Праваабаронца: Чаму салдаты не могуць адмовіцца ад удзелу ў вайне?

«Для мяне любая вайна заўсёды будзе няправільнай, хто б якімі патрыятычнымі лозунгамі і правільнымі ідэямі не зазываў народ на перадавую фронту», — кажа Алег Волчак. Праваабаронца і былы ўдзельнік вайны ў Афганістане рашуча выступіў супраць вайны і заклікаў на старонках «Народнай волі» як найхутчэй дамовіцца аб міры.

Алег Волчак

Алег Волчак

Праваабаронца і былы салдат падчас вайны СССР у Афганістане Алег Волчак заклікаў падтрымаць мірную ініцыятыву Уладзіміра Зяленскага, але разам з тым прапанаваў «сёння не шукаць вінаватых» у вайне — таму што «ўсе мы вінаватыя ў тым, што здарылася гэтая вайна».

Вайна, адзначае Волчак, «не прычына, а следства няправільных рашэнняў палітыкаў, якія не змаглі дамовіцца адзін з адным без прымянення гвалту». А «палітыкі прыйшлі ў палітыку не па сваёй волі, а па выбары выбаршчыкаў, значыць, кожны, хто не ваяваў, усё роўна маральна адказны за рашэнні сваіх кіраўнікоў». Здаецца, і правільная думка, толькі застаецца адно «але» — ёсць краіны, як Беларусь, дзе шмат гадоў выбаршчыкі пазбаўлены права выбару. Ці не таму сам Алег Волчак мусіў пакінуць дом і цяпер знаходзіцца ў Амерыцы?


Глядзіце таксама

Прапануем вам развагі Алега Волчака на старонках «Народнай волі» без скарачэнняў у перакладзе на беларускую мову.

— Я знаходжуся ўдалечыні ад дома, у пустынных месцах, адарваны ад штодзённых марных спраў і магу спакойна ў цішыні паразважаць пра тое, што цяпер хвалюе чалавецтва. Як былы воін і праваабаронца хачу расказаць пра думкі акопных салдат, якія знаходзяцца на перадавой.

Нядаўна ў Капенгагене прайшла канферэнцыя па мірным плане ва Украіне. Сустрэча была накіравана на прасоўванне прапановы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб «мірным саміце».

Я цалкам падтрымліваю думку, што неабходны тэрміновыя меры па спыненні баявых дзеянняў. Пра гэта казаў яшчэ год таму, калі заклікаў спыніць вайну, бо самае каштоўнае — гэта жыццё чалавека.

А салдаты заўсёды жывуць адным днём.

Пра што думаюць салдаты на перадавой, могуць ведаць толькі тыя, хто сам быў на вайне.

Я быў салдатам у эпоху афганскай вайны ў 80-х гадах, і мы часта задавалі адзін аднаму адны і тыя ж пытанні.

• Для чаго ўсе гэтыя ахвяры?

• Хто будзе ўспамінаць загінулых на вайне праз некаторы час, акрамя іх родных і блізкіх?

• Як жыць далей пасля ўсяго ўбачанага і перажытага ў рэаліях вайны?

• Што рабіць, калі вайна скончыцца?

Гэта ключавыя пытанні падчас кожнай вайны.

На вайне шараговым салдатам вельмі няпроста. Салдаты пазбаўлены самых элементарных правоў: сну, рэгулярнага харчавання, душа, своечасовай і экстраннай медыцынскай дапамогі, адпачынку.

Вайна — гэта заўсёды рулетка для салдата, дзе жыццё і смерць, як сёстры-блізняты, заўсёды ідуць побач. Быў чалавек, імгненне — і яго не стала.

Чаму салдаты не могуць адмовіцца ад удзелу ў вайне? Гэта вельмі актуальнае, але складанае па юрыдычнай працэдуры пытанне. Ідзе баявая аперацыя, табе даюць каманду: «наперад!» Хоць ты разумееш, што гэта, можа, і няправільнае рашэнне, але тут не дзейнічаюць Канстытуцыя і ўсеагульная дэкларацыя правоў чалавека, ў цябе няма права абскардзіць любое рашэнне службовай асобы. Не выканаеш загаду — пойдзеш пад трыбунал. І ў гэтым трагедыя шараговых салдат на любой вайне.

Для мяне любая вайна заўсёды будзе няправільнай, хто б якімі патрыятычнымі лозунгамі і правільнымі ідэямі не зазываў народ на перадавую фронту.

Гінуць не прэзідэнты, не міністры, не штабныя генералы, не тэлевядучыя, якія пераконваюць з экранаў у правільнасці і важнасці вайны. Не тыя, хто, утульна пасеўшы дома, пішуць свае радасныя каментары з нагоды таго, што дзесьці забілі групу праціўніка.

Салдат кожную раніцу сустракае світанак з адной радасцю: я жывы — і дзякуй Богу!

Не ўяўляеце, як цяжка губляць баявых таварышаў. Учора ўвечары ён яшчэ іграў на гітары, а сёння толькі гэтая гітара нагадвае пра свайго гаспадара.

Тыя, хто выжыў на вайне, але быў паранены, у мірным жыцці, магчыма, ніколі не змогуць знайсці тую працу, якой хацелі б займацца, паколькі з-за баявой траўмы іх магчымасці могуць быць сур'ёзна абмежаваны.

А калі і няма раненняў, то ёсць іншыя траўмы. Любы салдат, які прыйшоў з вайны, мае посттраўматычны сіндром, што застаецца на ўсё жыццё. І ўсе забітыя застаюцца ў памяці да канца жыцця.


Глядзіце таксама

Вайна ніколі не забываецца і не сціраецца з памяці ніколі, нават калі з вамі будуць працаваць самыя лепшыя ў свеце рэабілітолагі і псіхатэрапеўты.

Магу сказаць з досведу афганскай вайны: удзельнікі любых войнаў будуць забыты грамадствам. Магчыма, урад будзе нешта рабіць для гэтых людзей, але, хутчэй за ўсё, нядоўга.

Тыя, хто аддаюць загад на вайну, мусяць разумець: пасля вайны грамадства павінна пажыццёва ўтрымліваць сваіх салдат. Таму што лёсы ў іх зламаныя назаўжды.

Выснова адна — заўсёды трэба рабіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб не пачынаць вайны. Трэба толькі прыбраць ганарыстасць — і пра ўсё можна дамовіцца.

І яшчэ адзін важны момант. Кожны палітык (або група службовых асоб дзяржавы) павінны несці персанальную адказнасць перад кожнай сям'ёй загінулага салдата. А таксама перад законам і Богам. Значыць, ты быў дрэнным палітыкам, і гэта прывяло да непазбежных страт тваіх суграмадзян на вайне. Кожная смерць на вайне — незаменная страта для ўсяго чалавецтва.

Мне здавалася, што трэцяе тысячагоддзе пасля нараджэння Хрыстова пройдзе без войнаў, у блізкасці нацый і сардэчнай любові чалавека да чалавека, незалежна ад яго расы, веравызнання, сацыяльнага статусу або службовага становішча, як выкладзена ў Евангеллі апосталамі.

І вось зноў вайна паміж дзвюма краінамі, Расіяй і Украінай. Салдат забівае іншага салдата. На вайне адбываецца расчалавечванне асобы, падчас баёў салдаты не задумваюцца, што, выконваючы загады сваіх начальнікаў, здзяйсняюць забойствы. А забойства — адзін з самых страшных грахоў…

Грамадства прывыкае да сотняў тысяч смерцяў. Ніхто не задумваецца, якія будуць наступствы ўсяго гэтага ў будучыні не толькі для Расіі і Украіны, але і для іншых краін.

Задумайцеся, колькі людзей цяпер уцягнута ў гэтую бессэнсоўную вайну? Як іх потым вярнуць да звычайнага, мірнага жыцця?

Сёння не трэба шукаць вінаватых — усе мы вінаватыя ў тым, што здарылася гэтая вайна. Бо вайна не прычына, а следства няправільных рашэнняў палітыкаў, якія не змаглі дамовіцца адзін з адным без прымянення гвалту. Палітыкі прыйшлі ў палітыку не па сваёй волі, а па выбары выбаршчыкаў, значыць, кожны, хто не ваяваў, усё роўна маральна адказны за рашэнні сваіх кіраўнікоў.

Салдат кожны дзень чакае толькі аднаго сігналу ад палітыкаў — аб заканчэнні вайны.


Глядзіце таксама

Ці можна ў будучыні пазбегнуць ваенных канфліктаў?

Менавіта сёння ўсяму свету неабходна выпрацаваць новую канцэпцыю бяспекі, пры гэтым не павінна быць першых і вядучых краін — усе з роўным голасам павінны данесці сваю пазіцыю па ўрэгуляванні любых ваенных канфліктаў.

Сёння краіны Амерыкі, Афрыкі, Азіі, Еўропы і астраўныя дзяржавы пераплецены сумеснымі праектамі, пэўнымі абавязацельствамі па супрацоўніцтве, таму ваенны канфлікт у любым рэгіёне ўплывае на сусветную эканоміку і бяспеку ўсяго чалавецтва.

Вайна ва Украіне паказала, як яе наступствы паўплывалі на ўзровень жыцця простых грамадзян у розных кутках свету. Многія прадпрыемствы закрыліся праз санкцыі, растуць кошты, высокія рызыкі ўжывання ядзернай зброі. Хацелася б верыць, што ядзернай вайны не здарыцца, інакш гэта будзе азначаць канец цывілізацыі. Вельмі спадзяюся, што палітыкі гэта разумеюць…

Сёння ўсім краінам свету неабходна ўключыцца ў мірнае вырашэнне канфлікту паміж Расіяй і Украінай. Кожны дзень з абодвух бакоў гінуць салдаты і мірнае насельніцтва.

Ну а тым, хто выступае супраць мірнага дыялогу, скажу так: надзеньце салдацкія боты і хоць адзін дзень пабудзьце на перадавой, пачуйце гукі куль і гранат, якія прылятаюць у акопы. Упэўнены, што заўтра ж праціўнікі мірных перамоў зменяць сваё меркаванне і будуць у першых шэрагах тых, хто выступае за мір.

Да дыялогу павінны падключыцца не толькі дыпламаты, але і шырокая грамадскасць: прадстаўнікі рэлігійных суполак, юрысты міжнароднага права, ваенныя эксперты з ліку былых воінаў, якія ўдзельнічалі ў лакальных войнах, прадстаўнікі праваахоўных органаў, праваабаронцы, журналісты.


Глядзіце таксама

І яшчэ адно важнае пытанне: як вярнуць салдат да мірнага жыцця?

Неабходна ўжо зараз распрацоўваць комплекс рэабілітацыйных мер, паколькі гэта сур'ёзнае пытанне для любой краіны. Людзі не павінны застацца з сур'ёзнымі праблемамі псіхікі сам-насам.

Досвед афганскай і чачэнскай войнаў паказаў, што незапатрабаваныя ў звычайным жыцці салдаты траплялі ў крымінальныя колы, хтосьці зводзіў рахункі з жыццём, а хтосьці проста співаўся…

Сёння ў свеце ёсць шмат іншых праблем: глабальнае змяненне клімату, кіберзлачыннасць, незаконная міграцыя, прыродныя катастрофы, голад, эпідэміі. Вось куды трэба кінуць чалавечы рэсурс, каб выжыць у будучыні. Не войнамі трэба цяпер займацца.

Вось такія да мяне прыйшлі думкі ў пустынных месцах (на рацэ і ў дзікім лесе) штата Арканзас…


Глядзіце таксама