Міхаіл Кукабака: Пуцін руйнуе Украіну дзеля маніі велічы
І ў Расію, і ў Беларусь вярнуўся фашызм. Такое меркаванне выказаў палітвязень часоў СССР, савецкі дысідэнт з беларускімі каранямі Міхаіл Кукабака. А таксама распавёў пра мэту Пуціна, пра слабасці праваабаронцаў і вяртанне СССР.
Ураджэнец Бабруйска Міхаіл Кукабака быў апошнім палітычным вязнем, які пакінуў савецкі папраўчы лагер «Перм-36». У 1968 годзе ён адкрыта выступіў з асуджэннем савецкай акупацыі Чэхаславакіі, і потым чатыры разы яго арыштоўвалі па палітычных матывах.
Міхаіл Кукабака правёў у месцах пазбаўлення волі агулам 17 гадоў. Палітвязень не прызнаваў віны і адмаўляўся пісаць прашэнне аб памілаванні, таму быў вызвалены толькі 2 снежня 1988 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
У 1991 годзе пасля рэабілітацыі Вярхоўным Судом БССР, ён з'ехаў у Маскву, дзе жыве і цяпер. Сваімі ацэнкамі цяперашніх падзей ён падзяліўся з нямецкім радыё, прызнаным у Беларусі непажаданым.
— Міхаіл Ігнатавіч, што вы думаеце пра вайну Расіі супраць Украіны і ролю ў ёй Беларусі?
— У Пуціна маніякальная ідэя «рускага свету», ён хоча любымі сродкамі аднавіць былы СССР з пяцімільённай арміяй і незлічоным узбраеннем. Яго мэта — дыктаваць свае капрызы астатняму свету. Вось дзеля гэтай маніі велічы ён пачаў разбурэнне Украіны.
Лукашэнка дапамагае Пуціну весці вайну тэхнічнымі рэсурсамі і лагістыкай, але, маючы досвед выступу народа пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе, ён не наважваецца наўпрост пасылаць войска. Як дыктатар з крывёю на руках, ён разумее, што яго чакае суд у выпадку страты ўлады. З іншага боку, здача Беларусі і пераезд на дачу ў Падмаскоўе пад абарону Пуціна яго не задавальняе.
— Калі казаць пра тое, што адбываецца ўнутры Расіі і Беларусі, што адчувае савецкі дысідэнт, які жыве сёння, напрыклад, у Маскве?
— Я лічу, што і ў Расію, і ў Беларусь вярнуўся фашызм. І ў Маскву ён вярнуўся пасля разгону парламента ў кастрычніку 1993 года. А ў Мінску падобную акцыю з адносна меншымі ахвярамі Лукашэнка правёў у 1996 годзе. Абодва рэжымы абапіраюцца на спецслужбы і войска. Усе астатнія «органы ўлады» — чыстая імітацыя нібыта прававой сістэмы. Ад былой Перабудовы пакуль яшчэ засталася свабода выезду, чаго не было з часоў Сталіна да прыходу да ўлады Міхаіла Гарбачова.
Што тычыцца дысідэнтаў перыяду да 1989 года, гэта значыць савецкага часу, то ўсе яны на сёння ў глыбокім пенсійным узросце. Хтосьці памёр, іншыя выехалі за кардон і не вярнуліся, і толькі адзінкі, як я, засталіся. Мне ўжо без малога 86 гадоў, ёсць праблемы са здароўем, хоць знешне гэта і не вельмі заўважна. Напрыклад, з вясны 2017 года я ўжо не ўдзельнічаю ў вулічных акцыях.
— Калі мы з вамі рабілі інтэрв'ю 10 гадоў таму, у Маскве праходзілі мітынгі, і хіпстары называлі Валерыю Навадворскую «дэмшызой» за тое, што яна прадказвала вайну Расіі супраць Украіны. Як вы лічыце, яна была пачутая? Наогул, савецкія дысідэнты выканалі сваю місію?
— Уплыў дысідэнтаў на палітыку краіны з фашыстам на чале — гэта ілюзія. Максімум на што былі здольныя дысідэнты мінулага — Асветніцтва. Была наіўная вера, і я сам не пазбег яе, што калі народ будзе валодаць інфармацыяй, калі растлумачыць яму, што па чым, то гэта падштурхне яго на грамадзянскі супраціў. Мы ўсе, у тым ліку Навадворская, памыляліся.
Вопыт фашысцкіх рэжымаў — не толькі ў Расіі, але і ў Камбоджы, на Кубе, у Паўночнай Карэі і іншых краінах, — паказвае, што яны не схільныя падпадаць пад уплыў апазіцыі. Яе проста няма, яна ў зямлі альбо па турмах і лагерах. Хто возьмецца падлічыць, колькі людзей забіў Пуцін за 22 гады? А нават прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, нагадаю, вымушаны быў публічна назваць яго «забойцам».
І цяпер у Маскве былі на пажыццёвы тэрмін асуджаныя два выбітныя, на мой погляд, палітыкі і публіцысты — Аляксей Навальны і Ілья Яшын (у гэты момант знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА. — Рэд.). І не думайце, што я абмовіўся пра пажыццёвы тэрмін — я добра памятаю, як мяне судзілі тры разы запар, не выпускаючы на волю. Гэта пажыццёвае зняволенне.
— У снежні 2021 года ў Маскве быў закрыты Праваабарончы цэнтр "Мемарыял". Як вы ўспрынялі гэтую падзею?
— Што тычыцца праваабароны, то яна магчымая толькі ў дэмакратычнай дзяржаве. «Мемарыял» і іншыя арганізацыі, названыя праваабарончымі, нікога не здольныя абараніць пры цяперашнім рэжыме. Яны займаюцца толькі статыстыкай, зборам і публікацыяй розных парушэнняў правоў.
Для рэальнай абароны патрэбна юстыцыя. Але ў Расіі і Беларусі няма судоў, няма пракуратуры, няма следства. Усё падпарадкавана капрызам аднаго чалавека. Але нават любы збор інфармацыі, статыстыка аб парушэннях правоў — ужо небяспечныя для ўлады. Уся гэтая дзейнасць перашкаджае Пуціну перапісваць гісторыю, падганяць яе пад свае фантазіі. Таму і закрылі «Мемарыял».
З гэтай жа прычыны я так і не атрымаў допуску да сваёй засакрэчанай справы за 1970 год — тады шэсць гадоў правёў у калоніі і спецпсіхбальніцы турэмнага тыпу за антысавецкую дзейнасць. Я 11 гадоў змагаўся за права хаця б азнаёміцца з яго матэрыяламі, але беспаспяхова.
— У 70-е гады, калі вы знаходзіліся ў зняволенні, вытрымкі з нарысаў гучалі на хвалях радыё «Нямецкая хваля» (цяпер «Deutsche W*lle»). З 1 ліпеня 2022 года вяшчанне радыё на Расію і Беларусь зноў аднавілася на сярэдніх хвалях. Для вас гэта знак?
— На жаль, мы зноў вярнуліся ў СССР часоў «застою». Раней глушылі радыёканалы, а сёння глушаць і інтэрнэт, усюды ўведзеная цэнзура. Адзінае, што яшчэ застаецца ад часу Гарбачова, гэта, паўтаруся, свабода выезду. Не засталося больш нічога. І перад кожным стаіць асабліва асабістае пытанне — або жыць у такой дзяржаве, або з'язджаць.
Пераклад НЧ