Ніна Шыдлоўская: «Сістэма так проста нікога не выпускае»
Улада шукае мяккія варыянты ў "справе патрыётаў", аднак расслабляцца нельга, лічыць Ніна Шыдлоўская.
Заўчасна казаць, ці дойдзе справа “Белага легіёну” да суда, — сказаў старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык, каментуючы пытанні журналістаў у парламенце. Зараз у следчых ізалятарах знаходзіцца 14 чалавек з 32 раней затрыманых. Яны абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.
Па словах Ніны Шыдлоўскай, былой жонкі аднаго з затрыманых па гэтай справе Міраслава Лазоўскага, выказванні старшыні КДБ пацвярджаюць яе ранейшыя меркаванні, што доказаў вінаватасці затрыманых няма.
— Я так разумею, што шукаюцца хады з боку сілавых структураў, якім чынам можна гэтую справу вывесці на больш мяккі, ашчадны варыянт. Гэта не горшае разгортванне падзеяў. З іншага боку, я разумею таксама, што сістэма так проста нікога не выпускае. Насамрэч было вельмі шмат рэсурсаў укладзена ў гэтую справу, у працу следчых і ўсіх астатніх сілавых ведамстваў, якія былі задзейнічаны.
Таму ўлады ўсё ж могуць пайсці па шляху абвінавачвання гэтых людзей хаця б у нечым. Так проста яны не адпусцяць тых, на каго гадамі мелі зуб. Таму ні грамадству, ні міжнародным структурам, ні сваякам затрыманых расслабляцца нельга, — кажа Ніна Шыдлоўская.
І тым больш дзіўна і абуральна чуць выказванні некаторых грамадзянаў, у тым ліку праваабаронцаў, якія не выключаюць, што затрыманыя могуць быць у нечым вінаватыя, падкрэсліла Ніна Шыдлоўская.
Генадзь Барбарыч, Беларускае
Радыё Рацыя