965-ты дзень вайны. Новы генеральны сакратар NATO: «Альянс зробіць усё, каб Пуцін не дамогся сваіх мэтаў ва Украіне»
У выніку ракетнага ўдару па Мікалаеве загінула жанчына, яшчэ 23 чалавекі атрымалі раненні. Распавядаем галоўнае, што адбылося падчас чарговага дня поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Уначы расійскія войскі атакавалі Мікалаеў ракетамі С-300
Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Кім. Паводле яго даных, пашкоджаны інфраструктурны аб'ект, рэстаран, гандлёвыя павільёны, жылыя дамы і аўтамабілі.
Загінула жанчына, яшчэ 23 чалавекі атрымалі раненні.
Генеральны сакратар NATO: «Альянс зробіць усё, каб Пуцін не дамогся сваіх мэт ва Украіне»
НАТА не баіцца пагроз з боку Расіі і працягне аказваць рашучую падтрымку Кіеву, заявіў генеральны сакратар альянсу Марк Рутэ падчас першага візіту на базу ў нямецкім Вісбадэне, дзе будзе размешчаны галоўны каардынацыйны цэнтр па аказанні дапамогі Украіне.
"Пасланне [прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну] заключаецца ў тым, што мы працягнем рабіць усё неабходнае, каб пераканацца, што ён не дасягне сваіх мэт, і Украіна пераможа", – сказаў ён у інтэрв'ю агенцтву Reuters і Гесенскаму радыё (перадае Бі-бі-сі).
Плануецца, што комплекс у Вісбадэне, адміністрацыйным цэнтры федэральнай зямлі Гесэн, пад назвай NATO Security Assistance and Training for Ukraine (NSATU) паступова возьме на сябе каардынацыю заходняй ваеннай дапамогі Кіеву.
Гэты крок разглядаецца многімі як спроба абараніць механізм дапамогі ад магчымага вяртання рэспубліканца Дональда Трампа ў Белы дом, адзначае Reuters.
Чакаецца, што агульная колькасць цэнтра складзе каля 700 чалавек, у тым ліку ўкраінскіх вайскоўцаў і падраздзяленні, размешчаныя на аб'ектах НАТА ў Бельгіі, Польшчы і Румыніі.
На базе ў Вісбадэне таксама знаходзіцца амерыканскае падраздзяленне, якое адказвае за ракеты вялікай далёкасці — іх Вашынгтон плануе часова размясціць у Германіі з 2026 года, каб супрацьстаяць пагрозе ад расійскіх ракет у Калінінградскай вобласці, дадае агенцтва.
Паліцыя Украіны за дзень атрымала больш за 2000 ілжывых паведамленняў аб мініраванні
Паліцыя Украіны 14 кастрычніка атрымала больш за 2000 ілжывых паведамленняў аб мініраванні, якія ў асноўным датычыліся адміністрацыйных будынкаў у розных гарадах краіны. Пра гэта ў аўторак паведаміла прэс-служба Нацыянальнай паліцыі Украіны.
Прэс-служба паліцыі адзначае, што большасць паведамленняў прыйшла з расійскіх IP-адрасоў.
«Такія паведамленні — гэта почырк расейскіх спецслужбаў, імі яны вядуць супраць Украіны гібрыдную вайну, спрабуючы выклікаць масавую паніку і выматаць сістэму дзяржаўных і праваахоўных органаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ўкраінскай паліцыі.