Яшчэ двух фігурантаў «справы патрыётаў» вызвалілі

Па інфармацыі Праваабарончага цэнтра «Вясна», з СІЗА КДБ адпушчаны яшчэ два фігуранты справы аб падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


31 сакавіка з СІЗА КДБ выйшлі Вячаслаў Дукшт, спецназавец з Мар’інай Горкі,  і Ілля Грэк, намеснік начальніка па ідэалогіі смаргонскага памежнага атрада. Абодва былі затрыманыя 21 сакавіка.  
Нагадаем, што 31 сакавіка таксама быў адпушчаны Сяргей Барсток, а 1 красавіка — чатыры актывісты "Маладога фронту" — Дзмітрый Крамянецкі, Раман Васільеў, Арцём Леўчанка і Уладзімір Яроменак. У спісе затрыманых па справе аб падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў” застаецца 21 чалавек. Вядома, што 10-ці з іх ужо прад'яўлены абвінавачванні па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Частка 3 артыкула 293 КК “Масавыя беспарадкі”:
Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, якiя суправаджаюцца ўчыненнем дзеянняў, прадугледжаных часткай першай гэтага артыкула, а таксама фiнансаванне цi iншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці- караюцца арыштам на тэрмін да шасці месяцаў або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.