Стыль «мілітары» па-за законам?

Падобна на тое, што КДБ пачаў распрацоўку справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, зыходзячы са стылю вопраткі. Прынамсі, такое адчуванне ўзнікае пасля прэс-канферэнцыі сваякоў і сяброў затрыманых.

kgb_reuters112345.jpg

Сыходзячы з паведамлення КДБ, па артыкуле 293 частцы 3 Крымінальнага Кодэксу «масавыя беспарадкі» затрымана ўжо 26 чалавек. Поўнага спісу праваабаронцы не ведаюць, і даведваюцца пра такіх людзей іншым разам цалкам выпадкова. Таму не выключана, што гэты спіс будзе папаўняцца.

Блізкія і сябры затрыманых, якія правялі 24 сакавіка прэс-канферэнцыю, багата чаго не ведаюць пра сваіх родных, якія зараз знаходзяцца ў няволі. Усё таму, што, як і ў 2010 годзе, да іх не пускаюць адвакатаў. Але, нягледзячы на гэта, штодня па беларускіх тэлеканалах з затрыманых робяць "ворагаў-экстрэмістаў".

Таму прэс-канферэнцыя была ў нечым вымушанай — каб хоць крыху дадаць праўды ў той скажоны малюнак, які падаецца афіцыйнай прапагандай.

Ніна Шыдлоўская, былая жонка Міраслава Лазоўскага пад час прэс-канферэнцыі зазначыла, што яе былы муж — пакуль адзіны, да каго быў дапушчаны адвакат. Прычым, адвакат была ў Лазоўскага ў дзіўны час — з 21 гадзіны да трох гадзінаў ночы. Бачна, іншага часу для сустрэчы адваката з падабаронным следчыя не знайшлі.

«Адвакатка не ўсё можа казаць, але яна паведаміла, што ў панядзелак будзе падаваць скаргу на імя Генеральнага пракурора Беларусі адносна двух рэчаў. Па-першае, дзеянняў супрацоўнікаў «органаў», якія былі здзейсненыя пры затрыманні Лазоўскага, і па-другое, адносна тых рэчаў, якія нібыта знайшліся ў машыне Лазоўскага. Гэтых рэчаў у машыне не было, яны былі яму прыпісаныя», — зазначыла Шыдлоўская.

Шыдлўская катэгарычна абвергла інфармацыю пра тое, што ў Лазоўскага магла быць нейкая зброя. «Я з ім пражыла ў шлюбе восем год. І ніводнага разу ў кватэры зброі не бачыла. Больш таго, Лазоўскі — паляўнічы. І, калі б ён захацеў мець зброю, ён бы мог набыць яе легальна», — сказала Шыдлоўская. Але, паколькі зброі ў Лазоўскага восем год не было, значыць, і жадання мець яе не ўзнікала.

Як вядома, Ніна Шыдлоўская з’яўляецца адной з кіраўніц Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і адной з ініцыятарак кампаніі «Будзьма беларусамі». Таму частку затрыманых яна ведае менавіта па гэтай дзейнасці — дзейнасці культурніцкай і асветніцкай. І яна ўпэўненая, што людзі, якія займаліся распаўсюдам кніг і ладзілі культурніцкія акцыі, не маглі рыхтаваць нейкія «масавыя беспарадкі».

Юлія Букштыновіч, жонка Віктара Данілава, распавяла пра затрыманне свайго мужа, ператрус, які доўжыўся ў іх дваццаць гадзін, а таксама паведаміла, адкуль у яе хаце ўзяліся вучэбныя гранаты і патроны. Аказваецца, гэта проста сувеніры. Муляжы гранатаў, напрыклад, выкарыстоўваліся як падстаўкі для алоўкаў і асадак. А адкуль у яе мужа такое захапленне боепрыпасамі? Ды ўсё вельмі проста. Віктар Данілаў выкладаў у мінскай школе №55 ваенную падрыхтоўку. То бок, быў «ваенруком». Таму ў яго розныя мілітарызаваныя навучальныя «цацкі» можна было знайсці не толькі дома, але і на працы. Прычым, канфіскавалі ў Данілава нават нагавіцы колеру «хакі».

Зброя Данілава аказалася далёка не баявой

Зброя Данілава аказалася далёка не баявой

Прычым, вельмі цікава, як Юлія і Вадзім пазнаёміліся. Юлія па ўласнай ініцыятыве рабіла дабрачынныя асветніцкія праграмы і чытанні казак для дзяцей у дамах-інтэрнатах. І аднойчы ёй параілі звярнуцца ў «Бацькаўшчыну» па нейкую дапамогу. «Бацькаўшчыне» яе перанакіравалі да Віктара, як да самага адказнага і чуллівага чалавека. І пакрысе яны сталі рабіць чытанні казак у дамах-інтэрнатах разам.

Жонка Сяргея Барстока Аляксандра дагэтуль не разумее, чаму затрымалі яе мужа. 21 сакавіка да іх прыйшлі нейкія людзі, выклікалі Сяргея за дзверы кватэры, дзе і паказалі яму ордэры на арышт і на ператрус. Родным ніякіх дакументаў не дэманстравалі. Вынялі ў Сяргея носьбіты інфармацыі і бінокль, а таксама майкі з вышыўкай, хоць Сяргей і тлумачыў, што там ніякіх загадкавых рунаў няма. Адвакат да Сяргея яшчэ не трапіў.

Сюрпрызам для прысутных стаў Аляксей Кавальчук — брат Івана Кавальчука. Гэтага чалавека няма ў спісе праваабаронцаў, брат іх знайшоў сам. Іван Кавальчук знік увечары ў аўторак. Усю сераду Аляксей шукаў свайго родзіча па моргах, бальніцах, РАУСах і спецпрыёмніках, і толькі праз суткі дзяжурны адвакат паведаміў Аляксею, што яго родзіч затрыманы ў справе «масавых беспарадкаў».

Якое дачыненне Іван Кавальчук мае да «Белага Легіёну»? Ды ніякага. Па-першае, ён, як кажуць, нідзе «не ўдзельнічаў, не быў, не прыцягваўся». Па-другое, Іван вучыцца на апошнім курсе БНТУ, паралельна працуе па спецыяльнасці, жыве ў інтэрнаце. Зранку — на вучобу, пасля яе — на працу, па вечарах і начах — піша дыплом. Нават часу няма, каб нешта падрыхтаваць (акрамя дыплому, канешне), не кажучы ўжо пра беспарадкі. Па-трэцяе, калі існаваў «Белы Легіён», Іван, прабачце, пешкі пад стол хадзіў.

Але Іван займаўся дыгерствам, лазіў ва ўсялякія сутарэнні. Таму ў яго пакоі ў інтэрнаце былі знойдзеныя каскі, ліхтары, і адзенне ў стылі «мілітары».

Напрыканцы прэс-канферэнцыі з’явілася Анастасія Дашкевіч, жонка Змітра Дашкевіча. Яна паведаміла, што па гэтай справе затрыманыя шасцёра «маладафронтаўцаў» — сам Дашкевіч, Зміцер Крэмянецкі, Арцём Леўчанка, Сяргей Пальчэўскі, Уладзь Яроменак і Раман Васільеў. Да ўсіх іх адвакатаў пакуль не пускаюць.

Што можа быць агульнага ў студэнта БНТУ, намесніка дырэктара «Кнігазбору», ваенрука і «маладафронтаўца»? Агульнае, што і забіралі следчыя пад час ператрусаў — адзенне ў стылі «мілітары» і колеру «хакі». Улічваючы, што яно ў вольным продажы — так можна перасадзіць палову краіны.

Па логіцы КДБ, супермадэль Наталля Вадзянава таксама "рыхтуе масавыя беспарадкі"

Па логіцы КДБ, супермадэль Наталля Вадзянава таксама "рыхтуе масавыя беспарадкі"

А яшчэ агульнага ў іх, па словах юрыста Валянціна Стэфановіча — істэрыка дзяржаўнай прапаганды і нагнятанне атмасферы страху ў грамадстве. Як паведаміў Стэфановіч, 24 сакавіка сем праваабарончых арганізацый Беларусі прынялі заяву з патрабаваннем да ўладаў «спыніць нагнятанне істэрыі і атмасферы страху ў беларускім грамадстве». Таксама праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх асобаў, якія былі падвергнуты адвольным затрыманням ці адміністрацыйным арыштам за ўдзел у мірных сходах і выказванне меркавання; забяспечыць няўхільнае выкананне ўсіх працэсуальных гарантый асобам, узятым пад варту ў межах узбуджанай крымінальнай справы; устрымацца ад любых формаў ціску на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку адвакатаў; забяспечыць правы грамадзянаў на мірныя сходы і выказванне меркавання, устрымацца ад ужывання гвалту ў дачыненні да іх, не перашкаджаць журналістам у іх прафесійнай дзейнасці.

Ці пачуюць улады гэты заклік, мы пабачым ужо хутка.