«Беларускія ўлады знаходзяцца ў такім стане, калі нават не ведаюць, што такое рэпутацыйныя рызыкі»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» разважае пра «каляднае перамір’е» Пуціна, якому не вераць, і пра тое, чаму Беларусь не пабудуе партоў у Ленінградскай вобласці. Прынамсі, не цяпер.

324149993_2304975429663446_3659310481335029369_n_1.jpg


Цікавы ўчора адбыўся ваенна-геапалітычны манеўр. Пуцін вырашыў выканаць просьбу прэзідэнта Эрдагана і загадаў абвясціць аднабаковае спыненне агню. Я, па сваёй непісьменнасці, раней думаў, што аднабаковае спыненне агню называецца капітуляцыяй. А яно, аказваецца, называецца аднабаковым калядным перамір'ем.

І, вядома, абвяшчэнне гэтага перамір'я можа мець сэнс хіба што ў альтэрнатыўнай саюзніцкай рэальнасці. Там, дзе адэпты баявога праваслаўя змагаюцца з рэпцілоідамі NATO. Самі сабе абвясцілі, самі сабе парушылі, самі сабе потым заклапаціліся.

А ў рэальнасці, у якой жыве ўвесь астатні свет, гэта перамір'е не пацягне нават на ваенную хітрасць. Таму што, каб усыпіць пільнасць праціўніка, трэба ўсё ж такі мець у вачах праціўніка хоць які-небудзь рэйтынг даверу. А пасля ўчарашняга перамір'я пільнасць праціўніка, па-мойму, толькі павысілася.

Не кажучы ўжо пра перспектывы паляпшэння рэпутацыі. Не ў тым стане знаходзіцца рэпутацыя расійскіх улад, каб яе можна было выправіць каляднымі перамір'ямі.

Як, дарэчы, і рэпутацыя малодшага саюзніка. Вось хто іншы, можа, і не рызыкнуў бы судзіць нобелеўскага лаўрэата. Таму што суд над нобелеўскім лаўрэатам багаты непажаданымі рэпутацыйнымі рызыкамі. А беларускія ўлады знаходзяцца ў такім шчаслівым стане, калі яны нават не ведаюць, што такое рэпутацыйныя рызыкі. Таму што рэпутацыю беларускіх улад ніякімі судамі ўжо ўсё роўна не сапсуеш.

Праўда, хоць рэпутацыю на хлеб не намажаш, яе адмоўныя значэнні могуць мець вельмі канкрэтныя матэрыяльныя наступствы. Санкцыі ўсякія, эмбарга, закрытыя парты. Але беларускія ўлады паспяхова навучыліся з гэтымі наступствамі змагацца.

Вось розныя нядобрыя людзі (Белстат там усялякі) лічаць, напрыклад, што за 11 месяцаў мінулага года ВУП Беларусі ўпаў на 4,7 працэнта. А ўчора Міністэрства эканамічнага аптымізму патлумачыла, што ён насамрэч не ўпаў, а, наадварот, вырас. Проста трэба правільна пералічыць у доларах. А калі яшчэ ў чым-небудзь пералічыць, дык ён наогул узляціць.

Ці, скажам, закрытыя балтыйскія парты. Вось ужо колькі разоў гэтым людзям, якія нічога не разумеюць у законах эканамічнага аптымізму, тлумачылі, што ад закрытых балтыйскіх партоў беларускай эканоміцы адна суцэльная карысць. Таму што калі беларускім уладам закрыць балтыйскія парты, то яны сабе пабудуюць новыя, яшчэ лепшыя, у Расіі. І што ты думаеш? Не прайшло і паўтара года, а яны ўжо так і не пачалі сабе нічога будаваць.

І, ведаеш, ёсць у мяне цьмяныя падазрэнні, што ўжо і не пачнуць. Вось максімум ВУП альтэрнатыўна пералічаць. Таму што занадта занятыя будаўніцтвам міралюбнай групоўкі войскаў.