«Ваш бацька забіты, цела каля «Арбата», і больш сюды не тэлефануйце»

Аляксандра Іванькова з Магілёва затрымалі 12 жніўня і адвезлі ў міліцэйскі пастарунак. Калі туды патэлефанавалі сваякі, якія шукалі свайго мужа і бацьку, амапаўцы ім адказалі, што Аляксандр забіты... Чарговая гісторыя міліцэйскага бязмежжа, занатаваная Радыё Свабода

Аляксандр Іванькоў, 39 гадоў, Магілёў

Аляксандр Іванькоў, 39 гадоў, Магілёў


"Першы раз мяне затрымалі 12 жніўня на праспекце Пушкіна каля гандлёвага цэнтру «Арбат». У гэты дзень тут праходзіла акцыя пратэсту. Удзельнікі перасоўваліся з аднаго месца ў другое, скандуючы лозунгі. На іх «палявалі» экіпіраваныя міліцыянты.
Я з сябрам сядзеў на прыпынку, калі пратэст ужо разагналі. Падышлі міліцыянты і забралі нас у Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там у двары стаялі ўжо больш за сорак чалавек на расцяжцы: тварам да сцяны, рукі на ёй, а ногі шырока расстаўленыя.
Позна ўвечары патэлефанавала жонка, і ёй адказаў амапавец: «Ваш муж забіты, шукайце цела каля «Арбата». Праз колькі часу пазваніла дачка, і ёй той жа міліцыянт кажа: «Ваш бацька забіты, цела каля «Арбата», і больш сюды не тэлефануйце». Потым жонка і дачка расказалі, што ў іх была істэрыка. Яны не ведалі, што рабіць, дзе шукаць маё цела.
У аддзеле мяне не білі. Адтуль завезлі ў ізалятар. У ім праседзеў два з паловай дні да суду. Прысудзілі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў 270 рублёў штрафу. Справу разглядала суддзя Краўчанка.

Мост, на якім Аляксандр Іванькоў стаяў са сцягам, і на якім яго затрымалі

Мост, на якім Аляксандр Іванькоў стаяў са сцягам, і на якім яго затрымалі


Другі раз затрымалі 25 жніўня, калі я адзін выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам на мост, які непадалёк ад майго дому на праспекце Дзімітрава. Пад’ехалі два супрацоўнікі ДАІ і запатрабавалі, каб паехаў з імі для высвятлення асобы. Я адмовіўся. Паспрабавалі мяне круціць, але не выйшла. Загадалі прыбраць «фашысцкі сцяг». На гэта ім адказаў, што пад ім Лукашэнка ў 1994 годзе прысягаў на вернасць народу і Канстытуцыі. Сцяг пашыў сам, і яго парвалі ў міліцыі. Мяне са сцягам забралі амапаўцы ў свой аўтобус.
У ім паклалі між сядзеннямі і, пакуль везлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі, білі, прыгаворваючы, што гэта «за патрыятызм». Білі ўтрох нагамі: па баках, спіне, галаве. У самім аддзеле фізічнага уздзеяння не было.
У ізалятары трое сутак не кармілі. У камеры ежу давалі ўсім, акрамя мяне. Пасцельнай бялізны не выдавалі. Спаў на засцаным матрацы.

Сцяг, пашыты сям’ёй Іваньковых

Сцяг, пашыты сям’ёй Іваньковых


28 жніўня асудзілі на 5 сутак за незаконнае пікетаванне, і толькі тады далі вячэру. Імя суддзі не памятаю. Гэта была пажылая жанчына. Справу разглядалі праз скайп. Якасць трансляцыі была кепскай. Я мала што чуў з таго, што суддзя гаварыла.
29 жніўня на сайце абласной міліцыі з'явіўся відэаролік і паведамленне, у якім пра мяне гаворыцца, што я вывесіў сцяг і «візуальна знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення». На той момант мае родзічы не ведалі, куды я падзеўся. Усё, што можна было, абтэлефанавалі і звярталіся да праваабаронцаў. Міліцыя вымушаная была адрэагаваць на маё знікненне. У яе матэрыялах мяне выставілі крымінальнікам, каб паказаць, што ў пратэстах удзельнічаюць грамадзяне з сумнеўным мінулым. Дык няўжо такія, як я, не маюць права выказваць свой погляд на падзеі ў іх на радзіме?
Пакуль быў у ізалятары, пабоі загаіліся і цяпер ледзь бачныя. Баліць лапатка, бо яе выкруцілі амапаўцы, калі заносілі ў аўтобус, бо я ж супраціўляўся. Буду пісаць у Следчы камітэт і патрабаваць пакарання вінаватых у перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Тое, што са мною адбылося — проста здзек з чалавечай годнасці. Міліцыі цяпер усё дазволена, а мы бяспраўныя“.