Ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: чаго чакаць у 2023-м?
Пасля ракетных абстрэлаў украінскіх гарадоў у канцы мінулага года ў сацыяльных сетках і на форумах пачалі з’яўляцца каментары з папрокамі ў адрас экспертаў. Тыя, маўляў, кажуць, што ў Расіі ракеты амаль скончыліся, але абстрэлы адбываюцца ўсё часцей, і інтэнсіўнасць іхняя ўзрастае.
З гэтага чытачам, фактычна, прапануецца зрабіць дзве высновы: эксперты — нікчэмныя, а Украіне будзе немагчыма выстаяць пад масай расійскіх ракет. Гэта мусіць нарадзіць у аўдыторыі недавер да экспертнага меркавання, і тады ботам і тролям праплочаным будзе лягчэй навязваць свае наратывы, ну і падштурхнуць да страты спадзяванняў на перамогу Украіны ў процістаянні з Расіяй.
У той жа час, нават адкрытыя крыніцы дазваляюць атрымаць уяўленне і пра тое, з якой інтэнсіўнасцю ідуць абстрэлы (роўна як і ўбачыць дынаміку зменаў гэтай інтэнсіўнасці), а таксама даведацца, колькі і якіх ракетаў было выкарыстана, якія характарыстыкі маюць гэтыя ракеты (што з’яўляецца пасведчаннем пра ступень эфектыўнасці выкарыстання, а значыць — узровень магчымасцяў па дасягненні сваіх мэтаў тых бокам, які іх запускае), якія магчымасці маюцца для аднаўлення запасаў ракетаў. Пры гэтым варта разумець, што любыя падлікі грунтуюцца на пэўным дапушчэнні, паколькі і першапачатковая колькасць ракетаў, і магчымасці іхняй вытворчасці пасля пачатку вайны з’яўляюцца аб’ектам дзяржаўнай тайны, і нават колькасць і тып выпушчаных па цэлях ракетаў не паддаецца дакладнаму падліку. Таму варта, у першую чаргу, глядзець на заўважныя трэнды ў выкарыстанні гэтай зброі.
Графік і інтэнсіўнасць абстрэлаў
Калі зірнуць на графік і інтэнсіўнасць ракетных абстрэлаў, дык наймацнейшым быў удар, нанесены ў першы дзень вайны — 24 лютага. Тады, па розных даных, па тэрыторыі Украіны былі выпушчаны больш за 160 балістычных і крылатых ракет. Па падліках Пентагону, усяго за 11 першых дзён вайны расійцамі былі выпушчаны 600 ракет. У далейшым удары працягваліся, але з меншай інтэнсіўнасцю. Па словах ваенна-палітычнага аглядальніка групы «Інфармацыйны супраціў» (Україна) Аляксандра Каваленкі, інтэнсіўнасць абстрэлаў да жніўня 2022-га знізілася да перыядычнасці раз на 3-4 дні, а тое і на тыдзень. Пры гэтым колькасць ракетаў была далёкай ад узроўню 24 лютага.
Да маштабных ракетных атак расійцы вярнуліся ўвосень, абраўшы тактыку нанясення моцных удараў па аб’ектах крытычнай інфраструктуры з мэтай прымусіць украінскае кіраўніцтва пайсці на перамовы з Расіяй менавіта на расійскіх умовах. Першым з такіх быў абстрэл 10 кастрычніка, калі па ўкраінскіх аб’ектах былі выпушчаны 84 крылатыя, балістычныя ракеты і зенітныя ракеты, прыстасаваныя для ўдараў па наземных цэлях. Некалькі больш дробных удараў былі нанесены цягам наступнага тыдня.
Наступны маштабны ўдар адбыўся 22 кастрычніка, калі былі выкарыстаны 33 ракеты. Далей былі ўдары 31 кастрычніка (78 ракет), 15 лістапада (96 ракет), 23 лістапада (70 ракет), 5 снежня (70 ракет), 16 снежня (76 ракет), 29 снежня (69 ракет). Такім чынам, можна заўважыць, што інтэрвалы паміж ударамі складалі 12-9-15-8-12-11-13 дзён, то-бок, прыблізна былі аднолькавымі. Асабліва ў апошні месяц 2022-га, калі інтэрвалы складалі паўтары тыдня.
Інтэнсіўнасць мела найбольшыя паказальнікі ў першы месяц абстрэлаў (з 10 кастрычніка па 15 лістапада), калі колькасць ракет за адзін абстрэл была найвышэйшай. Усяго за гэты час была выпушчана 291 ракета. За апошнія паўтары месяца 2022-га колькасць ракетаў пры абстрэлах была прыблізна аднолькавай — 70 ракет, за выняткам абстрэлу 16 снежня (76 ракет) і 29 снежня (69 ракет).
У цэлым бачна, што расійцы перашлі да больш-менш рэгулярных абстрэлаў з інтэрвалам прыблізна ў 12 дзён з прыблізна аднолькавай колькасцю запушчаных ракет (каля 70). Такая дынаміка не сведчыць ні пра павелічэнне колькасці абстрэлаў, ні пра рост іхняй інтэнсіўнасці.
Якія ракеты выкарыстоўваюцца?
Для разумення сітуацыі таксама варта зірнуць на тое, якія ракеты выкарыстоўваюцца для абстрэлаў украінскіх гарадоў па ступені іхняй эфектыўнасці.
Крылатыя ракеты
Калі казаць пра крылатыя ракеты, дык сярод іхніх перавагаў звычайна называюць высокую манеўранасць, хуткасць і дакладнасць. Сапраўды, сярод крылатых ракет, якія выкарыстоўвае Расія супраць Украіны, маюцца ракеты «Калібр», якія вызначаюцца высокай адлегласцю і дакладнасцю паражэння цэляў. Гэтая ракета была распрацавана цягам 80-х-пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў СССР/Расіі як крылатая ракета марскога (падводнага і надводнага) базавання (у перспектыве, лічыцца, і паветранага), і ў сваіх розных версіях прызначаная для паражэння надводных, падводных і наземных цэляў.
Па інфармацыі з украінскіх крыніц, на пачатак вайны Расія мела 500 «Калібраў». На канец 2022-га была выкарыстана 391 ракета. За той жа час расійская прамысловасць вытварыла 120 ракет. Такім чынам, цяпер у расійцаў застаюцца 229 ракет. Варта адзначыць, што вытворчасць «Калібраў» патрабуе мікрачыпаў, якія Расія раней імпартавала. Цяпер праз санкцыі яна не можа гэтага рабіць. Тым не менш, заходнія эксперты ацэньваюць магчымасць вытворчасці новых «Калібраў» у 100 штук у год. Калі параўнаць гэтую лічбу з колькасцю выкарыстаных ракет, робіцца відавочным, што яна не можа кампенсаваць страты, і можна прагназаваць значнае змяншэнне інтэнсіўнасці выкарыстання «Калібраў».
Ракета «Онікс» карабельнага і паветранага базавання прызначаецца для ўдараў па караблях праціўніка, але прадугледжана і выкарыстанне па наземных цэлях. У вайне супраць Украіны гэтыя ракеты выкарыстоўваюцца, пераважна, для нанясення ўдараў па аб’ектах у Адэскай вобласці. З тых 470 ракет, якія меліся ў распараджэнні на 24 лютага, засталося прыблізна 347.
Сярод іншых крылатых ракет вызначаецца група ракетаў паветранага базавання, распрацаваная канструктарскім бюро «Радуга» (горад Дубна, СССР/Расія), якая пазначана ліцерай «Х». Найбольш эфектыўнай з’яўляецца крылатая ракета Х-101, распрацаваная ў 1995-2013 гадах. Па заяўленых характарыстыках, яна можа трапляць у цэль на адлегласці 5 500 км з кругавым верагодным адхіленнем (КВА) усяго ў 7 м. Але і кошт гэтых ракетаў адпаведны: 13 млн долараў за кожную. Колькасць гэтых ракет, якія яшчэ застаюцца ў Расіі, ацэньваецца ў 132-160 адзінак.
Падобнай ракетай з’яўляецца Х-555, якая, як і Х-101, была распрацаванай як глыбокая мадэрнізацыя савецкай ядзернай ракеты Х-55. І як у любой падобнай мадэрнізацыі, пры гэтым былі пагоршаны некаторыя характарыстыкі. За кошт непазбежнага падвышэння вагі баявой часткі, радыус выкарыстання Х-555 складае каля 2 000 км. Пры гэтым КВА складае 20 м. Па паведамленнях з адкрытых крыніцаў, на 24 лютага ў Расіі было 300 ракет Х-555, з якіх былі выкарыстаны 150 адзінак. Кошт адной ракеты ацэньваецца ў 4 млн долараў. Новых ракет гэтага тыпу выраблена не было.
Астатнія ракеты «Х» (Х22/32, Х-35) з’яўляюцца старымі савецкімі распрацоўкамі з узростам у некалькі дзясяткаў гадоз, што адпаведным чынам адбіваецца на эфектыўнасці. Радыус выкарыстання і дакладнасць паражэння цэляў у іх невысокія. Напрыклад, КВА Х-22 ацэньваецца ў 7 км, а практыка прымянення прадэманстравала, што ракеты падаюць у радыусе 600 м (а тое і ў 2 км) ад цэлі. Тым не менш, яны здольныя прынесці да гібелі людзей і разбурэнняў, як тое адбылося пры абстрэле Крэменчуга 27 чэрвеня, калі ракета трапіла ў гандлёвы цэнтр, забіўшы больш за 20 чалавек. З 370 ракет, якія былі ў Расіі на пачатак вайны, выкарыстаны былі 250 пры нулявой вытворчасці. Такім чынам, іх засталося каля 120.
Ракета Х-35 — найбольш універсальная па тыпу носьбітаў (самалёты, верталёты, караблі, наземныя комплексы) і найбольш простая і танная ў вытворчасці. Адна праблема: яна ад пачатку была вузка навострана на прымяненне супраць караблёў. Супраць наземных аб’ектаў яна мала эфектыўная. Тым не менш, расійцы часцей за астатнія ракеты выкарыстоўваюць яе для нанясення сваіх удараў. Да тых 500 адзінак Х-35, якія існавалі на 24 лютага, за мінулы год былі выраблены яшчэ 360. Усяго выкарыстаны былі 504 ракеты. Такім чынам, засталося 356 адзінак, але гэтая лічба ўжо можа быць вышэй.
Балістычныя ракеты
Галоўнай асаблівасцю балістычных ракет (БР) з’яўляецца тое, што значную частку свайго палёту яны здзяйсняюць па балістычнай траекторыі, то-бок не могуць пры гэтым здзяйсняць манеўры. Ад сродкаў СПА іх пры гэтым абараняюць вялікая вышыня і хуткасць палёту, а таксама вялікая колькасць пасткаў і радыёлакацыйных перашкодаў, якія ўтвараюць вакол боегаловак «цэлевыя аблокі». Да БР належаць вядомыя ракеты «Іскандэр-М» (іншым разам яны прыгадваюцца як «квазібалістычныя», паколькі могуць здзяйсняць манеўры цягам усяго палёту). Менавіта такімі ракетамі расійцы абстрэльвалі Украіну з тэрыторыі Беларусі. Па даных украінскіх крыніцаў, толькі 24-30 сакавіка 2022-га з тэрыторыі Беларусі было здзейснена 112 пускаў. Да вайны Расія мела каля 900 такіх ракет, з якіх выкарыстала 829. А вось выраблена было толькі 48. Такім чынам, «Іскандэры» цяпер у жорсткім дэфіцыце.
Ракета «Кінжал» з’яўляецца, па сутнасці, варыянтам «Іскандэра» паветранага базавання. Гэта — высокадакладныя і моцныя ракеты, здольныя нанесці значныя страты праціўніку, пры гэтым яны амаль не дасягальныя для сродкаў супрацьпаветранай абароны. І кошт вытворчасці ў іх не надта высокі — ад 05, да 1 млн долараў. Але вось праблема: электроніка ў іх скрозь імпартная. Таму даводзіцца эканоміць іх для «адмысловых выпадкаў». Таму баявое прымяненне іх было вельмі рэдкім, не больш за 16 пускаў. Цяпер іх прымяняюць, у асноўным, як «красівое», то-бок, для дэманстрацыі пагрозы. Менавіта гэтую функцыю выконваюць палёты расейскіх знішчальнікаў МіГ-31К, прыстасаваных для запуску «Кінжалаў», якія базуюцца ў Мачулішчах. І ўкраінцы вымушаны рэагаваць на гэтыя палёты, бо зброя, сапраўды, небяспечная. Хоць і дэфіцытная.
Як бачна з усяго вышэйсказанага, запасы ракетаў у Расіі за 10 месяцаў вайны былі значна вычарпаны, у той час як здольнасці аднаўлення імкліва падаюць. Неабходныя электронныя дэталі зрабіліся недаступнымі праз санкцыі. Ну і варта, канечне, улічваць фінансавыя выняткі. Адзін абстрэл 15 кастрычніка каштаваў Расіі 1,1 млрд долараў, пры тым, што з 96 ракетаў 75 былі знішчаны СПА. Улічваючы страты расійскай эканомікі (у тым ліку, праз тыя ж санкцыі), вытворчасць некаторых тыпаў ракет робіцца задачай невыканальнай. Выкарыстанне танных састарэлых тыпаў, а таксама мадэрнізаваных супрацьпаветраных ракет для ўдараў па наземных цэлях значна знізіць эфектыўнасць прымянення ракетнай зброі і сэнс яе прымянення.
Гэта прымушае Расію перанесці сваю асноўную ўвагу на дроны іранскай і сваёй вытворчасці, а таксама на іранскія балістычныя ракеты. Але і тут існуюць праблемы. Колькасць іранскіх дронаў — таксама велічыня канечная, таму і яны з цягам часу будуць у дэфіцыце. А што тычыцца балістычных ракетаў, дык Ірану з боку міжнароднай супольнасці ўжо вынесена папярэджанне наконт недапушчальнасці паставак у Расію. Гэта прымусіла іранцаў задумацца, наколькі гэтыя пастаўкі будуць для іх мэтазгоднымі.
У любым выпадку, відавочнай ёсць немагчымасць аднаўлення запасу ракет (ды, урэшце, і дронаў, бо для іх таксама патрэбна заходняя электроніка). А гэта значыць, што ўдары па ўкраінскіх гарадах хоць і працягнуцца некаторы час, але будуць усё больш губляць сваю інтэнсіўнасць.