Адмірал NATO: Дрэнны мір можа быць горш за яго адсутнасць

«Гэта не можа быць яшчэ адзін "Мінск-3". Расія не павінна выкарыстоўваць перамір'е для перагрупоўкі» — заявіў кіраўнік ваеннага камітэта NATO, адмірал Джузэпэ Каво Драгонэ. Але захапіць Украіну, падобна, імкнуцца ЗША, і пакуль не рэагуюць на парушэнне рэжыму спынення агню. Ідуць 1129-я суткі вайны РФ супраць Украіны пры падтрымцы агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Фота GettyImages

Фота GettyImages

У цэлым за мінулыя суткі зафіксавана 209 боесутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 сакавіка. Галоўны кірунак расійскай атакі — па-ранейшаму Пакроўскі, дзе абаронцы Украіны спынілі 68 штурмавых дзеянняў расіян у раёнах Панцеляймонаўкі, Александропаля, Вадзянога Другога, Елізаветаўкі, Лісоўкі, Котліна, Удалага, Успенаўкi і іншых.

На Ліманскім кірунку расіяне атакавалі 32 разы, спрабуючы ўклініцца ў абарону Украіны ў раёнах Надзеі, Мірнага, Ямпалаўкі і ў бок Навасергіеўкі, Альгоўкі, Грыгароўкі.

На Купянскім кірунку ўчора адбылося 26 атак расіян у раёнах Загрызавага і ў напрамках Петрапаўлаўкі, Пясчанага, Новай Круглякоўкі.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 24 атакі ў раёнах Крымскага, Азаранаўкі, Курдзюмоўкі, Тарэцка і ў напрамках Дыліеўкі, Леанідаўкі, Шчарбінаўкі.

На Новапаўлаўскім кірунку адбылося 14 атак. У Курскай вобласці Расіі расіяне здзейснішлі 18 штурмаў і нанеслі 22 авіяўдары па сваёй тэрыторыі, скінуўшы пры гэтым 25 кіраваных авіяцыйных бомбаў.

* * *

У Данецкай вобласці расійскія войскі прасунуліся каля вёскі Кацярынаўка і Панцеляймонаўка, паведамляе аналітычны праект Deep State. Таксама зафіксавана прасоўванне расійцаў у раёне Арлянскага (Харкаўская вобласць).

* * *

Расія актывізуе штурмавыя дзеянні на Запарожскім кірунку, узмацняючы ціск на паўднёвыя пазіцыі Украіны, паведаміў спікер сіл абароны поўдня Уладзіслаў Валошын у эфіры тэлемарафона.

Расійскія войскі, са слоў Валошына, назапасілі сілы для правядзення штурмавых дзеянняў малымі групамі пяхоты. Гэтая тактыка, якую Расія выкарыстоўвае на іншых кірунках, дае пэўны вынік і ў Запарожскай вобласці, у прыватнасці на Арэхаўскім і Гуляйпольском кірунках. За апошнія некалькі дзён, пачынаючы з вясны, колькасць такіх атак значна ўзрасла.

«Расійцы хочуць атрымаць як мага больш форы або як мага больш прасунуцца далей у Запарожскай вобласці. Калі будуць мець магчымасць, нават выйсці да адміністрацыйных межаў вобласці», — паведаміў Валошын.

* * *

У ноч на 28 сакавіка 2025 года расіяне атакавалі Украіну 163-ю ўдарнымі БПЛА тыпу Shahed і іншымі беспілотнікамі розных тыпаў, паведамляе Генштаб УСУ. Пацверджана збіццё 89 ударных БПЛА на поўдні, поўначы і ў цэнтры краіны. 51 беспілотнік лакацыйна страчаны (без негатыўных наступстваў).

У Палтаве ў выніку трапленняў і падзення аскепкаў на шасці розных лакацыях было зафіксавана пашкоджанне складскіх памяшканняў, адмінбудынку і трансфарматара аднаго з прадпрыемстваў. Адбыліся ўзгаранні агульнай плошчай 2500 кв.м., якія ў 4 гадзіны раніцы ўжо былі патушаныя. Без пацярпелых.

У Днепрапятроўскай вобласці былі пашкоджаныя сельскагаспадарчае прадпрыемства і інфраструктура.

У Адэскай вобласці ўзнікла ўзгаранне гаражных памяшканняў, гаспадарчай пабудовы, пашкоджаны прыватныя жылыя дамы. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпеў 1 чалавек.

* * *

5418058071348995695.jpg

* * *

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вярнула ў прапанаванае пагадненне аб нетрах патрабаванне да Украіны пакрыць усю дапамогу, якую Штаты далі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе. Пра гэта піша ўкраінская «Еўрапейская праўда», якая валодае тэкстам пагаднення

У тэксце вялікага пагаднення ёсць пункт, што Украіна абавязваецца кампенсаваць ЗША кошт усёй дапамогі — бюджэтнай, вайсковай і гуманітарнай, прадстаўленай пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе.

Сума дапамогі, якая падлягае вяртанню, ацэньваецца ў $123 млрд, па даных Інстытута Кіля. Большая частка гэтых сродкаў была накіравана на ваенную падтрымку, уключаючы заказ ўзбраення ў амерыканскіх вытворцаў, перадачу залішняй зброі і папаўненне запасаў Пентагона.

Раней украінская ўлада, у прыватнасці прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, адзначала, што беззваротная дапамога ЗША не можа быць пераўтвораная ў доўг. Гэтае пытанне было адной з галоўных «чырвоных ліній» для Кіева.

* * *

Прэм'ер-міністр Канады Марк Кэрні заявіў, што Атава павінна «рэзка паменшыць залежнасць ад ЗША» на фоне двухбаковай гандлёвай вайны і заявіў, што Канадзе трэба перагледзець бяспеку і гандлёвыя адносіны з ЗША.

«Відавочна, што ЗША больш не з'яўляюцца надзейным партнёрам. Магчыма, што з дапамогай ўсёабдымных перамоваў мы зможам аднавіць элемент даверу, але шляху назад не будзе», – сказаў канадскі прэм'ер.

* * *

Пасля сустрэчы «кааліцыі рашучых» у Парыжы 27 сакавіка толькі Францыя і Вялікабрытанія настойваюць на разгортванні ва Украіне «сіл заспакаення», гэта значыць уласных войскаў; тады як у Італіі хочуць адправіць войскі, калі яны будуць часткай місіі ААН, А Польшча — цалкам выключыла такую магчымасць. Адзначаецца, што сярод еўрапейскіх лідараў няма «аднадушнасці» адносна ўвядзення сіл ва Украіну, піша The New York Times.

Калі гаворка зайшла аб падтрымцы ЗША, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон сказаў: «Вы павінны спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага». «Мы таксама аднадушна пагадзіліся, што цяпер не час адмяняць санкцыі, якімі б яны ні былі», — адзначыў ён.

Лідары ў Парыжы таксама паабяцалі павялічыць кароткатэрміновую вайсковую дапамогу Украіне, у тым ліку шляхам паскарэння выплаты крэдытаў, забяспечаных расійскімі актывамі, пра якія было дамоўлена летась.

* * *

Замарозка вайны ва Украіне з'яўляецца горшым з магчымых сцэнарыяў. Заходнія партнёры ў першую чаргу сканцэнтраваны на дасягненні сапраўднага працяглага міру, заявіў у інтэрв'ю РБК-Украіна кіраўнік ваеннага камітэта NATO, адмірал Джузэпэ Каво Драгонэ.

«Вядома, усе мы імкнемся да поўнага спынення баявых дзеянняў на ўсёй тэрыторыі Украіны і справядлівага і трывалага міру. Але, як я ўжо казаў, дрэнны мір можа быць горш за яго адсутнасць. Замарожаны канфлікт — гэта горшы сцэнар. Таму цяпер варта засяродзіцца на дасягненні сапраўднага, працяглага міру», — сказаў Драгонэ.

Цяпер паміж ваюючымі бакамі дзейнічае частковае перамір'е на Чорным моры і ў энергетыцы. Украінскі бок лічыць, што расійцы ўжо парушылі гэты рэжым — учора РФ масіравана абстраляла Херсон, у выніку чаго пацярпеў энергетычны сектар. Як паведаміў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, афіцыйны Кіеў чакае рэакцыі ад ЗША, таму што яна павінна кантраляваць выкананне дамоўленасцяў.

* * *

Таксама кіраўнік ваеннага камітэта NATO, адмірал Джузэпэ Каво Драгонэ назваў тры ўмовы, пры якіх міратворцы могуць быць размешчаныя ва Украіне. «Па-першае, павінна быць абсалютнае спыненне агню, якога будуць прытрымлівацца абодва бакі. Па-другое, неабходны магутны мандат, пажадана пад эгідай ААН. Па-трэцяе, гэта павінна быць аўтарытэтная, шматнацыянальная сіла, якая будзе складацца не толькі з еўрапейскіх войскаў, і будзе мець дастатковую колькасць для забеспячэння істотнага прысутнасці ўздоўж усёй расійска-украінскай мяжы», — лічыць ён.

На яго думку, галоўнай гарантыяй бяспекі для Украіны будуць заставацца яе ўласныя ўзброеныя сілы. Таму Украіна і ў далейшым будзе атрымліваць ваенную дапамогу ад шэрагу краін у выглядзе паставак зброі, навучання і забеспячэння ўзаемадзеяння. 

«Пасля вайны неабходны ўстойлівы мір. Гэта не можа быць яшчэ адзін "Мінск-3". Расія не павінна выкарыстоўваць перамір'е для перагрупоўкі і больш ніколі не павінна спрабаваць захапіць ні адзін квадратны сантыметр украінскай зямлі. Менавіта таму хаўруснікі NATO надаюць Украіне такую значную падтрымку. Гэта важна не толькі для бяспекі Украіны, але і для бяспекі ўсёй Еўропы і свету», — дадаў старшыня ваеннага камітэта NATO.