872-гі дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы захапілі Ураджайнае і скінулі на пазіцыі УСУ трохтонную бомбу
Расія працягвае абстрэльваць мірныя ўкраінскія гарады і мястэчкі. У выніку абстрэлаў за апошнія суткі ёсць загінулыя і пацярпелыя са страшнымі траўмамі.
***
Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» адзначаюць, што Іран і Расія працягваюць дэманстраваць жаданне паглыбляць двухбаковыя адносіны і шматбаковае супрацоўніцтва.
Новаабраны прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян апублікаваў артыкул у «Tehran Times», у якім пахваліў Кітайскую Народную Рэспубліку і Расію за падтрымку Ірана ў «складаныя часы».
Пезешкіян заявіў, што Расія з'яўляецца «каштоўным стратэгічным саюзнікам і суседам» Ірана і што яго ўрад будзе заставацца прыхільным пашырэнню і наданню прыярытэтаў шматбаковаму супрацоўніцтву з Расіяй.
Ён таксама дадаў, што Іран «імкнецца да міру» паміж Расеяй і Украінай і гатовы падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на дасягненне міру.
У той жа час амбасадар Расіі ў Іране Аляксей Дзядоў заявіў, што Расія будзе працягваць той жа стратэгічны курс з Іранам пад кіраўніцтвам Пезешкіяна, які Расія праводзіла ў часы папярэдняга прэзідэнта Ірана Ібрагіма Раісі.
Дзядоў заявіў, што Расія гатовая разгледзець прапановы мірнага пасярэдніцтва з боку Ірана, хоць кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін нядаўна адхіліў магчымасць любых пасрэдніцкіх намаганняў трэцяга боку паміж Расіяй і Украінай.
Акрамя таго, ён дадаў, што Расія і Іран падпішуць пагадненне аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве ў «агляднай будучыні», але не назваў канкрэтных тэрмінаў для гэтага пагаднення.
***
Паводле звестак аналітыкаў «Deep State», расійцы акупавалі пасёлак Ураджайнае ў Данецкай вобласці.
«Сёння (13 ліпеня. — Заўв. рэд.) з самай раніцы вораг пачаў масіраваны штурм паўночнай часткі пасёлка. Сілы праціўніка былі значныя, ёсць інфармацыя пра дзве роты асабістага саставу.
Прычыны і перадумовы такога краху абароны ўдакладняем».
Аналітыкі дадалі, што вораг прасунуўся каля Александропаля, Навасёлаўкі Першай і ў Макееўцы. Працягваюцца баі ў Жалезным і Кляшчэеўцы.
Нагадаем: у жніўні мінулага года намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што ўкраінскія абаронцы вызвалілі Ураджайнае.
***
Расійскія акупанты за суткі страцілі забітымі і параненымі 1320 сваіх вайскоўцаў, а таксама дзясяткі адзінак тэхнікі, паведамляе Генштаб УСУ.
Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 14.07.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 5 590 (+1320) чалавек;
- танкаў — 8 206 (+7) адз.;
- баявых браніраваных машын — 15 811 (+32) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 15 262 (+46) адз.;
- РСЗА — 1 119 (+0) адз.;
- сродкі СПА — 890 (+1) адз.;
- самалётаў — 361 (+0) адз.;
- верталётаў — 326 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 12 108 (+39);
- крылатых ракет — 2397 (+0);
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 20 538 (+77) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 2 566 (+10).
***
Расійскае Мінабароны паказала відэа, як Су-34 нанёс удар планавальнай бомбай ФАБ-3000, што важыць 3 тоны.
Расійцы заявілі, нібыта скінулі ФАБ-3000 «па пункце дыслакацыі УСУ».
Расійскі лётчык на відэа пахваліўся, што «цяжка ўявіць такую цэль, якую нельга было б паразіць авіябомбай такой намінальнай масы».
***
За 13 ліпеня расійцы забілі 6 жыхароў Данеччыны: па двое ў Новаачарэтаватым і Прагрэсе, па адным — у Канстанцінопальскім і Навасёлаўцы Першай, паведамляе Данецкая ваенная адміністрацыя.
Агулам яшчэ 11 чалавек у вобласці за суткі атрымалі раненні.
Таксама ў Новаачрэтаватым пашкоджаны 10 дамоў, крама і лінія электраперадач.
На тэрыторыі Андрэеўскай грамады загарэўся пажар.
Яшчэ ў суботу ў Часавааярскай грамадзе 1 чалавек паранены, пашкоджаны 7 прыватных дамоў, 4 шматпавярхоўкі і прамысловы будынак.
***
Расія за мінулыя суткі нанесла 373 удары па Запарожскай вобласці, у прыватнасці запусціла 150 дронаў рознай мадыфікацыі, раненні атрымаў адзін чалавек, паведаміў кіраўнік Запарожскай вобласці Іван Фёдараў.
«Адзін чалавек паранены ў выніку расійскіх нападаў па Васільеўскім раёне. На працягу сутак акупанты нанеслі 373 удары па 11 населеных пунктах Запарожскай вобласці. Паступіла 9 паведамленняў пра разбурэнні жылых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры».
***
На працягу мінулага дня расійцы здзейснілі 40 абстрэлаў Сумскай вобласці, атакавалі ракетамі тыпу НАР, скідалі міны, паведаміла ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці:
«Зафіксавана 90 выбухаў. Абстрэлам падвергліся Хоцінская, Юнакаўская, Мірапольская, Белапольская, Варажбянская, Краснапольская, Вялікапісараўская, Глухоўская, Шалыгінская, Есманьская, Сярэдзіна-Будская грамады».
***
Колькасць пацярпелых у выніку ракетнага ўдару расійцаў па пасёлку Буды на Харкаўшчыне ўзрасла да 25 чалавек, з іх двое дзяцей, паведаміла Харкаўская абласная пракуратура.
«Колькасць траўмаваных узрасла да 25 чалавек, сярод іх 14-гадовая дзяўчынка і 9-гадовы хлопчык».
У суботу днём расійскія войскі нанеслі два ўдары па пасёлку Буды ў Харкаўскім раёне. Раней было вядома, што ў выніку ўдараў 2 чалавекі загінулі і 23 пацярпелі.
У выніку атакі загінуў начальнік Харкаўскага раённага ўпраўлення ГУ ДСНС па Харкаўскай вобласці Арцём Кастыра і паліцэйскі сектара рэагавання патрульнай паліцыі Харкаўскага раённага ўпраўлення паліцыі Аляксей Кашчэй.
Сярод параненых — 5 чыгуначнікаў.
У пракуратуры ўдакладнілі, што, паводле папярэдніх звестак, УС РФ ударылі па пасёлку двума ракетамі «Іскандэр-М».
***
У выніку абстрэлу пасёлка Камышаны ў Херсонскай вобласці ў суботу ўвечары загінулі муж і жонка, паведаміў кіраўнік Херсонскай абласной адміністрацыі Аляксандр Пракудзін у тэлеграм-канале.
«З-за артылерыйскага абстрэлу ў Камышанах загінула сям'я — 44-гадовы мужчына і 40-гадовая жанчына. Яны атрымалі выбуховыя траўмы, несумяшчальныя з жыццём», — напісаў ён.
Таксама Пракудзін паведаміў, што пасля абстрэлу Чарнабаеўкі 16-гадовая дзяўчынка дастаўленая ў лякарню ў вельмі цяжкім стане.
«У выніку пападання снарада ў дом атрымала раненні 16-гадовае дзіця, — напісаў ён, дадаўшы, што ў дзяўчынкі траўматычная ампутацыя рукі і аскепкавыя раненні тулава. — Хуткая даставіла падлетка ў бальніцу ў вельмі цяжкім стане. Цяпер медыкі даабследуюць дзяўчынку і аказваюць дапамогу».
***
«Яшчэ пяць населеных пунктаў Белгародскай вобласці падвергліся нападам УСУ», — паведаміў расійскі губернатар Вячаслаў Гладкоў у тэлеграм-канале.
Сяло Мокрая Арлоўка Грайваронскай гарадской акругі, паводле яго даных, падвергнулася некалькім нападам беспілотнікаў. Два дроны здэтанавалі на тэрыторыі сацыяльнага аб'екта. У выніку дэтанацыі трэцяга дрона пацярпеў кіроўца легкавога аўтамабіля. Таксама, паводле слоў Гладкова, з беспілотніка скінутыя дзве выбуховыя прылады на камбайн, які працаваў у полі, пацярпелых няма.
Гладкоў напісаў, што ў вёсцы Мурам Шэбекінскай гарадской акругі дрон-камікадзэ атакаваў прыватны дом, праз што загарэўся дах.
У сяле Новапятроўка Валуйскай гарадской акругі таксама здэтанаваў дрон-камікадзэ.
Паводле слоў Гладкова, абстрэлу падвергнулася таксама сяло Дзямідаўка Краснаяружскага раёна. Пашкоджаныя тры прыватныя дамы.
У вёсцы Ясныя Зоры ў выніку прылёту артылерыйскага снарада пашкоджаны сацыяльны аб'ект.