Старажытны касцёл манахаў-аўгусцінцаў. Архітэктурны цуд у Міхалішках
Сёння вы даведаецеся больш пра ўнікальную архітэктуру Міхалішак. Пры дапамозе ўнікальнай тэхнікі «Лічбавая акварэль» аўтары гэтага відэа Ян і Юлія на канале «Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура» пакажуць вам тое, што вы магчыма больш нідзе не ўбачыце!
Невялічкае мястэчка Міхалішкі раскінулася паабапал ракі Вілія яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя, таму ўжо на пачатку XVII стагоддзя тут быў заснаваны манастыр і касцёл аўгусцінаў як помнік сармацкага барока на Беларусі, якое з’яўляецца адгалінаваннем позняга барока XVII-XVIII стагоддзя. Крайні кансерватызм стылю адбіўся на вонкавым дэкоры архітэктуры, зрабіўшы яе строгай і стрыманай. Такім чынам, храмы дзеля абароны жыхароў княства ад нападу Масковіі больш нагадвалі крэпасці, як, напрыклад, фарны касцёл у Наваградку.
Калі больш дакладна, тутэйшы манастыр з'явіўся ў 1622 годзе, а будынак касцёла святога Міхала Арханёла – праз 30 гадоў, у 1653 годзе. Ён быў пабудаваны паводле праекта бельгійскага архітэктара Крыштафа Пенса. І ўсё гэта дзякуючы манахам-аўгусцінам. Іх ордэн узнік яшчэ ў XIII стагоддзі, а за крэда ўзяў пастулат Аўрэлія Аўгусціна 430 году. Па Еўропе і пазней на тэрыторыі РП манаскі жабрацкі ордэн займаўся асветніцкай дзейнасцю. Але ў XVI стагоддзі прыйшоў у заняпад у Еўропе дзякуючы Марціну Лютэру, манаху-аўгусціну, які паклаў пачатак пратэстантызму і раскалоў рэлігійнае грамадства. На тэрыторыі ВКЛ ордэн праіснаваў значна даўжэй – дзякуючы больш мірнаму менталітэту і кіруючай уладзе, што, зразумела, складалася з каталіцкай шляхты.
Па сваёй архітэктуры двухвежавы аднанефавы касцёл у Міхалішках вельмі нагадвае Засвірскі храм. У абодвух храмах асаблівай увагі вартая ўваходная група, бо замест звыклых ворных дзвярэй мы можам назіраць аскетычны барбакан, падобны да крэпасных муроў, што выконваў ахоўную функцыю падчас ваенных канфліктаў паміж ВКЛ і Масковіяй.
На жаль, з 1832 года манастыр аўгусцінаў, як і большая частка каталіцкіх храмаў, быў закрыты расейскімі ўладамі за ўдзел у вызваленчым паўстанні. Цягам акупацыі большасць манастырскіх пабудоў былі знішчаны або разабраны на цэглу, што выклікала моцную незадаволенасць з боку насельніцтва.
Але не турбуйцеся, каталіцкія вернікі аднавілі святыню з прыходам незалежнасці, і вы можаце самі спраўдзіць гэта.