ААН: У 2024 годзе Украіне і ўкраінскім бежанцам спатрэбіцца $4,2 млрд гуманітарнай дапамогі

У гарадах на лініі фронту і на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны пражывае каля 3,3 мільёна чалавек, нагадала УКГД ААН.

vajna_14_logo_1.webp

У 2024 годзе Украіне, а таксама бежанцам з гэтай краіны, якія знаходзяцца за мяжой, спатрэбіцца гуманітарная дапамога ад донараў на суму 4,2 мільярда долараў ЗША, абвясціла Упраўленне ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў (УКГД). Пра гэта піша polskieradio.pl.

Упраўленне звярнулася да донараў з просьбай аб гуманітарнай падтрымцы ў памеры 3,1 мільярда долараў для прыкладна 8,5 мільёнаў украінцаў, якія застаюцца ў краіне, а таксама 1,1 мільярда долараў для ўкраінскіх бежанцаў за мяжой.

Паводле даных ААН, у 2024 годзе знешняй падтрымкі будзе патрабаваць больш за 14,6 мільёна жыхароў Украіны, гэта значыць прыкладна 40 працэнтаў насельніцтва краіны.

Прадстаўніцтва ААН лічыць, што цяпер у гарадах на лініі фронту і на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны пражывае каля 3,3 мільёна чалавек.

«Яны напалоханыя, траўміраваныя і пазбаўленыя асноўных патрэб. Ужо адзін гэты факт павінен прымусіць нас зрабіць усё магчымае, каб аказваць больш гуманітарнай дапамогі Украіне», — адзначыў намеснік Генсакратара ААН па гуманітарных пытаннях і каардынатар надзвычайнай дапамогі, старшыня Упраўлення па каардынацыі гуманітарных пытанняў Марцін Грыфітс.

Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны, пачатая ў лютым 2022 года, прымусіла 6,3 мільёна жыхароў краіны збегчы за мяжу. Каля 4 мільёнаў чалавек у краіне з'яўляюцца ўнутрана перамешчанымі асобамі. У гэтай групе каля аднаго мільёна дзяцей.