Беларускіх зняволеных адправяць на будоўлі ў Марыупаль?
На будаўнічыя працы ў акупаваны і зруйнаваны расійскімі войскамі ўкраінскі Марыупаль плануюць звесці зняволеных з Беларусі, асуджаных за няцяжкія злачынствы. Пра гэта ў эфіры «Свобода. Ранок» (украінская служба «Радыё Св*бода») паведаміў дарадца гарадскога галавы Марыупаля Пётр Андрушчанка.
«Літаральна ўчора мы атрымалі дадатковую інфармацыю,
што прынята рашэнне, што не толькі расіяне будуць. Збіраюцца прывезці ў
бліжэйшы час ужо з Беларусі людзей, якія асуджаныя за няцяжкія злачынствы для
таго, каб яны таксама займаліся будаўнічымі работамі на тэрыторыі Марыупаля»,
— сказаў Пётр Андрушчанка, які знаходзіцца на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.
На якіх менавіта ўмовах беларускія зняволеныя будуць
выконваць працы ў Марыупалі, дарадца гарадскога галавы не ўдакладніў. Аднак што
тычыцца расійскіх будаўнікоў, якія цяпер масава прыбываюць у акупаваны горад,
то, паводле слоў Андрушчанкі, яны застануцца жыць у Марыупалі.
«Яны не плануюць нікуды выязджаць, яны плануюць
будаваць жылыя дамы, кварталы і не хаваюць, што яны будуюць гэта менавіта для
сябе — пад тую праграму іпатэкі, якая запушчана ў Расіі з лютага гэтага года — пад два працэнты. Ужо нават 40 тэндэраў у Маскве разыграна. Іх атрымалі фірмы,
якія належаць набліжаным да Крамля. І будуць будаваць за федэральны бюджэт усё
гэта. Таму іх колькасць будзе расці», — сказаў Андрушчанка.
Расійскія войскі акупавалі Марыупаль у траўні 2022 года
пасля кровапралітных баёў і працяглай блакады. Падчас вайсковага ўварвання
Расіі ва Украіну Марыупаль амаль цалкам разбураны абстрэламі. Паводле ацэнак
ААН, у горадзе знішчана або пашкоджана каля 90% шматпавярховых жылых дамоў і
каля 60% прыватных дамоў.
Да поўнамаштабнага ўварвання ў Марыупалі пражывала каля 426
тысяч чалавек. 350 тысяч з іх сталі бежанцамі. Падчас расійскай аблогі загінулі
прынамсі 25 тысяч чалавек.
Расійскія войскі падазраюць у здзяйсненні ў Марыупалі
шматлікіх ваенных злачынстваў. Масква гэта адмаўляе.
Колькасць беларускіх зняволеных, якіх нібыта плануюць адправіць на будоўлі ў Марыупаль, не ўдакладняецца. Невядома таксама, ці разглядаюцца ў такой якасці палітычныя вязні.