346-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне: «бавоўна» ў Белгарадзе і ўкраінскія штурмавыя брыгады
Пажар на заводзе ў Белгарадзе, абясточаная Адэса і начныя абстрэлы — з такіх навін пачынаецца 346-ты дзень з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.
***
У пасёлку Барысаўка Белгарадскай вобласці Расіі ў ноч на 4 лютага ўспыхнуў моцны пажар. У горадзе гарыць нафтабаза, агнём закранула Барысаўскі завод металаканструкцый, полымя падымалася на вышыню да 50 метраў. Губернатар вобласці Вячаслаў Гладкоў сцвярджае, што пажар узнік у выніку абстрэлу ўкраінскай арміі і «снарады трапілі на тэрыторыю грамадзянскага прамысловага завода».
Таксама Гладкоў абвясціў, што ў Белгарадскай вобласці, следам за Курскай і Бранскай абласцямі і анексаваным Крымам, бестэрмінова прадоўжаны высокі («жоўты») узровень тэрарыстычнай небяспекі. «Абсалютна відавочная неабходнасць працягу ўвядзення "жоўтага" ўзроўню тэрарыстычнай небяспекі, — заявіў расійскі чыноўнік. — Таму з сённяшняга дня ён будзе бестэрміновым».
***
У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) лічаць, што праз падаўжэнне рэжыму «жоўтага» ўзроўню тэрарыстычнай пагрозы ў Расіі працягваюць укараняць інфармацыйную аперацыю пра тое, што вайна ва Украіне з'яўляецца прамой пагрозай расійскай бяспецы. Гэты рэжым выкарыстоўваюць для ўзмацнення праваахоўных мер з мэтай падаўлення «ўнутранага іншадумства», часткова для прадстаўлення вайны ва Украіне як непасрэднай пагрозы ўнутранай бяспецы Расіі, каб забяспечыць далейшую падтрымку расійскіх дзеянняў ва Украіне.
У традыцыйным аналітычным аглядзе ваенныя эксперты адзначаюць, што, працягваючы кампанію супраць апазіцыйных галасоў у Расіі, Уладзімір Пуцін, верагодна, імкнецца здушыць апазіцыйныя выданні, якія наўпрост выступаюць супраць рэжыму ці яго мэтаў, у тым ліку і тых, якія маюць антываенную пазіцыю. У той жа час Пуцін дае платформу для нацыяналістычных ваенных блогераў, у тым ліку крытычна настроеных, якія падтрымліваюць вайну і рэжым у Крамлі, але дазваляюць сабе крытыкаваць гэты рэжым «за дрэннае выкананне ваенных мэтаў, якія яны лічаць недастатковымі», гавораць аналітыкі ISW.
***
Штурмавыя брыгады «Гвардыі наступу», якія фарміруюцца ў МУС Украіны, будуць задзейнічаны ў ходзе контрнаступальных аперацый УСУ. Пра гэта расказаў вайсковы эксперт, генерал-лейтэнант Ігар Раманенка. Паводле яго слоў, падраздзяленні будуць займацца выключна дэакупацыяй украінскіх тэрыторый.
***
Швейцарская газета «Neue Zürcher Zeitung» сцвярджае са спасылкай на свае крыніцы, што ў студзені кіраўнік ЦРУ Уільям Бёрнс правяраў па даручэнні прэзідэнта ЗША гатоўнасць Расіі і Украіны да мірных перамоў: Украіне прапаноўваўся мір у абмен на захопленыя Расіяй тэрыторыі, а Маскве — тэрыторыі ў абмен на мір, піша «Настоящее время». Ніводзін з бакоў на гэта не пагадзіўся, пасля чаго Байдэн прыняў рашэнне аб пастаўках танкаў ва Украіну, а гэта, у сваю чаргу, прымусіла Германію аб'явіць аб адпраўцы сваіх «Леапардаў». Так гэта на самай справе ці не так, калі-небудзь даведаемся, пакуль жа вядома, што Германія перадае Украіне 88 «Леапардаў 1», а ЗША прадастаўляюць новы пакет ваеннай дапамогі, у які ўвойдуць GLSDB («Ground Launched Small Diameter Bomb») далёкасцю 150 км.
***
Еўрасаюз і краіны G7 узгаднілі дзве столі цэн на расійскія нафтапрадукты: для тых, што прадаюцца з прэміяй адносна сырой нафты (дызельнае паліва), яна складзе $100 за барэль, а для тых, што гандлююць са зніжкай (мазут), — $45. Санкцыі ў дачыненні да расійскіх нафтапрадуктаў набываюць моц у нядзелю.
***
Паводле паведамлення мэрыі Адэсы, увесь горад і частка Адэскага раёна аказаліся часова абясточаныя раніцай у суботу ў сувязі з маштабнай аварыяй на падстанцыі НЭК «Укрэнерга».
«Энергетыкі прыкладаюць максімум намаганняў, каб сілкаваць аб'екты крытычнай інфраструктуры. Спецыялісты НЭК "Укрэнерга" ліквідуюць аварыю. Электразабеспячэнне будзе адноўлена адразу пасля завяршэння работ», — гаворыцца ў паведамленні.
Пра магчымыя прычыны сітуацыі пакуль інфармацыі няма.
***
Брытанская выведка заяўляе, што Расія ўключыла акупаваныя тэрыторыі Украіны ў Паўднёвую вайсковую акругу для стварэння «самастойных груповак войскаў», піша «Бі-бі-сі».
У сённяшняй зводцы служба выведкі мінабароны Брытаніі аналізуе прынятае напярэдадні расійскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу рашэнне аб фармальнай інтэграцыі акупаваных тэрыторый Украіны ў зону адказнасці Паўднёвай вайсковай акругі.
На думку брытанскіх аналітыкаў, гэтае рашэнне з'яўляецца вынікам студзеньскай заявы Шайгу наконт таго, што ваенная экспансія будзе ўключаць стварэнне «самастойных груповак войскаў» Расіі ва Украіне.
Гэты крок паказвае, што расійскія вайскоўцы, верагодна, імкнуцца інтэграваць акупаваныя тэрыторыі ў сваю доўгатэрміновую стратэгічную канцэпцыю.
Аднак, прагназуюць у брытанскай выведцы, гэта наўрад ці акажа непасрэдны ўплыў на ход ваеннай кампаніі, паколькі на дадзены момант Расія задзейнічае сілы, сцягнутыя з усіх сваіх вайсковых акруг, пад кіраваннем сітуацыйна разгорнутага штаба.
***
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі па ўкраінскай тэрыторыі 20 авіяцыйных і 3 ракетных удараў, у прыватнасці, па грамадзянскай інфраструктуры Харкаўскай і Мікалаеўскай абласцей, што прывяло да ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва; акрамя таго, здзейснена больш за 90 абстрэлаў з РСЗА, паведамляе Генштаб ВСУ. У ранішняй аператыўнай зводцы паказваецца, што праціўнік працягвае наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках. Украінскія сілы адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Грэкіўка, Неўскае, Крэменная і Дзіброва Луганскай вобласці і Верхнекаменскае, Чырвоная гара, Параскавіеўка, Бахмут і Іванаўскае Данецкай вобласці.
Украінскае камандаванне інфармуе, што авіяцыя Сіл абароны нанесла за суткі 8 удараў па раёнах засяроджвання акупантаў, знішчыўшы 4 БПЛА праціўніка тыпу «Арлан-10». Ракетчыкі і артылерысты УСУ разбілі пункт кіравання, два раёны засяроджання жывой сілы праціўніка і адну цяжкую агнямётную сістэму «Сонцапёк».
Таксама Генштаб адзначае, што праціўнік пачаў мерапрыемствы па эвакуацыі насельніцтва з акупаваных тэрыторый. «Паводле наяўнай інфармацыі, да выезду рыхтуюць калабарацыяністаў з сем'ямі ў Траецкім раёне Луганскай вобласці», — адзначаецца ў зводцы.