Вандроўкі з «Новым Часам»: Крывічы
Крывічы ўпершыню згадваюцца ў актах Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага ў 1493 годзе. Цікавыя факты пра гісторыю і архітэктуру гэтага мястэчка вы даведаецеся падчас вандроўкі.
Паводле рэвізіі Полацкага ваяводства, на 1552 год Крывічы знаходзіліся ў валоданні Корсакаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565-1566 гадоў, Крывічы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
Каля 1640 года ў Крывічах збудавалі ўніяцкую царкву Святой Тройцы на грошы Станіслава Кішкі, а ў 1651 годзе яго сын Януш Кішка перадаў царкве Евангелле 1644 года.
У 1659 годзе ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай царкву разрабавалі маскавіты.
У 1839 годзе Полацкі сабор забараніў дзейнасць уніяцкай царквы, таму царква Святой Троіцы, што размяшчалася ў цэнтры места, таксама была закрыта, і толькі ў 1887 годзе, амаль праз 40 гадоў, храм быў адбудаваны з цэглы і бутавага камення на ўрадавыя сродкі, але стаў праваслаўным.
У аснове будынка — кубападобны аб'ём малітоўнай залі, да якога з усходу далучаецца паўкруглая апсіда, праз трапезную — трох'ярусная шатровая званіца-прытвор. Асноўны аб'ём накрыты пакатым чатырохсхільным дахам з васьмігранным барабанам і цыбулепадобным купалам; шацёр званіцы завершаны макаўкай.
Касцёл Св. Андрэя
У 1770 годзе ўладальнік Крывічаў Андрэй Укольскі — цівун і падкаморы троцкі — дазволіў пасяліцца тут трынітарыям і выдаў фундуш кляштару на землі ў наваколлі.
Кляштары ордэна трынітарыяў, заснаванага ў XII стагоддзі, пачалі з'яўляцца ў Рэчы Паспалітай з канца XVII стагоддзя.
Трынітарыі — каталіцкі жабрацкі манаскі ордэн, заснаваны ў 1198 годзе французскім багасловам Жанам дэ Мата і пустэльнікам Феліксам дэ Валуа (Валезы) для выкупу хрысціян з мусульманскага палону.
23 снежня 1776 года, у адпаведнасці з прывілеем караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста, Крывічы атрымалі статус мястэчка.
У 1777 годзе тут збудавалі мураваны касцёл у імя Святога Андрэя, і ён стаў чацвёртым храмам трынітарыяў на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасля кляштараў у Брэсце, Воршы, Маладзечне і Віцебску.
Пасля паўстання 1830-1831 гадоў усе кляштары трынітарыяў на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі закрыты.
У другой палове XIX стагоддзя ўвесь архітэктурны комплекс быў абнесены агароджай з трохаркавай брамай. У такім выглядзе комплекс захаваўся да нашых дзён.
Касцёл Святога Андрэя — помнік архітэктуры барока, аднанефавы аднавежавы базiлiкальны храм з прамавугольнай апсідай, накрыты высокім двухсхільным дахам.
Архітэктурны дэкор стрыманы і лаканічны. Высока размешчаныя ў тоўшчы сцен аконныя праёмы набліжаюць храм да абарончых збудаванняў. Сцены крапаваныя падвойнымі пілястрамі з капітэлямі. Падлога мазаічная, з геаметрычным арнаментам. Алтар багата ўпрыгожаны ляпнінай, скульптурамі святых.
Крывічы ў ХХ стагоддзі
У Першую сусветную вайну ў Крывічах размяшчаліся армейскія склады для групы расійскіх войскаў пад камандай генерала Балуева, якая ўдзельнічала ў Нарачанскай аперацыі 1916 года. У лютым 1918 года Крывічы занялі войскі Германскай імперыі.
25 сакавіка 1918 года, згодна з Трэцяй Устаўной граматай, Крывічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. А згодна з Рыжскай мірнай дамовай 1921 года, Крывічы аказаліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Вялейскага павета Віленскага ваяводства.
У Другую сусветную вайну 28 красавіка 1942 года нацысты спалілі 470 жыхароў мястэчка, яшчэ 130 расстралялі 13 верасня 1942 года. Агулам за гады акупацыі ў Крывічах і раёне загінулі 2189 чалавек.
Пасля вайны савецкія ўлады ўзяліся за хрысціян і забаранілі дзейнасць храмаў. Таму толькі ў 1990 годзе былі вернутыя хрысціянскія святыні, ужо потым адноўленыя на грошы вернікаў.