«Полк Каліноўскага мае патрэбу ў рэформах, прычым вялікіх»
У лістападзе мінулага года камандзір парамедыкаў палка Каліноўскага Анастасія Махамет (пазыўны — «Север») заявіла аб сыходзе з фарміравання. Тады яна лаканічна паведаміла, што ў яе «ёсць прычына больш тут не заставацца».
Днямі дзяўчына падрабязней распавяла аб сваім рашэнні ў сторыс у Instagram, перадае «Люстэрка».
Па словах Север, з таго часу, як яна паведаміла камандаванню аб сваім сыходзе, яе «некалькі разоў спрабавалі ўгаварыць [застацца]»:
— Але ў гэтым няма канструктыву, толькі спробы павесіць на мяне абавязацельствы без паўнамоцтваў (ператварыць у хамяка ў коле).
Дзяўчына кажа, што працавала ў такім рэжыме, пакуль у яе «былі на тое асабістыя прычыны». Цяпер жа яна не бачыць шляхоў развіцця фарміравання — «ні асабістых, ні камандных, ні агульнапалкавых», таксама як і «зацікаўленасці ў гэтым развіцці»
— Полк [Каліноўскага], на мой погляд, мае патрэбу ў рэформах, прычым вялікіх. Але праводзіць іх дакладна ніхто не будзе, — лічыць Анастасія Махамет.
Камандзір парамедыкаў расказала, што ўзначальвала медыцынскую службу фарміравання вельмі нядоўга і амаль нічога ў ёй не кантралюе, аднак цяпер яе «ўсе лічаць публічна адказнай за медыцыну».
На пытанне, хто будзе ўзначальваць медыцыну палка пасля яе сыходу, Север адказала, што гэтай службы не існуе «ў цэнтралізаваным выглядзе», таму «ніхто не ўзначальвае і, мусіць, не будзе ўзначальваць».
Анастасія Махамет скончыла лячэбны факультэт БДМУ. Пасля пратэстаў 2020 года яна стала на чале незалежнага прафсаюза свайго ўніверсітэта, а праз год з'ехала з краіны ў Кіеў. У лютым 2022 года, адразу пасля пачатку вайны, яна стала медыкам у тэраабароне ў прыгарадзе Кіева, пасля перайшла ў зноў утвораны батальён Каліноўскага (зараз полк), які складаецца з беларускіх добраахвотнікаў.