада

Падчас нямецкай акупацыі мясцовыя ўлады строга сачылі за навучаннем дзяцей — у горадзе дзейнічала больш за 40 адукацыйных устаноў. Гісторыя Украіны, уведзеная падчас акупацыі, а таксама ўкраінская мова вывучаліся па падручніках вядомага гісторыка Івана Крыпякевіча, спецыяльна выдадзеных восенню 1941 года ў Марыупалі. Усе астатнія прадметы настаўнікі працягвалі выкладаць па савецкіх падручніках.

У адрозненне ад «гітлераўцаў», якія не раўнялі горад з зямлёй, «пуцінцы» разбамбілі амаль усе школы, а ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў Марыупалі ўвогуле не засталося. Прадметы, звязаныя з Украінай, відавочна зніклі, украінамоўныя падручнікі заменены на расійскія, а ўрокі ў школах на акупаваных тэрыторыях пачынаюцца з праслухоўвання гімна Расіі.

 Пашкоджаная школа ў Марыупалі

 Пашкоджаная школа ў Марыупалі

Падвесці рысу варта лічбамі дэпартаваных насельнікаў горада. Так, вядома, што ў 1941 годзе на тэрыторыю Германіі былі прымусова вывезены некалькі тысяч жыхароў Марыупаля, дзе яны павінны былі працаваць на карысць рэйху. Што да 2022 года, у Расію дэпартавана па меншай меры 130 тысяч марыупальцаў.

Гэты артыкул ні ў якім разе не абяляе адзін з бакоў — у абодвух гістарычных прыкладах злачынствы агрэсара супраць чалавечнасці не маюць апраўдання.