Каложа – архітэктурная пярліна Беларусі
Сёння мы распавядзем вам пра Каложскую царкву, што ў Гародні. Пры дапамозе ўнікальнай тэхнікі «Лічбавая акварэль» аўтары гэтага відэа Ян і Юлія на канале «Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура» пакажуць вам яе так, як вы магчыма больш нідзе не ўбачыце!
Царква святога Барыса і Глеба меркавана закладзена ў перыяд праўлення гарадзенскіх князёў Барыса і Глеба Усеваладковічаў. І верагодна названа ў іх гонар. Ёсць і іншая версія, па якой Барысаглебская царква будавалася дзецьмі князёў. Дакладная дата невядомая, але большасць гісторыкаў пагаджаецца на 1183 годзе.
Другая назва Барысаглебскай царквы – Каложская – паходзіць ад славянскага слова “каложань”, якое абазначала месца, дзе б'юць шматлікія крыніцы, і якое свята шанавалася паганцамі.
Вакол Каложы шмат легенд. Паводле адной з іх, князь Вітаўт рушыў са сваім войскам на Грунвальдскую бітву менавіта з гэтага месца пасля таго, як памаліўся ў Каложы.
За сваю доўгую гісторыю царква неаднаразова перабудоўвалася, разбуралася і зноў аднаўлялася. Значны заняпад прыйшоўся на пачатак XVI стагоддзя. У той перыяд храм стаяў без даху і вокнаў, з часткова разбуранымі мурамі. Усё гэта – вынік ваенных канфліктаў між ВКЛ і Масковіяй. Але не толькі войны пагражалі гэтаму архітэктурнаму шэдэўру.
Барысаглебская царква маляўніча стаіць на крутым беразе Нёмана, на самым схіле, і менавіта гэта стварае вялікую небяспеку для яе: за сваю гісторыю храм некалькі разоў мог літаральна сысці пад ваду.
Так, у 1720 годзе была сітуацыя, калі ледзь не абрынулася сцяна царквы. Тады праблему вырашылі пасадкай дрэваў, карані якіх умацавалі грунт на схіле. Але ў 1853 годзе праз апоўзень паўднёвая сцяна храма і частка заходняй былі сур’ёзна разбураныя. У канцы XIX стагоддзя былі праведзены працы па ўмацаванні берага, а ў 1897 годзе адноўлены сцены.
Архітэктура Каложскай царквы сапраўды ўнікальная і не мае аналагаў у Беларусі. Храм крыжакупальны і трохапсідны, выкананы на шасці слупах, невялікі, аднак інтэр’ер прасторны. У афармленні святыні была выкарыстана маёлікавая плітка, ад якой сыходзіла нябеснае анёльскае ззянне, гэты чароўны эфект умацоўваўся нават праз гук: у тоўстыя сцены былі ўмацаваныя галоснікі, дзякуючы якім спевы гучалі выразна і аб’ёмна.
Мабыць галоўную цікавасць выклікае фасад Каложскай царквы, а дакладней паверхня сцен. За кошт уставак рознакаляровых валуноў перадаецца эфект старажытнасці храма. Калі глядзіш на такі мур – сапраўды верыш, што царкве больш за 800 гадоў.
Цяпер Барысаглебская царква ў Гродне ўключана ў спіс помнікаў, якія ахоўваюцца ЮНЕСКА.
Магчыма, пасля гэтага аповеду вы крыху па-іншаму паглядзіце на Каложскую царкву – адзін з найстарэйшых храмаў Беларусі. А калі вы яшчэ не знаёмы з ім – будзе добрая нагода наведаць Гародню.Абавязкова падпісвайцеся на канал «Беларусь: Падарожжа, Гісторыя, Архітэктура», каб не прапусціць новыя вандроўкі па цудоўнай Беларусі!