У падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў» абвінавачваюцца абаронцы Курапатаў
Па артыкуле крымінальнага кодэксу 293 частка 3 — «масавыя беспарадкі» — затрыманыя ў асноўным удзельнікі абароны Курапатаў.
Асабліва тыя, хто былі ў намёце ў ноч нападу на іх невядомых асобаў.
Сёння былі затрыманыя Раман Васільеў і Зміцер Крэмянецкі. У абодвух прайшлі вобшукі. У Крэмянецкага следчыя забралі страйкбольную зброю, сістэмны блок кампутара і стары зламаны ноўтбук. Следчыя паведамілі, што ён затрыманы менавіта ў межах крымінальнай справы.
Учора па тым жа артыкуле былі затрыманыя Зміцер Дашкевіч, Арцём Леўчанкаў і Сяргей Пальчэўскі. Пальчэўскі вядомы як чалавек, які прыкуў сябе да машыны будаўнікоў кайданкамі. Вядома пра затрыманне Уладзя Яроменкі. Дакладна вядома пра вобшукі ў межах крымінальнай справы прайшлі ў Дашкевіча і Пальчэўскага.
У спісе затрыманых яшчэ адзін «маладафронтавец» — Цімур Пашкевіч.
Падобна на тое, што ўлада распачала сезон палявання менавіта на абаронцаў Курапатаў. Бачна, улада не даравала ім той перамогі, якую яны здзейснілі нядаўна. Але як улады будуць потым тлумачыць затрыманне гэтых «баевікоў», якія два тыдні былі ва ўсіх навідавоку — вялікае пытанне.