Украіне зараз цяжка ваяваць з Расіяй, але ўсё яшчэ можа змяніцца
Расійцы ціснуць на фронце і выбіваюць УСУ з невялікіх населеных пунктаў, але галоўныя падзеі ў гэтай вайне яшчэ наперадзе. І не абавязкова яны дрэнныя для Украіны.
Тыдзень таму расійскія акупацыйныя сілы захапілі Аўдзееўку. У наступныя дні ўзялі пад кантроль яшчэ некалькі вёсак каля горада. У пуцінскай РФ свята, прапаганда б’е ў барабаны, z-паблікі хваляцца, што ледзь не заўтра заваююць Харкаў і ўвогуле возьмуць курс на Кіеў.
Усё гэта адбываецца на фоне праблем ва ўкраінскай арміі. Галоўная — недахоп узбраенняў праз маруднасць і пэўны крызіс у заходніх партнёраў. Але ці сведчыць гэта, што «ўсё прапала»?
ЗША ніяк не могуць перадаць Кіеву 60 млрд долараў
Напрыканцы мінулага года Украіна вычарпала чарговы пакет амерыканскай дапамогі. Папярэдне была дамова, што на 2024-ты Вашынгтон падкіне яшчэ 60 млрд, але вось ужо на парозе вясна, а з-за акіяна не прыйшло нічога. Праз гэта УСУ вымушаныя эканоміць боепрыпасы, што дае захопнікам перавагі на фронце.
Узгадненне новага пакета захрасла на ўзроўні Палаты прадстаўнікоў ЗША. Там дамінуюць рэспубліканцы, але само па сабе гэта некрытычна. Частка кангрэсменаў з гэтай партыі цалкам на баку Украіны, і тэарэтычна большасць галасоў за станоўчае рашэнне дасяжная. Выразна супраць толькі прыхільнікі Дональда Трампа, і што самае кепскае — пасаду спікера займае зацяты трампіст Майк Джонсан. Толькі ён можа вынесці на галасаванне пытанне дапамогі Украіны — і толькі ён працэс блакуе.
Лічыцца, што Джонсан з’яўляецца марыянеткай Трампа — а той настолькі апантаны перамогай на выбарах, што іншых каштоўнасцяў для яго не існуе. Ён гатовы ахвяраваць жыццямі тысяч украінцаў, будучыняй гэтай краіны, толькі б выставіць недарэкай Джо Байдэна і набраць рэйтынгавыя ачкі.
Таму справа пакуль так і не рухаецца.
Еўропа нерашучая, баіцца раздражняць Крэмль
Пра баязлівасць і пракрастынацыю еўрапейскіх краін сказана ўжо так шмат, што паўтарацца няма сэнсу. Беларусы з 2020 года ведаюць, што такое «заклапочанасць» і «занепакоенасць» у розных рэзалюцыях, за якімі так мала рэальных спраў. Цяпер ведаюць і ўкраінцы.
Вядома, з крытыкай важна не перабольшваць, бо Еўрасаюз неаднародны і дапамогу ад яго — і немалую — Украіна ўсё ж атрымлівае. ЕС увёў досыць адчувальныя санкцыі супраць РФ і агулам даў Кіеву шмат зброі. Але ледзь не кожная партыя цяжка абмяркоўвалася ў Брусэлі і праз гэта страчваўся каштоўны час. І ў выніку дапамогі ўсё ж недастаткова.
Усё тое ж самае адбываецца і цяпер, калі прыпыніліся пастаўкі з ЗША. Літаральна днямі Германія адмовілася перадаць Кіеву дальнабойныя ракеты Taurus, якія маглі б вельмі дапамагчы УСУ. Але не: канцлер Шольц сказаў, што яго краіна не павінна быць уцягнутай у вайну.
Германія — самая буйная краіна Еўрасаюза, яна задае трэнды.
У Маскве вельмі спадзяюцца на абранне Трампа
Прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць у лістападзе, і іх ужо назвалі найважнейшай палітычнай падзеяй года. Ад таго, хто пераможа, залежыць вельмі шмат увогуле — і сыход вайны ва Украіне, у прыватнасці.
Крэмль асабліва не хавае: наўпрост моліцца, каб да ўлады вярнуўся Трамп. Кансерватар, ізаляцыяніст, папуліст, які мае аўтарытарныя замашкі і пэўны сантымент да пуцінскай Расіі. У Маскве разлічваюць не толькі на тое, што новы-стары амерыканскі прэзідэнт канчаткова заблакуе дапамогу Украіне, але і на наступны крызіс у НАТО, на які сам Трамп адкрыта намякае. Тады ЕС застанецца сам-насам з Расіяй, і мадэль еўрапейскай дэмакратыі можа не вытрымаць.
Такія настроі ў расійскім палітыкуме — і такія перасцярогі ў Еўрасаюзе. Усе чакаюць выбараў у Штатах, адны з надзеяй, другія — з трывогай. Пакуль там перыяд праймерыз, хто стане прэзідэнтам, не бяруцца загадваць нават дасведчаныя аналітыкі.
Ва ўсім гэтым ёсць светлы бок
Сукупнасць усіх пералічаных фактараў заканамерна стварае страхі за сыход баявых дзеянняў ва Украіне. Аўтаматычна падвышаецца небяспека, што варварская Расія пасля можа пайсці вайной на іншыя краіны — у тым ліку з блока НАТО. Здаецца, ніколі пасля 24 лютага 2022 года адпаведныя рызыкі не былі настолькі высокія. Краіны Балтыі вунь ужо будуць лінію абароны на мяжы з РФ, і аніяк нельга сказаць, што іх фобіі беспадстаўныя.
Але варта сказаць, што ва ўсім гэтым ёсць і адваротны бок — і ён светлы. Бо кожны са згаданых крызісаў яшчэ можа вырашыцца на карысць дабра.
Першае. Пытанне амерыканскай дапамогі Украіне не закрытае, яно проста перанесенае на сакавік. Увесь гэты час на спікера-трампіста Джонсана ціснуць. З аднаго боку, дэмакраты, бо Байдэн не можа дазволіць сабе капітуляваць на гэтым перадвыбарчым участку. З другога — рэспубліканцы з нетрампісцкага крыла, так бы мовіць, рэспубліканцы здаровага чалавека. Яны не хочуць быць зброяй у руках палітычнай жывёлы Трампа і не жадаюць, каб у труне пераварочваўся Рональд Рэйган. І яны памятаюць, што іх партыя — гэта пра цвёрдасць і ідэалогію, а не пра танны апартунізм. Легчы пад Расію ў такі момант — гэта будзе азначаць як іх унутраны партыйны крызіс, так і крызіс усёй амерыканскай дэмакратыі.
З трэцяга боку, упартага спікера заклікалі вынесці законапраект на разгляд кіраўнікі парламентаў 23 краін — Германіі, Іспаніі, Польшчы, Аўстрыі, Чэхіі, Літвы і г.д.
Урэшце, прыхільнікі Украіны ў Кангрэсе кажуць, што ёсць варыянты высунуць пытанне на галасаванне нават без дазволу спікера, і гэты казыр пакуль трымаецца ў кішэні.
То бок шанцы на добры вынік тут застаюцца.
Другое. Нерашучая і грувасткая еўрапейская бюракратыя, аказаўшыся пад пагрозай, здаецца, пачынае прачынацца. У лютым ЕС узгадніў паэтапную дапамогу Украіне ў памеры 50 млрд еўра да канца 2027 года. Гэта не зусім «ваенныя» грошы, яны патрэбныя на падтрымку ўкраінскай эканомікі, але рашэнне вельмі важнае. З мінулай восені гэтыя выплаты блакаваў прарасійскі прэм’ер Венгрыі Орбан. Але калі запахла смажаным, Еўрасаюз хутка выкруціў рукі гэтаму «агенту Масквы» і той паслухмяна прагаласаваў «за», не атрымаўшы нават адчувальных уступак.
Тут жа варта згадаць, што перад тварам разрастання расійскай эскалацыі еўрапейскія краіны перадаюць Украіне зброю, хто колькі можа, а прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон дык увогуле заявіў аб магчымасці ўвода войск НАТО ва Украіну. Спужаўшыся, еўрапейскія палітыкі кінуліся яго абвяргаць, але само абмеркаванне гэтай тэмы выглядае знакавым. Тое, што яшчэ зусім нядаўна здавалася ненавуковай фантастыкай, ужо абгаворваецца ўслых.
І трэцяе. Трамп мае добрыя шанцы перамагчы на выбарах у ЗША, але яшчэ не факт, што пераможа. Да галасавання застаецца дзевяць месяцаў, шмат чаго можа адбыцца. У гэтага палітыка велізарны антырэйтынг, ён ходзіць пад крымінальнымі справамі, наперадзе шмат нявызначанасці. Так што тут сёння трэба сыходзіць з класічнага для Амерыкі 50 на 50.
Расія мусіць нервавацца не менш за Украіну
А цяпер уявім, што амерыканскі парламент ухваліць пакет дапамогі Украіне. 60 млрд — на гэтыя грошы можна паспяхова ваяваць шмат месяцаў. А калі выбары Трамп прайграе, і яшчэ чатыры гады ў ЗША будуць кіраваць дэмакраты? Хіба гэта падаецца фантастыкай? Не.
Што да Еўропы, то яна цяпер пры любым раскладзе будзе ўзбройвацца, мацаваць сваю бяспеку з улікам розных настрояў у ЗША і разганяць сваю ваенную прамысловасць. Украіне ЕС таксама працягне дапамагаць, бо ў апошнія колькі месяцаў стала больш разумення, што Расія не павінна перамагчы.
Што ж да самой Расіі, то дзе яна будзе шукаць рэзервы ў выпадку развязання ўсіх згаданых пытанняў на карысць Кіева? У Пхеньяне, дзе цвілеюць савецкія снарады? У Кітаі, дзе баяцца санкцый і адмаўляюцца супрацоўнічаць з расійскімі банкамі? Ва ўласным грамадстве, апытанні якога паказваюць усё большы настрой на спыненне баявых дзеянняў? Ва ўласнай эканоміцы, дзе ўжо сёння бюджэт не сходзіцца, інфляцыя расце, а рубель падае? Ці, можа, у хаўруснічка Лукашэнкі, які надоечы таксама рэзка загаварыў пра мір?