Кіраўнік КДБ распавёў, ці дойдзе «справа патрыётаў» да суда
Кіраўнік КДБ Беларусі Валерый Вакульчык лічыць заўчасным гаварыць аб тым, ці дойдзе справа "Белага легіёну" да суда, бо "следства аб'ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць".
Пра гэта ён заявіў 13 чэрвеня журналістам у Палаце прадстаўнікоў, адказваючы на пытанне, ці дойдзе справа да суда з улікам таго, што яе фігурантаў пачалі адпускаць.
"Гэта заўчасна казаць пра гэтыя пытанні. Справа ў тым, што следства аб'ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур'ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб'ектыўна разабрацца".
Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб "баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек: былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт).
Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер пад вартай застаюцца 14 фігурантаў справы. Спынены крымінальны пераслед у дачыненні да намесніка старшыні аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргея Кулініча, членаў "Маладога фронту" Сяргея Пальчэўскага, Дзмітрыя Дашкевіча і Рамана Васільева. Абвінавачанні таксама знятыя з кіраўніка бабруйскага клуба "Патрыёт" Мікалая Міхалькова і яго сына Яна.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН