Дарадца кіраўніка МУС Украіны: Лукашэнка падмануў Пуціна, у Беларусі рыхтуюць пераварот
Лукашэнка абяцаў Пуціну пайсці вайной супраць Украіны 21 сакавіка, але падмануў калегу, напісаў у сваім Telegram-канале дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка.
«Лукашэнка на сустрэчы ў Крамлі даваў фашысцкаму дыктатару РФ абяцанне наступаць на Украіну не пазней за 21 сакавіка. Менавіта таму на днях з Кіева былі цалкам эвакуяваныя рэшткі дыпмісіі Беларусі», — піша Герашчанка.
Паводле яго інфармацыі, беларуская армія павінна была пачаць ваенную інтэрвенцыю на тэрыторыю Украіны праз Валынь і пайсці масіраваным паходам на Львоў. Мэта — ліквідаваць шляхі паставак зброі Украіне ад Злучаных Штатаў, краін Еўрасаюза і Вялікабрытаніі.
«Асабліва гэта стала важным для Пуціна пасля ўхвалення Кангрэсам ЗША пакета дапамогі на 13,6 мільярдаў долараў, які ўключае ў сябе ў тым ліку 9000 процітанкавых комплексаў “Javelin”, што больш, чым колькасць усіх танкаў, САУ і бронемашын у арміі ўварвання РФ», — растлумачыў Герашчанка.
Зрэшты, Лукашэнка перадумаў нападаць на Украіну. Пуцін жудасна раззлаваўся, і цяпер у Крамлі вывучаюць варыянт адхілення кіраўніка Беларусі ад улады шляхам ваеннага перавароту.
«У асяроддзі Пуціна прапрацоўваецца варыянт гвалтоўнага адхілення Лукашэнкі ад улады шляхам перавароту, які плануецца арганізаваць спецслужбамі РФ разам з іх агентамі ў КДБ і Узброеных Сілах Беларусі», — сцвярджае дарадца кіраўніка МУС Украіны.
«У інтарэсах Украіны, каб такі пераварот не адбыўся, а Лукашэнка і далей працягваў цягнуць гуму і не ўрываўся ва Украіну. Лукашэнка ўжо ведае пра планы Пуціна і можа пачаць “чыстку” свайго атачэння ад агентаў Пуціна», — лічыць Герашчанка.