«Беларусь — гэта не толькі частка праблемы, але і частка рашэння»
Святлана Ціханоўская прапанавала Украіне для забеспячэння рэгіянальнай бяспекі стварыць альянс з дэмакратычнай Беларуссю, а таксама прызнаць Аб'яднаны пераходны кабінет. Пра гэта яна заявіла, выступаючы на Варшаўскім Форуме па бяспецы.
На думку дэмакратычнай лідаркі Беларусі галоўнае цяпер — умацоўваць міжнародную кааліцыю.
«Мы бачым дэмакратычную Беларусь як цэнтр еўрапейскай бяспекі. Мы — краіна, якую будуць шанаваць за сяброўства з суседзямі, супрацоўніцтва ў сферы рэгіянальнай бяспекі, а не цёмнае пагрозлівае воблака, якое навісла над рэгіёнам. Мы таксама бачым шлях, як да гэтага прыйсці» — сказала яна ў сваёй прамове на Варшаўскім Форуме па бяспецы (Warsaw Security Forum).
Па яе словах, цяпер у дэмакратычных сіл ёсць ёсць «акно магчымасцяў». «Мы нястомна працуем, але мы не можам быць цалкам гатовыя без вашай дапамогі», — зазначыла яна.
«Менавіта зараз Беларусь павінна быць на першым месцы ў парадку любой міжнароднай сустрэчы, разам з Украінай. Беларусь — гэта не толькі частка праблемы, але і частка рашэння», — заявіла Святлана Ціханоўская.
Яна заклікала да трох рэчаў:
«Па-першае, адрознівайце беларусаў ад рэжыму. Санкцыі супраць дыктатара — але дапамога народу.
Па-другое, мы павінны захаваць і пашырыць нашу кааліцыю.
Па-трэцяе, нам таксама патрэбна ўкраінская падтрымка», — сказала Ціханоўская.
«Мы разумеем, што ніхто, акрамя беларусаў, не можа ажыццявіць змены ў Беларусі — мы навучыліся быць самадастатковымі. Мы даведаліся, што гэта марафон. Наша незалежнасць, наша бяспека і дэмакратыя павінны быць забяспечаны намі. Але мы хочам, каб вы былі з намі», — дадала яна.