Хлопчыка-інваліда з вазка зацягвалі ў аўтазак, смяяліся і білі па нагах
«Я не ведаю, што яшчэ павінна адбыцца, каб мы сапраўды прачнуліся і ўсе выйшлі на вуліцу. Ну ўсіх жа не заб’юць і не пасадзяць. Госпадзе, гэта проста бясчынства».
Гэта сведчанні Вольгі Бяласінай з Барысава:
«Мы з мужам 10 жніўня каталіся на матацыклах. Праяжджалі праз плошчу. Там рабілася такое бясчынства, проста на вуліцы людзей білі, зацягвалі ў машыны. Дзеці плакалі, крычалі. Мы спыніліся, натуральна. Хто праедзе, калі дзеці крычаць. Майго мужа тут жа схапілі і пацягнулі. Натуральна, я за ім. Мяне ніхто не затрымліваў. Я сама пайшла, бо як пакінуць мужа.
Хлопец ехаў на зялёным ровары, гадоў 17. Яго проста шэсць чалавек падбеглі, сталі біць, зацягнулі таксама да нас у аўтобус. Потым пад’ехаў аўтазак. Нас грузілі…
Калі зацягвалі ў аўтобус, хлопчыка-інваліда проста з інваліднага вазка паднялі і запхнулі. Калі зацягвалі ўжо ў аўтазак, яны смяяліся і білі яго так… Сказалі: «Ты хлусіш»… Па нагах. Я пачала крычаць, што ён не адчувае ног, што вы робіце. Ён інвалід. Калі ласка, хаця б пасадзіце яго (плача). Бо яны кінулі яго проста на падлогу. Толькі пасля маіх словаў яны прыслухаліся і хаця б пасадзілі яго.
Нас прывезьлі. Мужчын з машын адразу білі проста бязьлітасна дубінкамі, укладвалі ў падлогу, у зямлю. Рукі ўгару і ногі на шырыню, якую толькі можаш. Яны збівалі іх, яны хадзілі па іх. Смяяліся.
Нас паставілі да сценкі, тварам да сцяны, мы не павінны былі глядзець. Стаялі жанчыны ад 70 гадоў да дзяўчынкі 15-гадовай. Яна плакала і пыталася: «Вас білі?» Я кажу: «Не». Яна кажа: «А мяне білі».
Мы стаялі так чатыры гадзіны. Ні папіць, ні туалета, нічога. Калі мы адкрывалі рот ці глядзелі, яны казалі, што будуць укладваць нас гэтаксама, як і мужчын.
У мяне адкрыўся крывацёк, бо ў мяне рак па-жаночы. І я казала следчаму: мне патрэбны пракладкі. А яны смяяліся мне ў твар: ты, с...ка, будзеш сядзець 15 дзён, я асабіста распараджуся, каб ты сядзела.
Пракладак мне ніхто не прынёс, і я так у крыві ўся і ляжала; сяк-так падмывалася, вядома. А там жа камеры стаяць, усё гэта запісваецца. Гэта ўсё такое прыніжэнне.
Я казала следчаму: «Дзе мой адвакат? Чаму мяне затрымалі?» Ніхто нічога не тлумачыў, ніхто не прадстаўляўся, ні ў кога бэджыкаў не было. Абсалютнае беззаконне. Ставяцца, як да жывёлаў.
Яшчэ на плошчы жанчыны зь дзецьмі, пажылыя жанчыны ўставалі перад імі на калені і прасілі не ісці супраць народу. Я таксама думала, што яны могуць, што ў іх ёсць нешта чалавечае. Але не. Яны смяяліся ў твар. Проста смяяліся і білі нас.
Народ нічога не рабіў. Ён проста стаяў.
І я вось такая ўся ў крыві, уявіце — у месячных, ва ўсім — стаяла перад судом. Мне было настолькі дрэнна, жудасна, прыніжэнне проста страшнае…
Значыць, народ, мы можам проста працаваць, плаціць падаткі, штрафы, але нічога ня можам больш. І мы сапраўды авечкі, як кажа Лукашэнка. Я ня ведаю, што яшчэ павінна адбыцца, каб мы сапраўды прачнуліся і ўсе выйшлі на вуліцу. Ну ўсіх жа не заб’юць і не пасадзяць. Госпадзе, гэта проста бясчынства».