«Яна часта думае пра тое, як яе сустрэнуць нашы сабакі»
Наталля Нікіціна, лекар з 30-гадовым стажам, працавала дзіцячым псіхіятрам-нарколагам у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. Яе затрымалі 29 верасня мінулага года наўпрост на працы, а за некалькі гадзінаў да гэтага паведамілі пра звальненне. Прычынай затрымання стаў яе каментар «Мірны чалавек загінуў, абараняючы свой дом ад ворага», які яна пакінула ў інтэрнэце пасля страляніны, у выніку якой загінулі праграміст Андрэй Зельцэр і супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк.
Настроена рэалістычна, піша кнігу
Цяпер вядома, што Наталлю Нікіціну — прафесіянала, 51-гадовую жанчыну, маці дваіх дзяцей — абвінавачваюць па артыкулах 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (распальванне сацыяльнай варожасці). Тэрмін яе ўтрымання пад вартай падоўжылі да 29 сакавіка.
Першыя паўтара месяца з Наталляй, як і з іншымі затрыманымі па «справе Зельцэра», не было ніякай сувязі, ім не перадавалі перадачы (нават неабходныя сродкі гігіены, бялізну, адзенне), не пускалі адваката. Родныя апісваюць гэты час адным толькі словам — «жудасна».
Цяпер ад Наталлі прыходзяць лісты, яна таксама атрымлівае вестачкі ад родных, а вось ад іншых людзей — не заўсёды, гаворыць сястра палітзняволенай Кацярына Кастрыцкая.
— Яна піша, што чакае следчага з вынікамі экспертызы наконт яе каментара — ці ёсць там распальванне варожасці.
У яе рэўматоідны артрыт, лячыць яго там немагчыма, але яна піша, што трымаецца. Бачыць яна стала горш, але ўдалося перадаць ёй пластыкавыя акуляры.
Яна вельмі аптымістычна, дакладней, рэалістычна настроеная. Яна разумее, што суд будзе, і будзе нейкі прысуд. Трымаецца бадзёра, жартуе, нас падтрымлівае. Яна нават прымае ўдзел у напісанні кнігі!Кацярына распавядае, што ў яе сястры вельмі добры густ, яна любіць вязаць, шыць і ствараць нешта прыгожае, піша вершы. У Наталлі моцны характар, які дапамагае ёй не губляць адчування рэчаіснасці за кратамі.
«З’язджаць яна не жадала»
Наталля і Кацярына з дзяцінства вельмі блізкія, і нават захапленні ў іх аднолькавыя: абедзве сястры звязалі жыццё з псіхалогіяй, абедзве любяць жывёл і пішуць кнігі пра негвалтоўнае выхаванне сабак. Таму зразумела, што стрываць гвалт, у які краіна пагрузілася ў 2020 годзе, яны не маглі.
Наталлю Нікіціну двойчы затрымлівалі падчас маршаў пратэсту ў Мінску. Першы раз яна трапіла пад «хапун» 6 верасня 2020 года на вуліцы Чабатарова, Наталлю затрымалі разам з трыма сотнямі чалавек. Яе ўтрымлівалі ў ІЧУ Жодзіна трое сутак, дзе аштрафавалі за ўдзел у мітынгу па арт. 24.23 КаАП. Другі раз Наталлю Нікіціну затрымалі ў снежні 2020 года. Праз дрэннае самаадчуванне яна не ўдзельнічала ў маршы, а проста заступілася за падлетка, якога хапалі людзі ў чорным. У тым месцы наогул ніякага маршу не было. У РУУС Заводскага раёна Наталлі зрабілася дрэнна, ёй доўга не выклікалі хуткую, але, нарэшце, пад канвоем даставілі ў лякарню, дзе ёй дыягнаставалі сардэчны прыступ. У лякарні яна правяла амаль месяц. Акрамя гэтага, Наталлю аштрафавалі на 30 базавых велічынь (870 рублёў).
— Пасля двух затрыманняў ці адчувала яна сябе спакойна? Ці не думала з’ехаць?
— Каму ў нас спакойна? З’язджаць яна не жадала. Мы абмяркоўвалі гэтую тэму, і яна адмовілася, — гаворыць Кацярына.
Наталля Нікіціна
Пра чарговае затрыманне Наталлі родныя даведаліся не адразу.
— Раніцай яна напісала, што яе звольнілі. Потым звязалася са сваім малодшым сынам і папрасіла сустрэць яе ля метро, бо планавала везці з працы свае рэчы. Увечары ён паехаў яе сустракаць, чакаў дзве гадзіны, але яна так і не прыехала. Ён пайшоў дамоў, звязаўся са сваім братам, старэйшым сынам Наталлі, і сказаў, што мама прапала. На наступны дзень мы абзванілі ўсе шпіталі — яе нідзе не было. А потым малодшы сын сказаў, што яму патэлефанавалі з Акрэсціна, сказалі, што яна знаходзіцца ў іх і што яна затрыманая. Я ўвечары туды паехала, мне сказалі, што яна там і што супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу. Але не было вядома, за што. І толькі потым высветлілася, што ў тэлеграм-канале «Желтые сливы» апублікавалі відэа з яе допыту, і там стала зразумела, за што.
Наталля Нікіціна
Па словах Кацярыны, каментар Наталля напісала напярэдадні затрымання. Пасля гэтага, як мяркуюць родныя, на працу паступіў загад яе звольніць. Жанчына працавала ў цэнтры каля двух гадоў, адносіны ў калектыве складваліся добрыя, але ж «вы самі ўсё разумееце».
Негвалтоўныя метады працуюць лепш, чым гвалт
Доктарам Наталля хацела быць з дзяцінства. Яна вучылася на педыятра, потым праходзіла інтэрнатуру ў псіхіятрыі. А затым вывучылася яшчэ і на экзістэнцыйнага псіхолага. Кацярына зазначае, што проста так людзі ў псіхалогію не ідуць — нездарма гэтых спецыялістаў называюць «параненыя лекары», бо яны ідуць у прафесію, каб дапамагчы сабе, а потым пачынаюць дапамагаць іншым. Праца з маленькімі пацыентамі таксама стала для Наталлі Нікіцінай свядомым выбарам.
— Працуючы з дзецьмі, можна аказаць на іх большы ўплыў (чым на дарослых. — НЧ). Яна распавядала бацькам пра тыя ж негвалтоўныя метады, якія мы абмяркоўвалі ў працы з сабакамі, каб яны будавалі лепшыя адносіны са сваімі дзецьмі, — гаворыць Кацярына.
Кацярына Кастрыцкая
Філасофію, што ўсе жывыя істоты — хоць людзі, хоць сабакі — заслугоўваюць гуманнага стаўлення і лепш адгукаюцца на яго, чым на гвалт, Наталля Нікіціна ўвасабляла ў сваім прафесійным і асабістым жыцці.
Шчыльна ўзаемадзейнічаць з жывёламі яна стала пасля таго, як яе сын падабраў шчанюка дварняжкі. Малую назвалі Торы, і цяпер, ужо дарослы сабака, яна чакае, калі гаспадыня вернецца дадому.
— Наталля бачыла, што метады без гвалту і жорсткасці працуюць з сабакамі вельмі добра. Яна захацела больш пра гэта ведаць, і потым у нас узнікла ідэя напісаць пра гэта кнігу, бо я працую ў гэтай сферы. Яна пажадала ездзіць са мной на кансультацыі і дапамагаць сабакам наладжваць кантакт з іх гаспадарамі.
У выніку сёстры ў суаўтарстве з Ірынай Гаруковай напісалі дзве кнігі пра выхаванне сабак, і цяпер працуюць над трэцяй. Адметна, што Наталля Нікіціна працягвае рабіць свой унёсак у выданне праз лісты з-за кратаў.
Сёстры
Больш за ўсё ў зняволенні Наталлі не хапае прагулак, камунікацыі дый агулам — волі. Яна вельмі сціпла піша пра ўмовы, у якіх знаходзіцца ў жодзінскай турме, бо пра гэта пісаць нельга. З лістоў Наталлі вынікае, што ў яе заўсёды ёсць спальнае месца, атмасфера ў камеры больш-менш псіхалагічна здаровая і жанчына робіць усё магчымае, каб яна такой заставалася.
Кацярына Кастрыцкая
А яшчэ Наталля перажывае за свайго малодшага сына. Яму 18 гадоў, ён заканчвае вучобу і яму трэба ўладкоўвацца на працу.
— Ён жыве са сваім бацькам, у якога інваліднасць — у яго была траўма галаўнога мозга, пашкоджаныя лобныя долі. Ён самастойны, але ў чалавеку адбыліся пэўныя змены. Таму сыну Наталлі, мусіць, цяпер цяжэй за ўсё, — тлумачыць Кацярына.
Дапамагаюць любыя дзеянні
Родным палітзняволенай было вельмі цяжка змірыцца з яе затрыманнем, але яны здолелі прыняць гэтую сітуацыю і, як і сама Наталля, спадзяюцца, што яна не зацягнецца.
— Мы з ёй абмяркоўвалі сітуацыі, калі з людзьмі паступалі жорстка, ужывалі гвалт. І казалі, што кожны нясе адказнасць за свае дзеянні, але не можа адказваць за дзеянні іншых. Так прасцей. Мы можам рабіць усё, што ў нашых сілах, у канкрэтным дадзеным выпадку. І іншыя таксама робяць тое, што лічаць патрэбным. І ім з гэтым потым жыць, — дзеліцца сваім стаўленнем да сітуацыі Кацярына Кастрыцкая.
Кацярына Кастрыцкая
Хоць, прызнаецца сястра палітзняволенай, дасюль яна не можа сказаць, што ёй удаецца захоўваць спакой. Але як чалавек, які сутыкнуўся з палітычным пераследам блізкага, і як псіхолаг, яна дзеліцца тым, што можа дапамагчы перажыць гэтую сітуацыю.
— Любыя дзеянні: што можаце рабіць — тое рабіце. Гэта дапамагае не ўпасці ў вывучаную бездапаможнасць — цяжкае становішча, калі прападае ўсялякая ініцыятыва, няма ніякага прасвету і здаецца, што мы ні на што не можам паўплываць. Таму самыя простыя дзеянні — напісаць ліст ці сабраць перадачу — дапамагаюць.
Быў такі аўстрыйскі псіхолаг Віктар Франкл. Да прыходу нацыстаў у яго было ўсё: праца, свая псіхалагічная школа, добрая сям’я. Але яму не пашанцавала ў дзвюх рэчах: што ён жыў у тыя часы і што ён быў габрэем. Ён трапіў у канцлагер і пачаў пісаць кнігу, якую выдаў пасля выхаду з адтуль. Ён пісаў яе на абрыўках паперы алоўкамі, якія знаходзіў. Ён нелегальна праводзіў псіхатэрапію з людзьмі, якая аказаліся ў такім жа становішчы. І ён казаў, што калі ведаеш, для чаго ты жывеш, можаш вынесці любое «як». Трэба проста ведаць, для чаго гэта ўсё.
Ён выйшаў з канцлагера, дажыў да 92 гадоў і да канца заставаўся ў здаровым розуме і цвёрдай памяці. Значыць, яго тэорыя дзейнічае.
І нам трэба трываць для лепшага жыцця, для таго, каб людзі маглі не баяцца самарэалізоўвацца, дапамагаць іншым і не азірацца на тое, што гэта прывядзе да жудасных рэчаў, — зазначае сястра палітзняволенай.
Сама Наталля Нікіціна таксама верыць у тое, што дабро пераможа. І ўжо напісала сястры, што б яна хацела зрабіць пасля вызвалення.
— Яна хоча доўгія прагулкі, часта думае пра тое, як яна прыйдзе дамоў і як яе сустрэнуць нашы сабакі, яны будуць валяць яе па падлозе і проста залізваць ды «загрызаць». Яны вельмі яе чакаюць. Яны прывыклі, што кожную суботу мы разам хадзілі на доўгую прагулку. І першы час не маглі зразумець, чаму гэта змянілася. А потым Торы моцна захварэла, і мы думаем, што прычынай стаў яе псіхалагічны стан. Але мы вазілі яе да ветэрынара і выратавалі.
Днямі стала вядома, што Наталлі Нікіцінай працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 29 сакавіка. Ёй было б вельмі прыемна атрымліваць лісты. Пішыце ёй на адрас: Следчая турма №8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева і з асабістага архіву Кацярыны Кастрыцкай