Кіраўнікі дзяржаваў на пэнсіі. Калі-небудзь і ў нас...

Ім зайздросьцілі, іх паважалі, а таксама баяліся і ненавідзелі. Але калі надышоў час — пальцы іхнія не зсінелі і яны перадалі скіпетр улады ў наступныя рукі. Паглядзім, як склаўся лёс некалі выбітных дзяржаўных мужоў дэмакратычнага сьвету.

gerhard_schroeder.jpg

Герхард Шродэр. Канцлер Нямеччыны ў 1998-2005 гадах. На сёньня: 78 гадоў

Увечары 9 сьнежня 2005 году, праз 17 дзён пасьля таго, як Герхард Шродэр пакінуў пасаду канцлера, яму патэлефанавалі на мабільны тэлефон. Гэта быў яго сябар, прэзыдэнт Расеі Пуцін, які настойліва казаў, каб Шродэр прыняў прапанову ўзначаліць камітэт акцыянераў «Nord Stream», кантраляванай Расеяй кампаніі, якая адказвае за будаўніцтва першага падводнага газаправода, што непасрэдна злучае іх дзяржавы. Нагадаем, за 10 дзён да тых выбараў кантракт на «Nord Stream 1» быў падпісаны паміж «Газпрамам» і прадстаўнікамі нямецкіх кампаній.

«Вы баіцеся працаваць у нас?» — пажартаваў тады Пуцін.

Герхард не баяўся нікога, акрамя Ангелы Меркель, хрысьціянскай дэмакраткі, якой прайграў выбары, і ўзяўся за новую працу. Ні адзін канцлер да яго не ўладкоўваўся на працу ў кампанію, кантраляваную замежнай дзяржавай.

shr_3.webp

У 2011-м былы канцлер прысутнічаў на адкрыцьці «Nord Stream 1». Але ўварваньне Пуціна ва Ўкраіну ў лютым 2014 году, а затым анэксія Крыму выклікалі пытаньні аб жыцьцяздольнасьці «Nord Stream 2», калі Захад увёў першыя санкцыі супраць Расеі. Тут і прыдаўся па максымуму Герхард. Узмацьнілася ягонае лабіраваньне ў самых высокіх колах. Галоўнымі ў гэтай справе былі віцэ-канцлер Зігмар Габрыэль, які раней быў пераемнікам Шродэра на пасадзе губернатара Ніжняй Саксоніі, а таксама міністар замежных справаў Штайнмаэр, сёньняшні прэзідэнт Нямеччыны, які працаваў на Шродэра ў 1990-х. Абодва яны, як і Шродэр, былі сацыял-дэмакратамі.

Па абсалютнай выпадковасьці выканаўчым дырэктарам «Nord Stream 2» працаваў Маціяс Варніг, які публічна прызнаваўся, што ў часы камунізму працаваў на Штазі. Ён сустракаўся ў 1988 годзе ва Ўсходняй Нямеччыне з агентам КДБ, які працаваў тады ў Дрэздэне — вы не паверыце, ім выпадкова быў Уладзімер Пуцін.

І праз 17 гадоў службы на пана Шродэр дагэтуль застаецца непахісным. Пасьля пачатку вайны Шродэр сказаў, што «не адчувае ніякай сваёй віны і гэта не яго справа, што зараз адбываецца».

shr_1.jpg

Герхард Шродэр, якому энэргетычныя кампаніі Расеі плацяць амаль 1 мільён даляраў у год, стаў асобай нон грата ў сьвеце. «Ён скарыстаўся рэпутацыяй і ўплывам Офісу канцлера і прапанаваў сябе ў якасьці агента расейскіх інтарэсаў, каб узбагаціцца», — сказаў Норберт Рэтген, кансэрватыўны дэпутат парлямэнту і былы міністар.

З 2017 году ён таксама ўзначальваў раду дырэктараў расейскай нафтавай кампаніі «Раснафта» і зарабляў там афіцыйна 600 000 даляраў у год. Неблагі дадатак да яго штомесячнай пэнсіі ў 9 000 даляраў як былога канцлера.

Шродэр адмаўляўся пакінуць свае месцы ў радзе дырэктараў расейскіх кампаній у пачатку 2022 году, нягледзячы на заклікі. У тым ліку з боку канцлера Олафа Шольца, свайго камрада па сацыял-дэмакратах, які шчыльна супрацоўнічаў са Шродэрам, калі той быў канцлерам.

Пра злачынствы ў Бучы Шродэр сказаў так: «Гэта трэба расьсьледаваць». Але, на ягоную думку, гэтыя загады паступалі не ад Пуціна.

Герхард Шродэр адмовіўся ад свайго ганаровага грамадзянства ў Гановэры. Гэта здарылася раней, чымся ягоны родны горад змог пазбавіць грамадзянства былога канцлера з уласнай ініцыятывы. Падобнае адбывалася апошні раз, пасьмяротна, з Адольфам Гітлерам.

Калі футбольны клюб «Барусія Дортмунд», за які Шродэр заўзеў з шасьці гадоў, запатрабаваў ад яго рашучай заявы наконт Пуціна, Шродэр скасаваў сваё сяброўства ў афіцыйнай арганізацыі аматараў каманды.

shr_2.webp

Сувязь Шродэра з Пуціным і энэргетычнымі кампаніямі засланіла ўсё, чаго ён дасягнуў за сем гадоў на пасадзе канцлера. Тады яго хвалілі за адмову далучыцца да Злучаных Штатаў у вайне ў Іраку. Ён стварыў умовы, каб імігранты мелі просты шлях да грамадзянства. Дададзім да яго партрэту тыя факты, што бацька будучага канцлера, адважны фашыст, памёр на ўсходнім фроньце, калі Герхарду было 6 месяцаў. А абодвух сваіх дзяцей Герхард Шродэр усынавіў з Расеі. 

Нікаля Сарказі. Прэзыдэнт Францыі ў 2007-2012 гадах. На сёньня: 67 гадоў

sarcozy_2.jpg

Сарказі сышоў з актыўнай палітычнай дзейнасьці пасьля таго, як ня быў абраны кандыдатам у прэзыдэнты ад роднай партыі Рэспубліканцаў на выбарах у Францыі ў 2017 годзе, на якіх перамог Эмануэль Макрон. Аднак ён застаецца вельмі папулярным сярод кансэрватыўных выбарнікаў і грае істотную ролю за кулісамі, у тым ліку праз падтрыманьне адносінаў з Макронам. Новага прэзыдэнта, як кажуць, Сарказі кансультуе па некаторых пытаньнях. Больш за тое, менавіта ў шэрагах Рэспубліканцаў Макрон знайшоў хаўрусьнікаў у барацьбе з левымі і Марын Лё Пэн.

У 2015 годзе ягоная партыя, да якой належалі Шарль дэ Голь і Жак Шырак, паказала выдатныя вынікі на мясцовых выбарах. Гэта ўмацавала пазыцыі самога Нікаля Сарказі. Але ў першым туры выбараў на прэзыдэнта прэтэндэнт ад Рэспубліканцаў саступіў двум былым прэм’ерам — Франсуа Фіёну і Алэну Жупэ.

Нікаля Сарказі сьцвярджае, што завязаў з палітыкай і засяродзіўся замест гэтага на бізнэсе, сям'і, асабістым развіцьці і барацьбе з судамі.

Чалавек, які займаў найвышэйшую пасаду ў Францыі, стаў першым з былых прэзыдэнтаў, каго асудзілі да турэмнага зьняволеньня.

Ягоная партыя і кампанія пад назвай «Pygmalion» абвінавачваліся ва ўтойваньні нібыта выдаткаваных на прэзыдэнцкую кампанію 2012 году 42,8 мільёнаў эўра — амаль удвая больш, чым дазволена законам.

У іншым расьсьледаваньні, распачатым у 2013 годзе, Сарказі абвінавачваўся ў атрыманьні мільёнаў ад тагачаснага лівійскага дыктатара Муамара Кадафі для незаконнага фінансаваньня ягонай пераможнай кампаніі на выбарах 2007 году. У абодвух выпадках ён адмаўляў віну.

У сакавіку 2013 году быў пад расьсьледаваньнем за незаконнае атрыманьне ахвяраваньняў ад Ліліян Бетанкур, састарэлай, псыхічна хворай спадчыньніцы касметычнай імпэрыі «L'Oréal».

Сарказі быў асуджаны за спробу даць хабар судьдзі ў абмен на інфармацыю аб судовай справе, у якой ён быў замешаны. Гэта таксама не канец ягоных юрыдычных праблемаў, бо Нікаля таксама знаходзіцца пад сьледствам па іншай крымінальнай справе.

Парыскі суд прызнаў былога прэзыдэнта вінаватым у карупцыі і гандлі ўплывам і асудзіў яго да году пазбаўленьня волі. Суд заявіў, што Сарказі мае права папрасіць, каб яго ўтрымлівалі дома з электронным бранзалетам — як і ў выпадку з любым прысудам да двух гадоў або менш па францускім заканадаўстве.

sarcozy_1.jpg

Сарказі таксама атрымаў два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня, якія яму ня трэба будзе адбываць, калі на працягу наступных пяці гадоў ён ня зробіць новых злачынстваў.

У Нікаля застаецца значная падтрымка з боку жонкі. «Якое вар'яцкае дамаганьне, каханьне маё. Барацьба працягваецца, праўда ўбачыць сьвятло», — напісала Карла Бруні ў Instagram. 

Энтані Блэр. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі ў 1997-2007 гадах. На сёньня: 69 гадоў

blair_2.jpeg

За некалькі дзён да канца свайго кіраваньня Тоні Блэр разам з жонкай атрымалі прыватную аўдыенцыю папы Бэнэдыкта XVI у Ватыкане. А праз некалькі месяцаў, пасьля тэалягічнай падрыхтоўкі, ён прыняў каталіцтва. У Брытаніі ніколі не было прэм'ер-міністра каталіцкага веравызнаньня, і Тоні прыйшлося дачакацца канца сваёй кар’еры, каб зрабіць такі крок.

У дзень сваёй адстаўкі ў 2007 годзе ён абвесьціў, што адмовіцца ад свайго месца ў брытанскім парлямэнце, і быў абраны «чацьвёркай» — ЗША, ЭЗ, Расея і ААН — на пасаду спэцыяльнага пасланьніка на Блізкім Усходзе. Тоні Блэр займаў гэтую пасаду да 2015 году.

blair.jpg

У 2010 годзе Блэр апублікаваў свае мэмуары «Падарожжа», у якіх зноў заявіў аб падтрымцы вайны ў Іраку і апісаў свае напружаныя адносіны з наступнікам на пасадзе прэм’ера Горданам Браўнам.

У ліпені 2016 году дзеяньні Блэра напярэдадні вайны ў Іраку сутыкнуліся з жорсткай крытыкай пасьля выхаду справаздачы Чылката — вынікаў сямігадовага расьсьледаваньня ролі Вялікай Брытаніі ў вайне. Справаздача паказвала, што Блэр скіраваў краіну на ваеннае ўварваньне ў Ірак да таго, як усе мірныя варыянты раззбраеньня Ірака былі вычарпаныя. Справаздача таксама паказала факты пераацэнкі Блэрам сваёй здольнасьці ўплываць на Джорджа Буша.

У сакавіку 2017 году Блэр абвесьціў аб намеры вярнуцца ў сьвет палітыкі. Ён заснаваў Інстытут глябальных зьменаў Тоні Блэра, які павінны быў функцыянаваць як «новая палітычная плятформа для запаўненьня шырокай адкрытай прасторы ў цэнтры палітыкі». Блэр настойваў на тым, што ён ня мае намеру ні ствараць новую палітычную партыю, ні асабіста вяртацца ў палітыку на першых ролях. Аднак ён крытычна ставіўся да аўтарытарызму і скрайне левага кірунку, у якім вёў ягоную Лейбарысцкую партыю Джэрэмі Корбін.

clinton_1.jpg

Блэр у верасьні 2017 году ўзьняў пытаньне аб магчымасьці адмовы ад Brexit: «У рэшце Brexit — гэта адцягваньне ўвагі, а не рашэньне праблемы, зь якой сутыкаецца гэтая краіна. Калі чальцы парлямэнту сапраўды вераць у гэта, тады іх абавязак — вылучыць рашэньні, якія вырашаюць рэальныя праблемы людзей. Brexit выкліча сапраўдны эканамічны і палітычны ўрон».

Былы брытанскі лідэр пасьпеў папрацаваць і эканамічным дарадцам прэзыдэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, а таксама самага багатага чалавека ў сьвеце — кіраўніка LVMH Бэрнара Арно.

10 чэрвеня 2022 году каралева Лізавета ІІ урачыста зрабіла Тоні Блэра кавалерам ордэна Падвязкі.

Біл Клінтан. Прэзідэнт ЗША ў 1993-2001 гадах. На сёньня: 76 гадоў

clinton_2.webp

Нягледзячы на тое, што ён пакінуў Белы дом у 2001 годзе пасьля двух тэрмінаў на найвышэйшай пасадзе, Клінтан актыўна ўдзельнічаў у палітычнай сферы. Біл Клінтан быў адным з самых маладых людзей, якія ўжо скончылі свой палітычны досьвед.

Ён пераехаў з Вашынгтону ў Чапакуа, штат Нью-Ёрк, дзе жыла яго жонка, былая першая лэдзі, а затым сэнатар і дзяржаўны сакратар Хілары Клінтан. У 2001 годзе заснаваў Фонд Уільяма Дж. Клінтана, дабрачынную арганізацыю, якая вырашала розныя глябальныя праблемы.

У наступным годзе, пасьля таго як цунамі ў Індыйскім акіяне прывяло да вялізнай колькасьці памерлых і катастрафічных разбурэньняў, Біл Клінтан быў назначаны Генэральным сакратаром ААН Кофі Ананам спэцыяльным пасланьнікам па арганізацыі дапамогі. Біл займаў гэтую пасаду да 2007 году.

У 2009 годзе Клінтан быў назначаны спэцыяльным пасланьнікам ААН на Гаіці. А пасьля землятрусу, які здарыўся ў студзені 2010 году, паўнамоцтвы Біла Клінтана ў ААН былі пашыраныя і ўключалі кантроль за аказаньнем дапамогі і рэканструкцыяй.

Клінтан таксама захоўвае рэпутацыю аднаго з самых лепшых палітычных аналітыкаў у Дэмакратычнай партыі. Ён прымаў вельмі актыўны ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі сваёй жонкі Хілары ў 2016 годзе, што, праўда, прывяла Дональда Трампа да ўлады.

Біл Клінтан атрымаў дзьве прэміі «Грэмі» пасьля таго, як займеў больш вольнага часу ў 2001 годзе. Вядома, што 42-гі прэзыдэнт ЗША зьяўляецца выдатным саксафаністам, але ягоныя ўзнагароды атрыманыя за зусім іншае — за альбомы з гутарковым тэкстам. Клінтан атрымаў сваю першую «Грэмі» ў 2004 годзе за дзіцячую кнігу «Воўчыя сьляды», а другую — у 2005-м за аўтабіяграфію «Маё жыцьцё».

Біл Клінтан зарабіў 225 000 даляраў на адным толькі публічным выступе ў 2014 годзе. З 2001 па 2013 год Біл Клінтан зарабіў на сваіх выступах 105 мільёнаў даляраў, пазьней інтэнсіўнасьць крыху зьменшылася праз ужо паважны ўзрост.

Напрыканцы 2022 году Біл Клінтан актыўна агітаваў за дэмакратаў на выбарах у Кангрэс і Сэнат у штаце Нью-Ёрк. «Чаго хоча Трамп? Каб вы напалохаліся і звар'яцелі», — казаў былы прэзыдэнт на мітынгу напярэдадні выбараў.

Клінтан меў шэраг праблемаў з сэрцам пасьля сыходу з пасады: яму зрабілі тры аперацыі.