Экс-кіраўнік NATO падтрымаў ідэю часовых саступак з боку Украіны для спынення вайны

Былы генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што часовыя тэрытарыяльныя саступкі Украіны могуць стаць крокам да спынення вайны з Расіяй. На яго думку, такая мера не азначае, што Кіеў адмовіцца ад гэтых тэрыторый назаўжды.

Ілюстрацыйны здымак. Kay Nietfeld / DPA

Ілюстрацыйны здымак. Kay Nietfeld / DPA

«Важна, каб Украіна атрымала наўзамен гарантыі бяспекі. Гэта можа быць сяброўства ў NATO ці іншыя меры па ўзбраенні і падтрымцы ўкраінцаў», — адзначыў Столтэнберг у інтэрв'ю выданню Table.Briefings, передае Bild.

Былы кіраўнік NATO падтрымаў патрабаванне Зяленскага не саступаць Расіі ніякіх тэрыторый у выпадку спынення агню, аднак падкрэсліў, што гэта складана рэалізаваць на практыцы.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны загаварыў пра план замарожвання канфлікту ў інтэрв'ю брытанскаму тэлеканалу «Sky News». Уладзімір Зяленскі пракаментаваў паведамленні медыяў пра імаверны мірны план абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, згодна з якім Украіну возьмуць у NATO ў абмен на ахвяраванне тэрыторыямі, захопленымі Расіяй.

Паводле Зяленскага, Альянс мае ўзяць пад абарону тэрыторыю, што кантралюе Украіна, і гэта спыніць агонь:

«Калі мы жадаем спыніць гарачую фазу вайны, мы мусім узяць пад парасон NATO тую тэрыторыю Украіны, якую мы кантралюем. Мы мусім зрабіць гэта хутка. А потым акупаваныя тэрыторыі Украіна зможа вярнуць дыпламатычным шляхам».

Глядзіце таксама

Як падкрэсліў Зяленскі, спыненне агню і далучэнне Украіны да NATO неабходныя, каб гарантаваць, што «Пуцін не вернецца» захопліваць новыя тэрыторыі.

«Sky News» адзначыў, што ўкраінскі лідар упершыню загаварыў пра замірэнне, якое прадугледжвала б кантроль Расіі над украінскімі тэрыторыямі.

На гэта ж звярнула ўвагу выданне «hromadske», якое піша: раней у кантэксце перамоваў з Расіяй і далучэння Украіны да NATO Зяленскі падкрэсліваў, што Украіна ніколі не аддасць сваіх тэрыторыяў у абмен на «любы статус». Акрамя таго, ён называў «абсалютным вар'яцтвам» прапановы саступіць землі дзеля магчымага спынення вайны.

У Крамлі яшчэ не каментавалі інтэрв'ю Зяленскага «Sky News», аднак раней Уладзімір Пуцін казаў, што перамовы з Кіевам могуць пачацца, калі Украіна адмовіцца ад Крыму і чатырох вобласцяў, а таксама не будзе прэтэндаваць на сяброўства ў NATO.

Як нагадвае «Белсат», надоечы CNN апублікаваў артыкул пра мірны план Кіта Келага, якога Дональд Трамп намінаваў на пасаду прадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны. Мяркуецца, што Масква пагодзіцца на замірэнне ў абмен на змякчэнне санкцыяў, Кіеў мае змагацца за акупаваныя тэрыторыі толькі шляхам перамоваў, а далучэнне Украіны да NATO «адкладаецца на нявызначаны тэрмін» у абмен на шырокамаштабнае мірнае пагадненне з гарантыямі бяспекі.