Затрыманага па справе «Белага легіёна» Сяргея Барстка могуць выпусціць ужо заўтра
Жонка Сяргея Барстка Аляксандра са спасылка на адваката паведаміла
«Нашай Ніве», што 29 сакавіка будуць праходзіць следчыя мерапрыемствы,
пасля якіх стане ясна, ці затрыманага адпусцяць, ці працягнуць
знаходжанне ў зняволенні.
Сяргей Барсток з'яўляецца адным з затрыманых 21 сакавіка па так званай «справе «Белага легіёна». Яму 34 гады. Барсток вучыўся на электрамантажніка. Афіцыйна апошнім часам не працаваў, дапамагаў з рамонтам бабулі жонкі. Раней працаваў будаўніком.
«Каб жа хоць кудысьці хадзіў… Мы былі ў шоку падчас ператрусу, усё гэта было абсалютна нечакана. Сказаў, калі доўга яго не будзе, знайсці Ніну Шыдлоўскую. Я была больш-менш спакойная, бо думала, што гэта трызненне. Калі раніцай наступнага дня прачнулася, прачытала навіны, то жахнулася», — расказвае Аляксандра Барсток.
У пары ёсць малая дачка — 1 год і 4 месяцы.
«Я ведаю, што ён быў затрыманы на Плошчы, ці то ў 2006, ці ў 2010 гадах. Мы жанатыя трэці год, таму я нават да канца не ведаю гэтую гісторыю… Ён добра ведаў Міраслава Лазоўскага, хаця даўно ўжо не стасаваўся з ім. Дома падчас ператрусу для чагосьці забралі бінокль, вельмі добры, яшчэ майкі — з сімвалам чорнае сонца. Натуральна, што забралі цвёрдыя дыскі, флэшкі, складныя нажы», — працягвае Аляксандра.