Літва ў 2023 годзе шматкроць павялічыла адмовы ў ВНЖ для жыхароў Беларусі і Расіі
Сёлета з-за пагрозы бяспецы Літвы 347 грамадзян краінаў, адказных за вайну ва Украіне, не атрымалі від на жыхарства. Гэта нашмат больш, чым за ўвесь 2022 год.
Кіраўнік Дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайтэсказала Delfi, што найбольш яе ўражвае той факт, што часам вырашаюць, што падтрымка вайны не з'яўляецца пагрозай для бяспекі дзяржавы.
Гудзінскайтэ распавяла Delfi, што з-за пагрозы бяспецы Літвы сёлета 309 беларусаў і 38 расейцаў не атрымалі від на жыхарства ў Літве. "Былі і такія, якім від на жыхарства не выдалі па іншых прычынах, але большая частка замежнікаў усё ж не атрымала яго з прычыны пагрозы бяспекі", — сказала кіраўнік ДМ. У гэты лік уваходзяць і тыя беларусы і расейцы, якія даўно жывуць у Літве і павінны былі падоўжыць від на жыхарства.
Па словах Гудзінскайтэ, раней такая прычына адмовы была рэдкай. У мінулым годзе, у першы год вайны, у відзе на жыхарства ў Літве адмовілі 163 грамадзянам розных краін па розных прычынах (з іх усяго 32 з-за пагрозы бяспекі). "Рост значны, — сказала кіраўнік дэпартамента. — Менавіта з-за вайны ДМ узмацніў кантроль. Грамадзяне Расіі і Беларусі запаўняюць спецыяльную анкету, у якой яны павінны расказаць аб сваёй працы ў мінулым, аб сувязях з праваахоўнымі і сілавымі структурамі, ёсць пытанні аб вайне, аб тым, каго яны падтрымліваюць у вайне".
Гудзінскайтэ акцэнтавала, што колькасць адмоў вырасла з-за ўзмацнення жорсткасці праверкі. "Трэба мець на ўвазе, што раней не было вайны, не было і ўзмоцненай праверкі. Цяпер сітуацыя змянілася, пагроза павялічылася, таму і ацэнка пагроз стала больш жорсткай", — сказала субяседніца. Яна сказала Delfi, што, вядома ж, нейкую інфармацыю аб сваім мінулым чалавек можа схаваць. Праўда, заўважыла, што
"Былі выпадкі ўтойвання інфармацыі, але потым усё высветлілася. У такіх выпадках від на жыхарства скасоўваецца", — заўважыла Гудзінскайтэ. Па словах кіраўніка дэпартамента, нягледзячы на тое, што пазіцыя Літвы ў адносінах да вайны недвухсэнсоўная і добра вядомая, кожны месяц некалькі дзясяткаў чалавек у анкеце паказваюць, што падтрымліваюць Расію і яе матывы. "Гэта здзіўляе. Людзі вераць таму, што гавораць беларускі і расійскі рэжымы, глядзяць і слухаюць прапаганду, жывуць у тым свеце", — сказала яна.
Гудзінскайтэ сказала, што частка людзей, якія атрымалі адмову ў відзе на жыхарства, звяртаюцца ў суд. "На жаль, часам суды гэтую інфармацыю ацэньваюць інакш і лічаць, што падтрымка вайны не з'яўляецца пагрозай дзяржаве. Канечне, мяне як грамадзянку гэта засмучае, але рашэнні судоў трэба паважаць. Суды адсочваюць не толькі пагрозу, але і сувязі чалавека з Літвой, наколькі яны глыбокія, таму яны інакш ацэньваюць сур'ёзнасць сітуацыі, бывае па-рознаму", — заўважыла кіраўнік ДМ.
Праўда, Гудзінскайтэ адмовілася назваць канкрэтныя выпадкі прыняцця судом такіх рашэнняў, паколькі пастанова суда ў сілу яшчэ не ўступіла, а ДМ не ацаніў аргументы суда. Нядаўна выданне Kauno diena распавяла гісторыю пенсіянера грамадзяніна Расіі, які жыве ў Каўнасе 60 гадоў. Мужчына чарговы раз звярнуўся па прадаўжэнне віду на жыхарства і атрымаў адмову. Высветлілася прычына — у анкеце ён указаў, што, на яго думку, Крым належыць Расіі.
Мужчына абскардзіў рашэнне ДМ у Адміністрацыйным судзе Віленскай акругі. Суд найбліжэйшым часам зоймецца разглядам гэтай справы.