Затрыманы за навуковыя інтарэсы
Навіна пра затрыманне Аляксандра Зімніцкага
шакавала ўсіх яго сяброў і знаёмых, аднакурснікаў і калегаў. Пра тое, што Алесь
у чымсьці вінаваты ніхто не верыць і ўсе спадзяюцца на яго хуткае вызваленне.
Вось, што пра Аляксандра распавяла яго калега Марыя Сцяпанава:
— З Алесем знаёмыя са студэнцкіх гадоў: ён паступіў на гістфак БДУ на год пазней за мяне, жылі ў адным інтэрнаце, бывалі ў адных археалагічных экспедыцыях. Ён вельмі выхаваны, апанаваны і пры гэтым сціплы. З дамамі галантны. Мы яшчэ ў аддзеле смяемся, што ён са сваім красамоўствам можа начальніцу ў любой сітуацыі на свой бок перацягнуць.
Увогуле ва ўсіх у музеі (Зімніцкі працуе навуковым супрацоўнікам Нацыянальным гістарычным музеі — рэд.) вельмі добрае стаўленне да аб Алеся (можа, канешне, тое, што калектыў з большага жаноцкі сказваецца). І Алесь да ўсіх вельмі прыязна ставіцца. Калі нехта прасіў дапамогі ці нешта пытаў — ніколі, падаецца, не адмаўляў. Што, дарэчы, стала прычынай занепакоенасці, бо я да яго па кансультацыю звярнулася ў чацвер, а ён мне нічога не адказаў, хаця ж высветлілася, што паведамленне прачытана.
У сувязі з гучнымі затрыманнямі за захоўванне страйкбольных вінтовак мы яшчэ з калегамі пажартавалі: "Можа захавальніка калекцыі зброі затрымалі за захаванне зброі..." Па-дурацку неяк атрымалася. Мне вельмі за тое сорамна.
Алесь працуе ў аддзеле археалогіі, нумізматыкі і зброі (у тым жа што і я) і уласна адказвае за калекцыі зброі і абмундзіравання. Увогуле, вайсковая гісторыя з'яўляецца сферай яго навуковых інтарэсаў.
Алесь зараз вучыцца ў аспірантуры, мне падаецца яго дысертацыя звязана з вайсковай справай XVI-XVII стагоддзяў. Таму няма нічога дзіўнага (калі гэта была адна з падстаў для затрымання), што ён часта сядзіць у суполках, прысвечаных зброі — гэта яго праца, ён мусіць атрыбутаваць і даследаваць прадметы са сваіх калекцый".