Уладзімір Пастухоў: Рабы на галерах удзельнічаюць у вайне на баку ўладальніка галеры
Людзі пастаўленыя перад вельмі складаным, калі не сказаць жорсткім выбарам: альбо стаць добраахвотным ізгоем у расійскім грамадстве, альбо прыняць на сябе долю калектыўнай адказнасці.
Расійскі гісторык і доктар юрыдычных навук Уладзімір Пастухоў — пра патэрн калектыўнай адказнасці рускіх (вядома, не ў этнічным, а ў культурным сэнсе) за ваенныя злачынствы пуцінскага рэжыму.
Вайна звалілася на рускае грамадства як град пасярод лета. Была частка эліты, якая развязала гэтую вайну, былі больш-менш вызначаныя яе фінансавыя і палітычныя бенефіцыяры, былі, вядома, і тыя «простыя» грамадзяне, якія беглі наперадзе бронецягніка з радаснымі крыкамі, падтрымліваючы і вітаючы крывавую справу свайго ўрада. Але значная частка, я б нават сказаў – пераважная частка насельніцтва — знаходзіліся ў статусе тых, хто спрабуе вызначацыцца: ім яшчэ трэба было выпрацаваць сваё стаўленне да таго, што адбываецца. І тым больш яны не былі практычна ўцягнутыя ў вайну, не ўдзельнічалі ў раскрутцы яе страшнага махавіка.
За паўтара года вельмі многае памянялася, і самае галоўнае – вайна паглынула рускае грамадства цалкам, практычна без астатку. Вельмі невялікая частка здолела ад яе дыстанцыявацца альбо праз эміграцыю, альбо рашылася пайсці журботным і цярністым шляхам дысідэнцтва.
Што тычыцца астатніх, то яны падзяліліся на дзве групы: на тых, хто прыняў вайну як новую рэальнасць і падтрымаў яе, і на тых, хто хоць і не прыняў вайну ўнутрана, але навучыўся з ёй суіснаваць. У мяне няма ні найменшага ўяўлення пра тое, як суадносяцца ўнутры сябе гэтыя дзве групы, але разам яны, на мой погляд, уяўляюць устойлівую большасць расійскага грамадства.
І справа зусім не толькі і не столькі ў стаўленні да вайны. Трагедыя палягае ў тым, што людзі, якія ставяцца да вайны адмоўна і, можа быць, нават жадаюць яе спынення, прычым на ўмовах адмовы ад агрэсіі і дэакупацыі тэрыторый, аказваюцца практычна ў гэтую вайну ўцягнутыя — і нават маюць з яе пэўную выгаду.
Дзясяткі мільёнаў людзей працуюць на абаронку прама ці ўскосна, атрымліваючы прыбытак ад імкліва растучых ваенных заказаў. Мільёны ўцягнутыя ў прапаганду вайны ў школе і ў медыя. Лекары, якія давалі клятву Гіпакрата, лечаць параненых і вяртаюць іх у строй. Нарэшце, бізнэс, што б ён ні вырабляў, плаціць падаткі, на якія закупляюцца тыя самыя гарматы. А яшчэ вырабляе метал, дызель, марлю, антыбіётыкі, мяса, хлеб і гэтак далей. І ўсё гэта корміць вайну.
За паўтара года паўстала вайна як татальная сістэма, усярэдзіне якой склалася ўсеагульная кругавая парука, пры якой кожны аб'ектыўна аказваецца саўдзельнікам вайны незалежна ад яго асабістага стаўлення да яе.
Узнікае сітуацыя, пры якой выйсці з гэтай сістэмы кругавой парукі немагчыма, не пакідаючы грамадства, гэта значыць — не становячыся ізгоем.
Людзі пастаўленыя перад вельмі складаным, калі не сказаць жорсткім выбарам: альбо стаць добраахвотным ізгоем, альбо прыняць на сябе долю калектыўнай адказнасці.
Гэта вельмі па-руску – распавядаць усім на рускай мове пра тое, які ты нярускі чалавек
1 . Вайна, якая працягваецца досыць доўга, робіць закладнікамі ўсіх чальцоў грамадства — і ператварае ўсіх і кожнага, супраць іх волі і нягледзячы на іх асабістае стаўленне да таго, што адбываецца, у саўдзельнікаў.
Прасцей за ўсё гэта можна выказаць кароткім адэскім анекдотам: «Рабіновіч, перастаньце хадзіць з кута ў кут, няўжо вы думаеце, што, калі вы ходзіце, то вы не сядзіце?».
Калі вы асабіста выступаеце супраць вайны, то вы ўсё роўна сядзіце ў гэтай лодцы, хай вас і ванітуе. Рабы на галерах удзельнічаюць у вайне на баку ўладальніка галеры, хай і ў якасці закладнікаў.
2. Я сяджу ў гэтай лодцы з вамі. Я сябе не аддзяляю і не абяляю, таму што я рускі. А рускі я таму, што размаўляю па-руску, і таму, што ўвесь свет маіх культурных асацыяцый створаны рускай гісторыяй і рускай літаратурай у першую чаргу — і мне з гэтага нікуды не выскачыць. Ды я і не ведаю нікога, хто на самай бы справе выскачыў, нават калі ён і паўтарае з раніцы да вечара пра тое, што парваў з рускасцю.
Гэта вельмі па-руску – распавядаць усім на рускай мове пра тое, які ты нярускі чалавек і як жудасна быць рускім.
Як напісаў аднойчы адзін несімпатычны белетрыст, якому мы збольшага абавязаныя гэтай сітуацыяй – нельга быць чальцом грамадства і быць свабодным ад грамадства, хіба што паляцець на Месяц. У наш касмічны век дадам — і Месяц не з'яўляецца вырашэннем праблемы.
3. Як следства, я не выступаю з пазіцый пракурора, а, хутчэй, паводле прафесійнай прыналежнасці з'яўляюся адвакатам.
На мой погляд, трагізм таго, што здарылася, менавіта ў тым і палягае, што мы ўсе як прадстаўнікі рускай культуры (а не кожны сам па сабе) апынуліся замазаныя брудам і апырсканыя крывёю гэтай вайны. Няма на самай справе ніякіх «белых паліто», ёсць адна на ўсіх катастрофа, адна бяда, адна праблема, у якой няма ніякага — ні добрага, ні дрэннага — рашэння. І з гэтым давядзецца жыць. Мы цяпер усе рэмаркаўскія цені, хто ў раі, а хто і ў пекле.
Усё напісанае вышэй рэлевантна толькі ў тым выпадку, калі захоўваецца ўнутраная сувязь паміж уласным «я» і той культурай, часткай якой гэта «я» было ад нараджэння. Калі гэтая сувязь страчаная, то, вядома, і адказнасці ніякай няма.