Сяргей Пальчэўскі: Пад псеўданімам «Артур» я падпісаў супрацу з КДБ
Актывіст Маладога Фронту Сяргей Пальчэўскі, які праходзіць па "справе патрыётаў", прызнаўся, што пасля затрымання падпісаў супрацу з КДБ.
"Сябры, хачу перад вамі паспавядацца. І судзіце мяне так, як хто палічыць патрэбным. Сёньня я прызнаюся ў тым, што падпісаў супрацу з КДБ", — напісана ад імя Сяргея Пальчэўскага на старонцы Маладога Фронту ў фейсбуку.
Сяргей распавядае, што на першым жа допыце, на які яго прывезлі ў цэнтральны апарат камітэта, у яго адбылася размова без адваката з двума гэбэшнікамі, якія адразу пачалі патрабаваць ад актывіста, каб ён распавёў нешта па “справе патрыётаў”. Калі Пальчэўскі адмовіўся, яго пачалі шантажаваць.
"Мне была выказана пагроза крымінальнага перасьледу і дадатковага тэрміну за ДТЗ з маім удзелам. Справа ў тым, што сёлета ў лютым я, рухаючыся за стырном, зьбіў на пешаходным пераходзе жанчыну. Дзякуй Богу, ДТЗ абышлося без пераломаў, але пашкоджаньні здароўю кваліфікаваныя ячк менш цяжкія і за гэта, пры жаданьні пацярпелай, можа быць узбуджана крымінальная справа.
Таксама была агучана пагроза публікацыі нейкіх інтымных падрабязнасьцяў аб маім асабістым жыцьці. Па шчырасьці сказаць, я і ня вельмі зразумеў, пра што вядзецца гаворка. Цяпер узгадваю, што за некалькі дзён да арышту мне грукаліся ў сетцы “Укантакце” невядомыя людзі і казалі мне, што ведаюць аб тым, што я гей ды прапаноўвалі мне адкрыцца ў “шчырай размове”. Гэтых людзей я заблякаваў, але калі вычварэнцам з КДБ цікава, сёньня я прызнаюся: я ня гей.
На завяршэньне мне пагражалі “пятушатнямі” ў зоне".
Сяргей піша, што паколькі ён вёў ніякай злачыннай дзейнасці, не ведаў ніякіх сакрэтаў, з улікам шантажу, ён вырашыў даваць паказанні. Пасля прыватнай размовы гэбэшнікі загадалі паўтарыць усё гэта пры адвакаце і далі на подпіс падпіску аб супрацы.
"Пад псеўданімам “Артур” я падпісаў супрацу з КДБ, разважаючы аб тым, што па вызваленьні прызнаюся аб гэтым маім сябрам. І сёньня я каюся ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Калі нехта мяне асуджае за ўчыненае, я лічу, што кожны мае на тое поўнае права", — заключае Сяргей Пальчэўскі.