ЗША: Расія збіраецца закупіць ракеты і артылерыйскія снарады ў Паўночнай Карэі
Амерыканская выведка паведамляе, што Міністэрства абароны Расіі плануе закупіць «мільёны ракет і артылерыйскіх снарадаў» у Паўночнай Карэі для вядзення вайны на Украіне.
Брыгадны генерал Пэт Райдэр, прэс-сакратар Пентагона, заявіў у аўторак, што «Расія спецыяльна запытала боепрыпасы». Ён сказаў, што ЗША бачылі прыкметы збліжэння Расіі з Паўночнай Карэяй, але не прадаставіў падрабязнасцей пра тое, ці перайшлі грошы з рук у рукі і ці працягваюцца пастаўкі, паведамляе агенцтва «Associated Press».
«Гэта дэманструе сітуацыю, у якой аказалася Расія, з пункту гледжання яе магчымасцей матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і забеспячэння жыццядзейнасці ў сувязі з вайной ва Украіне, — сказаў Райдэр у першых публічных каментарах адміністрацыі па ацэнцы выведданых. — Мы ацэньваем, што справы ў Расіі на гэтым фронце ідуць не вельмі добра».
Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Джон Кірбі заявіў, што пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што закупка зброі сапраўды мела месца або што якія-небудзь паўночнакарэйскія боепрыпасы патрапілі на поле бою ва Украіну. Аднак, ён сказаў, што самі па сабе перамовы былі «яшчэ адным сведчаннем таго, у які адчай упадае Пуцін».
«Ён купляў беспілотнікі ў Ірана, цяпер ён збіраецца купляць артылерыйскія снарады ў Паўночнай Карэі. Гэта сведчыць пра тое, як моцна пакутуе яго абаронна-прамысловы комплекс у выніку гэтай вайны, і пра ступень адчаю, з якім ён звяртаецца па дапамогу да такіх краін, як Іран і Паўночная Карэя», — сказаў Кірбі.
Ён таксама сказаў, што, паводле даных выведкі ЗША, запыт Расіі складае «мільёны патронаў», але не паведаміў ніякіх дадатковых падрабязнасцей.
На пытанне, чаму гэтая інфармацыя была рассакрэчаная, Райдэр адказаў, што гэта важна для ілюстрацыі стану ваеннай кампаніі Расіі ва Украіне. І, паводле яго слоў, гэта паказвае, што «яны спрабуюць дагрукацца да міжнародных гульцоў, такіх як Іран і Паўночная Карэя, у якіх не самыя лепшыя паказчыкі, калі гаворка заходзіць пра міжнародную стабільнасць».
Амбасадар Расіі ў ААН Васіль Небензя назваў знаходку амерыканскай выведкі «яшчэ адной распаўсюджанай фальшыўкай». Пазней Небензя дадаў: «Я магу толькі пасмяяцца з гэтага».
Паўночная Карэя імкнулася ўзмацніць адносіны з Расіяй, абвінавачваючы Злучаныя Штаты ва ўкраінскім крызісе і асуджаючы «гегемонію» Захаду як апраўданне ваенных дзеянняў Расіі на Украіне. Паўночнакарэйцы намякнулі на зацікаўленасць у адпраўцы будаўнікоў для аказання дапамогі ў аднаўленні акупаваных Расіяй тэрыторый на ўсходзе Украіны.
Амбасадар Паўночнай Карэі ў Маскве нядаўна сустрэўся з прадстаўнікамі так званых «ДНР» і «ЛНР» і выказаў аптымізм з нагоды супрацоўніцтва ў «галіне працоўнай міграцыі».