894-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: у выніку ўдару па расійскай авіябазе знішчаны бамбавік; Украіна атрымала ад Захаду F-16

Працягваюцца абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і вёсак, ёсць ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Украіна ў адказ спрабуе паражаць інфраструктуру ў Расіі — на авіябазе «Марозаўск» знішчаны і пашкоджаны некалькі самалётаў, адбыўся выбух у Валгаградзе.

Ілюстрацыйнае фота: theguardian.com

Ілюстрацыйнае фота: theguardian.com

***

Аналітыкі «Deep State» абнавілі мапу ўначы 5 жніўня, адзначыўшы, што сілы абароны Украіны адышлі з урочышча Ступкі Галубоўскія-2 Бахмуцкага раёна Данецкай вобласці.

У каментары да абноўленай мапы яны адзначылі, што вораг прасунуўся ў Паўночным, Жалезным, Сяргееўцы, Іванаўцы, каля Лісічнага і Жаданага ў Данецкай вобласці.

***

На думку экспертаў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), для выкарыстання F-16, якія прыбылі ва Украіну, сілам абароны неабходна накіроўваць намаганні на паражэнне варожай СПА ў расійскім тыле і на акупаваных украінскіх тэрыторыях з дапамогай заходняй дальнабойнай зброі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў 4 жніўня прыбыццё самалётаў F-16 ва Украіну. Ён асабліва падзякаваў Даніі, Нідэрландам і ЗША за супрацоўніцтва.

«ISW працягвае ацэньваць, што Украіне спатрэбіцца значная колькасць самалётаў F-16, каб разгарнуць іх у маштабах, неабходных для паспяховай інтэграцыі знішчальнікаў у больш шырокую сістэму супрацьпаветранай абароны.

Украіне таксама неабходна будзе працягваць намаганні, накіраваныя на паражэнне расійскіх сродкаў супрацьпаветранай абароны ў расійскім тыле і на акупаванай тэрыторыі Украіны з дапамогай нададзенай захадам зброі далёкага радыусу дзеяння, каб мець магчымасць выкарыстоўваць самалёты F-16».

Аналітыкі паказваюць на тое, што расійскія «ваенныя блогеры» адрэагавалі на прыбыццё F-16, спрабуючы зменшыць іх патэнцыйныя наступствы на поле бою — наўпрост падрываючы расійскія інфармацыйныя аперацыі, накіраваныя на тое, каб прадставіць пастаўкі F-16 і іншых заходніх сістэм узбраенняў як «чырвоную лінію», якую нельга перасякаць.

Некалькі такіх блогераў заявілі, што заходнія і ўкраінскія СМІ «раздзімаюць» прыбыццё F-16, каб адцягнуць увагу ад няўдач на полі бою, і многія расійскія блогеры адразу перайшлі да абмеркавання таго, як расійскія войскі пачнуць нацэльвацца на самалёты і знішчаць іх.

Каментатары і афіцыйныя асобы ў расійскай інфармацыйнай прасторы часта заяўлялі, што пастаўкі заходніх узбраенняў ва Украіну з'яўляюцца «чырвонай лініяй», перасячэнне якой прымусіць Расію звярнуцца да эскалацыі ў адказ.

Аднак, адзначаюць спецыялісты, Расія неаднаразова даказвала, што спасылкі на нібыта «чырвоныя лініі» з'яўляюцца рэфлекторнай тэхнікай кіравання, закліканай прымусіць Захад самаўхіліцца ад прадастаўлення Украіне дадатковай ваеннай дапамогі.

З пачатку вайны заходнія і ўкраінскія палітыкі неаднаразова перасякалі самастойна вызначаныя Расіяй «чырвоныя лініі», не выклікаючы значнай рэакцыі з боку федэрацыі, што, мяркуючы з каментароў расійскіх «ваенных блогераў», адбудзецца і ў выпадку з адказам РФ на пастаўкі самалётаў F-16.

***

На працягу мінулага дня расійцы здзейснілі 13 абстрэлаў памежжа Сумскай вобласці, на адну з грамад скінулі 20 мін, паведамляе ваенная адміністрацыя Сумскай вобласці.

«Зафіксавана 39 выбухаў. Абстрэлам падвергліся Хоцінская, Юнакоўская, Белапольская, Краснапольская, Вялікапісараўская, Эсманьская, Дружбаўская грамады.

Эсманская грамада: 20 мін скінулі расійцы на тэрыторыю грамады».

***

Расійскія вайскоўцы ўвечары 4 жніўня і ўначы 5 жніўня атакавалі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, у выніку чаго два чалавекі атрымалі раненні, пашкоджаныя жылыя дамы, прыватнае прадпрыемства, ЛЭП, гаражы і аўто, напісаў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак у Telegram.

«Больш за ўсё дасталася Пакроўскай грамадзе. Там пацярпелі два чалавекі. 26-гадовы мужчына і 70-гадовая жанчына. Апраўляцца яны будуць дома. Пашкоджаны кафетэрый, гандлёвы павільён, аўтамат па продажы вады.

Пашкоджаны 8 прыватных дамоў, 6 гаспадарчых пабудоў, гаражы і аўто. А яшчэ — сонечныя панэлі, лініі электраперадач і газаправод».

У Нікапалі расійцы пашкодзілі прыватнае прадпрыемства.

Лысак удакладніў, што захопнікі атакавалі раён дронам-камікадзэ і артылерыяй.

Таксама ад варожых удараў пацярпелі Краснагрыгор'еўская, Марганецкая і Міраўская грамады, але абышлося без ахвяр.

***

Расія працягвае несці страты ў захопніцкай вайне супраць Украіны — толькі за мінулыя суткі сілы абароны Украіны абясшкодзілі 1 180 акупантаў, спалілі 69 артылерыйскіх сістэм і 31 ББМ, паведаміў Генштаб УСУ ў Facebook

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 05.08.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 584 090 (+1 180) чалавек;
  • танкаў — 8 417 (+6) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 16 286 (+31) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 16 345 (+69) адз.;
  • РСЗА — 1 138 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 910 (+0) адз.;
  • самалётаў — 365 (+0) адз.;
  • верталётаў — 326 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 13 122 (+24) адз.;
  • крылатых ракет — 2 414 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 22 094 (+68) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 2 737 (+3) адз.

Генштаб удакладніў, што ў сувязі з пастаянным паступленнем удакладненых выведвальных даных паўстала неабходнасць карэкціроўкі некаторых пазіцый агульных страт акупантаў. Гаворка ідзе пра сродкі СПА, самалёты, БпЛА АТУ, крылатыя ракеты, аўтамабільную тэхніку і спецыяльную тэхніку.

«Агульная лічба скарэктавана, а страты за суткі падаюцца ў звычайным рэжыме», — падсумавалі ў Генштабе УСУ.

***

У ноч на 5 жніўня расійскія войскі атакавалі Украіну 24-ма ўдарнымі БпЛА тыпу «Shahed», супрацьпаветраная абарона ўсе іх знішчыла.

«У ноч на 5 жніўня 2024 года расійскія акупанты атакавалі ўдарнымі БПЛА тыпу "Shahed" з раёнаў Прыморска-Ахтарск, Курск — РФ. Радыётэхнічнымі войскамі Паветраных сіл выяўлена і суправоджана 24 ударныя дроны».

Паведамляецца, што ў выніку супрацьпаветранага бою ўсе варожыя БпЛА збітыя мабільнымі агнявымі групамі сіл абароны, зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі і сродкамі РЭБ Паветраных сіл.

«Шахіды» былі збітыя ў Кіеўскай, Вінніцкай, Кіраваградскай, Харкаўскай, Сумскай, Палтаўскай і Днепрапятроўскай абласцях. У прыватнасці, над Вінніцкай вобласцю было збіта 4 «Шахіды», а над Днепрапятроўскай — 2.

***

У выніку расійскіх абстрэлаў Данецкай вобласці 4 жніўня загінуў адзін чалавек у Градаўцы, яшчэ трое ў вобласці атрымалі раненні.

Паводле звестак праваахоўнікаў, акупанты ўдарылі па Градаўцы авіябомбай «ФАБ-250». Горад Украінск армія РФ атакавала з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Смерч» і артылерыі — там раненні атрымаў грамадзянскі чалавек. Таксама захопнікі пашкодзілі 6 дамоў, адміністрацыйны будынак і нежылое памяшканне.

Акрамя таго, расійскія войскі папалі БпЛА па пагрузчыку ў вёсцы Вясёлае, у выніку чаго пацярпеў адзін чалавек. Адзначаецца, што агульная колькасць ахвяр расійцаў у Данецкай вобласці пададзеная без уліку Марыупаля і Валнавахі.

***

Адзін чалавек атрымаў раненні ў выніку расійскіх абстрэлаў Херсона раніцай 5 жніўня, паведаміў Херсонскай ГВА Раман Мрочка ў Telegram.

«У выніку ранішняга абстрэлу акупантамі Дняпроўскага раёна атрымаў траўмы мужчына 62 гадоў. У яго выбухная і закрытая чэрапна-мазгавая траўма, кантузія і ўдар пляча».

Паводле слоў кіраўніка ГВА, на момант атакі расійцаў мужчына быў на дварэ.

Параненаму аказалі неабходную медыцынскую дапамогу на месцы.

***

У выніку ўдараў па расійскім аэрадроме «Марозаўск» 3 жніўня ўкраінскай выведцы ўдалося знішчыць варожы знішчальнік-бамбавік Су-34 і склад боепрыпасаў, яшчэ два самалёты імаверна пашкоджаныя абломкамі, заявілі ў Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны Украіны.

«Звесткі касмічнай выведкі сведчаць: у выніку агнявога паражэння вайсковага аэрадрома дзяржавы-агрэсара Расіі "Марозаўск" у Растоўскай вобласці 3 жніўня знішчаны знішчальнік-бамбавік Су-34.

Яшчэ два расійскія самалёты такога ж тыпу, імаверна, пашкоджаныя абломкамі — побач з бартамі зафіксаваныя варонкі ад выбухаў».

Таксама паведамляецца, што цалкам знішчылі варожы склад авіяцыйнага ўзбраення. ГУР акцэнтуе ўвагу, што ад другаснай дэтанацыі расійскіх боепрыпасаў на тэрыторыі аэрадрома і вакол яго бачныя вялікія плошчы выпаленай зямлі.

Акрамя таго, атрымалі «выразна бачныя з космасу пашкоджанні» чатыры тэхнічныя будынкі і два ангары на авіябазе «Марозаўск».

***

Жыхары расійскага Валгаграда чулі ўначы выбух, пасля чаго на электрападстанцыі ўзнік пажар. Паведамляецца, што гарэла падстанцыя «Савецкая».

Варашылаўскі раён горада застаўся без электрычнасці: знікла святло ў дамах, адключыліся святлафоры і вулічныя ліхтары.

Адзначаецца, што прычыны выбуху невядомыя.

***

Каля 800 тысяч украінскіх мужчын, якія падлягаюць мабілізацыі, пазбягаюць прызыву. Яны сышлі ў падполле, змяніўшы фактычны адрас пражывання і ўладкаваўшыся на працу з «чорным» заробкам. Пра гэта ў нядзелю, 4 жніўня, заявіў кіраўнік Камітэта па пытаннях эканамічнага развіцця пры Вярхоўнай радзе Украіны Дзмітрый Наталуха ў гутарцы з выданнем «The Financial Times».

Паводле слоў дэпутата, пераход такой колькасці мужчын на нелегальнае становішча правакуе супрацоўнікаў ТЦМК «дабіраць» ва ўкраінскую армію людзей, якія працуюць афіцыйна. А гэта, у сваю чаргу, пагражае Украіне сур'ёзным эканамічным крызісам, мяркуе Наталуха.

«Усё больш і больш прадпрыемстваў будуць закрывацца проста таму, што ў іх недастаткова рэсурсаў для працягу працы, што ў рэшце рэшт выкліча ў эканоміцы эфект даміно». Паводле слоў Наталухі, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ украінскія кампаніі ўжо страцілі ў сярэднім 10-20% супрацоўнікаў праз ваенны прызыў або эміграцыю.

У чэрвені ў Вярхоўную раду быў унесены законапраект аб «эканамічнай броні» ад мабілізацыі. Згодна з дакументам, кампанія можа плаціць павышаны ваенны збор памерам 20 тысяч грыўняў (447 еўра) на месяц за канкрэтнага работніка і тым самым вызваляць яго ад прызыву.

Калі гэты законапраект будзе прыняты, ад ваеннай службы будуць вызваленыя амаль 900 тысяч чалавек, а на патрэбы арміі ўдасца сабраць каля 20 млрд. грыўняў (больш за 447 млн. еўра), гаворыць Наталуха. «Гэта грошы, якія не залежаць ад таго, у якім настроі прачнецца Віктар Орбан або хто стане наступным прэзідэнтам ЗША», — сказаў дэпутат, маючы на ўвазе неаднаразовыя блакіроўкі еўрапейскай дапамогі Украіне з боку прэм'ер-міністра Венгрыі, а таксама абяцанні Дональда Трампа «за суткі спыніць вайну ва Украіне».