«Хочам быць беларусамі — мусім браць у рукі зброю». Гутарка з былым палітвязьнем, які далучыўся і сышоў з Палка Каліноўскага

У Беларусі Ціхан Клюкач атрымаў паўтара года турмы за тое, што здымаў на відэа, як ягоная сяброўка, 18-гадовая Соф'я Малашэвіч, расьпісвала фарбай з балёнчыка шчыты сілавікоў і агароджу. На судзе Ціхан усю віну ўзяў на сябе. Зараз ён ідзе ваяваць зноў. 

cihan_kljukacz.jpg


У выніку Соф’я Малашэвіч атрымала 2 гады пазбаўленьня волі і дагэтуль знаходзіцца ў гомельскай жаночай калёніі. Ціхан Клюкач адбыў пакараньне ў 1,5 года калёніі і 7 сакавіка выйшаў на волю. Зьехаў зь Берасьця ў Варшаву, праз 2 месяцы далучыўся да палку Каліноўскага і зьехаў ваяваць ва Ўкраіну. Празь некалькі дзён сышоў адтуль. Цяпер ён на трэніровачнай базу палку «Пагоня», рыхтуецца зноў вярнуцца ваяваць ва Ўкраіну.
Вось што ён расказвае ў размове са Св*бодай.
«Я ніколі не падпарадкоўваўся неадэкватным загадам. Нават у беларускай зоне» — Два месяцы таму мы з вамі размаўлялі — літаральна за пару дзён да таго, як вы паехалі ва Ўкраіну. За гэты час з вамі адбылося шмат падзей. Можаце патлумачыць, што адбылося ў палку Кастуся Каліноўскага?
— У палку Каліноўскага са мной адбылася гісторыя, якая сама па сабе асаблівай цікавасьці і не ўяўляе. Я зрабіў правіну, стрэліў з аўтамата, калі разраджаў яго падчас здачы дзяжурства. На наступны дзень з боку аднаго чалавека была спроба прымусіць мяне хадзіць у бронекамізэльцы з паперкай з надпісам: «Запытай, чаму я ў брані». Я занадта доўга хадзіў з жоўтай біркай на грудзях, каб дазваляць у дачыненьні да сябе такія адносіны. Паперкі былі сарваныя і кінутыя ў сьметніцу. Ад гэтага чалавека я патрабаваў публічнага прабачэньня, у прысутнасьці ўсёй вучэбнай роты. Ён адмовіўся. А я сышоў.
Дый гэта не адзіная прычына. У палку Каліноўскага апынуліся вельмі розныя людзі. Некаторымі зь іх можна захапляцца, а зь некаторымі нармальнаму чалавеку наогул не захочацца мець ніякіх спраў. І зараз у публічным доступе зьяўляецца ўсё больш інфармацыі пра дзейнасьць некаторых «каліноўцаў», якую на сваім канале полк ніколі не апублікуе.
Карцінка, старанна створаная ў мэдыях, на жаль, адрозьніваецца ад рэчаіснасьці. Шмат хто бачыць у палку Каліноўскага будучае беларускае нацыянальнае войска. Я мяркую, што такое войска можа быць створана толькі пры аб’яднаньні ўсіх беларускіх добраахвотнікаў. Усіх. Ці пойдуць на такое камандзіры «каліноўцаў» — ня ведаю. І наогул ня ведаю, чаго яны хочуць: перамогі над Лукашэнкам, або іх галоўная мэта — манаполія на беларусаў-добраахвотнікаў і гуманітарную дапамогу дыяспар.
— Ці застаецца крыўда за тое, як з вамі абышліся?
— Няма ніякай крыўды. Дый ні аб чым я не шкадую. Я ніколі не падпарадкоўваўся неадэкватным загадам. Нават у беларускай зоне. Я проста не скарыўся яшчэ раз, застаўся сабой. А барацьба з дыктатурай палком Каліноўскага не абмяжоўваецца.

polk.jpg


— А як удалося трапіць у полк «Пагоня»?
— Пасьля таго як сышоў з палку Каліноўскага, некаторы час прабыў у Львове, пазьней вярнуўся ў Варшаву. Шукаў іншыя варыянты, іншыя падразьдзяленьні, да якіх мог бы далучыцца.
Ужо ў Варшаве я пазнаёміўся з Вадзімам Пракоп'евым, паразмаўлялі, дамовіліся. Так і трапіў.
— Якая атмасфэра ў «Пагоні»?
— Я не магу сказаць, што ў палку Каліноўскага ўсё было пагана, там былі і станоўчыя рэчы, але тут больш разуменьня справы, больш прафэсіяналізму. Калі гаварыць пра атмасфэру ў палку «Пагоня», то можна сказаць, што гэта атмасфэра братэрства.
«Хочам быць беларусамі — мусім браць у рукі зброю. І ніякіх другіх шляхоў няма» — Раскажыце, чым зараз займаецеся
— На гэты момант я ў складзе групы аэравыведкі. Зараз трэнуемся, хутка паедзем ва Ўкраіну. Падрыхтоўкай займаюцца прафэсійныя вайскоўцы са шматгадовым вопытам службы ў спэцпадразьдзяленьнях, ёсьць і замежныя інструктары.
— Чаму ў вас такая ўпартасьць — ваяваць? Вы ж у душы, напэўна, чалавек тонкі, лёгка ранімы, творчы, з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці і спагады. Прынамсі, так падалося на судзе, а таксама з вашых інтэрвію.
— На маю думку, іншых варыянтаў у беларусаў няма. Калі мы хочам застацца нацыяй, калі мы хочам аднавіць сваю дзяржаўнасьць, захаваць нашу мову і культуру, мы павінны ісьці сілавым шляхам, мы павінны ваяваць. Як ва Ўкраіне, так і ў Беларусі. Я працягваю верыць у супраціў унутры краіны, буду выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб спрыяць новаму сілавому руху ў Беларусі. А такія магчымасьці ёсьць, і такі рух ужо пачынаецца.
Я, можа, і тонкі, і лёгка ранімы, але выхаду ў нас няма. Хочам быць беларусамі — мусім браць у рукі зброю. І ніякіх другіх шляхоў няма. Ня трэба ні акцый у Эўропе, ні незразумелых імпрэзаў з прыгожымі назвамі. Гэта нашую перамогу не наблізіць ніякім іншым чынам. Каб перамагчы — трэба ваяваць. У літаральным сэнсе гэтага слова.
«Зона — гэта лукашэнкаўская Беларусь у мініятуры. А Беларусь зараз — гэта проста вялікая зона» — Калі вы былі за кратамі, нямала сутак правялі ў ШЫЗА, маеце добрую загартоўку. Яна вам спатрэбілася? Наагул, турэмны досьвед можа быць карысны ў чымсьці?
— Як сказаць... Ёсьць псыхалягічная ўстойлівасьць да стрэсаў. Ёсьць нейкае практычнае разуменьне псыхалёгіі чалавека, уменьне зразумець па размове, чаго ён хоча, што ён зь сябе ўяўляе. Але ж мінусаў за кратамі значна больш, чым плюсаў. Хаця аб тым, што сеў, не шкадую. Маю чыстае сумленьне ды поўнае ўяўленьне пра нашу дзяржаву. Трэба было сесьці, каб ужо дакладна разумець, што зона — гэта лукашэнкаўская Беларусь у мініятуры. А Беларусь цяпер — гэта проста вялікая зона.

kljukacz_2.jpg

— Зараз ідзе рэальная падрыхтоўка да баявых дзеяньняў. Цяжка фізычна, маральна?
— Фізычна — так, бывае. Але зноў жа, тут ёсьць разуменьне, што рэальна спатрэбіцца ў баявых умовах. У палку «Пагоня» рыхтуюць спэцыялістаў, напрыклад, парамэдыкаў, аэравыведку. То бок гэта не пяхота, і нам давядзецца працаваць на дастаткова важных спэцыяльнасьцях, а ня проста весьці стральбу з акопаў.
Маральна ня цяжка. Хутчэй наадварот, тут адчуваецца падтрымка, адчуваецца еднасьць, тое, што ва ўсіх нас канчатковая мэта — вызваленьне Беларусі. Усе навыкі, якія мы атрымліваем тут і будзем адточваць на рэальнай вайне, будуць патрэбныя, калі прыйдзе гэты час.
— Мяркую, як і ўсе беларусы, вы шмат чыталі пра вайну, глядзелі фільмы і ўяўляеце, што на вайне давядзецца страляць — у такіх жа маладых людзей, як вы. Ня страшна?
— Не, ня страшна. Мне няма чаго баяцца — пасьля ўсяго, праз што я ўжо прайшоў. А тых, у каго мне давядзецца страляць, не заўсёды можна назваць людзьмі. Пасьля Бучы, Гастомеля, Марыюпалю — гэта ўжо ня людзі. Расея і Пуцін — гэта чыстае зло, і той, хто сьвядома ці несьвядома пайшоў ваяваць на баку зла, ніякага спачуваньня ў мяне не выклікае. Выбар быў у кожнага. Ва Ўкраіну іх ніхто ня клікаў.
— І наагул, ці ёсьць страх?
— Не, страху няма.
— Вы раней казалі, што ня можаце зьмірыцца, што Беларусь стала пляцдармам для расейскіх войскаў. Ня так даўно ракеты ў бок Украіны зноў ляцелі зь Беларусі. Як вы, іншыя хлопцы з палку «Пагоня» ўспрынялі гэта?
— Ну а як гэта можна ўспрыняць? Лукашэнка будзе рабіць тое, што загадаюць. Кроў мірных украінцаў на ягоных руках. Цяжка давесьці знаёмым украінцам, што гэта не беларусы, а Лукашэнка, што народ маёй краіны ненавідзіць Пуціна. Віны беларусаў тут няма. Але ўсё роўна цяжка ўспрымаць такое.
— Ці застаецца час на маляваньне? Ці ёсьць наагул вольны час? Чым займаецеся, акрамя вучэбных заняткаў, трэніровак?
— Не, вольнага часу амаль няма.
— Навіны чытаеце, ведаеце, што ў Беларусі рэпрэсіі не спыняюцца. Ці ёсьць у вас надзея, што гэта хутка скончыцца і вы вернецеся на радзіму?
— Пра бліжэйшы час цяжка нешта казаць, зараз вельмі хутка ўсё зьмяняецца. Упэўнены, што вярнуся ў Беларусь. Са зброяй у руках. Калі гэта будзе, залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ад саміх беларусаў у Беларусі. Бязь іх нічога не адбудзецца. Калі мы хочам вызваленьня, мы павінны змагацца. І ва Ўкраіне, і ў Беларусі. Магчымасьці ёсьць.
— Адкуль бярэцца пазытыў, сілы?
— Сам ня ведаю. Проста не магу спыніцца. І не хачу. Барацьба трывае, а Беларусь перадусім.